Фота: АР

Фота: АР

Аэрапорт Кабула, які год таму быў запоўнены натоўпамі людзей, якія адчайна спрабавалі паляцець з краіны, зараз выглядае даволі ціха і спакойна. Тых, хто прыязджае, сустракаюць апранутыя ў чорныя буркі жанчыны, якія прастаўляюць штампы ў пашпарты.

Рэкламныя шчыты з фатаграфіямі людзей зафарбаваны, а на ветры лунаюць белыя сцягі «Талібана» (рух, прызнаны тэрарыстычным і забаронены ў шматлікіх краінах свету).

З 1996 па 2001 год талібы ўжо кіравалі большай часткай Афганістана. Тады ў краіне былі ўсталяваныя жорсткія законы: за крадзеж каралі адсяканнем рукі ці нагі, дзяўчынкам забаранялі вучыцца ў школе, а жанчынам — працаваць. Хадзіць у «нетрадыцыйнай» вопратцы (напрыклад, у джынсах) не дазвалялася. Прыйшоўшы да ўлады на гэты раз, «Талібан» абяцаў захаваць «ісламскія каштоўнасці», але праявіць больш мяккі і гнуткі падыход да шэрагу пытанняў. Ці стрымалі яны сваё слова?

Голад і эканоміка, якая рухнула

  Фота: АР

Фота: АР

Самая вялікая праблема для Афганістана зараз — гэта голад. Да прыходу талібаў да ўлады прыкладна 75 працэнтаў дзяржаўных расходаў прыпадала на замежныя гранты і гуманітарную дапамогу. Цяпер большая частка гэтых праграм закрыта, а рэзервы Цэнтральнага банка Афганістана, якія, у асноўным, знаходзіліся ў ЗША, замарожаныя. Гэта прывяло да амаль поўнага краху афганскай эканомікі і банкаўскай сістэмы.

«Талібан» патрабуе вярнуць заблакаваныя сродкі, але ў Вашынгтоне згодны зрабіць гэта, толькі калі лідары талібаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі, сыдуць у адстаўку з пасад у кіраўніцтве Цэнтрабанка.

Пакуль бакі вядуць перамовы, у Афганістане працягваюцца рост беспрацоўя і ўзлёт коштаў на найважнейшыя тавары. Паводле ацэнкі ААН, прыкладна 25 мільёнаў афганцаў — гэта значыць больш за палову насельніцтва краіны — цяпер жывуць у галечы.

«Мая маці хворая, ёй патрэбна аперацыя, але мы не можам дазволіць сабе ні візіт да лекара, ні лекі, — кажа маладая афганская дзяўчына па імі Аміна. — Калі мы купім таблеткі, то ўся сямʼя застанецца без ежы. Я не ведаю, як абраць паміж здароўем мамы і здароўем маіх дзяцей. Мы ў роспачы».

Дзясяткі тысяч афганскіх дзяцей штомесяц паступаюць у бальніцы з-за вострага недаядання. А ў аддаленых раёнах краіны дзеці проста паміраюць з голаду. Некаторыя афганскія семʼі прадаюць сваіх нованароджаных дзяцей, каб пракарміць астатніх.

У чэрвені на паўднёвым усходзе Афганістана адбыўся землятрус магнітудай 5,9 бала. Загінулі сама меней 1150 чалавек. Пошукава-выратавальная аперацыя абцяжарвалася вострым недахопам грошай і рэсурсаў на яе правядзенне.

«Незалежна ад статусу талібаў або даверу да іх з боку ўладаў іншых краін, міжнародныя эканамічныя абмежаванні працягваюць наносіць шкоду афганскаму народу і прыводзяць да катастрофы ў краіне», — адзначае прадстаўнік Human Rights Watch Джон Сіфтон.

«Мы ўсё ідзем у цемру і няшчасце, — кажа Амена Арэза, доктар з паўднёва-ўсходняй правінцыі Газні. — У людзей няма будучыні».

Пасля прыходу талібаў да ўлады афганская эканоміка скарацілася прыкладна на 30-40%. У краіне хутка скарачаецца рынак працы.

«У гэтым годзе з-за засухі пшаніцы нашмат менш», — кажа 18-гадовы Нур Махамад, які ўручную прыбірае пшаніцу за эквівалент двух даляраў у дзень. — Але гэта адзіная праца, якую я змог знайсці. Я вывучаў электратэхніку, але мне прыйшлося кінуць вучобу, каб пракарміць сямʼю».

«Я прадаў свой матацыкл, каб паехаць у Іран, але не змог знайсці працу», — распавядае іншы рабочы, Ахмад.

Сезонная праца ў суседнім Іране раней была падмогай для жыхароў найбяднейшых правінцый Афганістана. Але зараз працы няма і ў Іране.

«Мы вітаем нашых братоў-талібаў, — кажа Нур. — Але нам патрэбны ўрад, які дасць нам магчымасць зарабіць. Бітва з беднасцю і голадам — гэта таксама важная задача, і яна важней, чым перастрэлкі».

Баявыя дзеянні і бяспека

 Пасля таго, як талібы ўзялі пад кантроль усе правінцыі Афганістана, а заходнія краіны вывелі свае войскі, баявыя дзеянні на тэрыторыі краіны ў цэлым завяршыліся.

«У цэлым узровень гвалту ў Афганістане і колькасць загінулых ад баявых дзеянняў за апошні год істотна знізілася.

Па-першае, гэта звязана з тым, што раней талібы ваявалі супраць урада Афганістана, які падтрымліваецца сіламі ЗША і НАТА пры дапамозе тактыкі, якая ўключала ў сябе атакі смяротнікаў, выбухі аўтамабіляў, устаноўку самаробных выбуховых прыстасаванняў і засады. Усё гэта часта прыводзіла да ахвяр сярод мірнага насельніцтва. З іншага боку, урадавыя сілы вялі барацьбу супраць руху «Талібан», выкарыстоўваючы ў тым ліку ўдары з паветра. І ад гэтага таксама нярэдка пакутавалі звычайныя людзі. Цяпер гэта супрацьстаянне скончылася», — кажа прафесар Давуд Азамі, рэдактар радыёпраграм Афганскай службы Бі-бі-сі.

Многія людзі, якія раней жылі ўздоўж фактычнай лініі фронту, асабліва сельскае насельніцтва на поўдні і ўсходзе Афганістана — прывіталі леташнюю перамогу талібаў, паколькі яна азначала канец разбуральных баявых дзеянняў. У гэтых правінцыях пераважна жывуць пуштуны, якія падзяляюць ультра-кансерватыўныя погляды «Талібана».

Але людзі ўсё ж працягваюць гінуць. Па дадзеных ААН, са жніўня 2021 да канца чэрвеня 2022 года ў Афганістане загінула больш за 700 мірных жыхароў, а паранена больш за 1400.

Каля 50% гэтых смерцяў звязаныя з дзеяннямі афганскага адгалінавання групоўкі «Ісламская дзяржава». Часцей за ўсё экстрэмісты здзяйсняюць напады ў раёнах, дзе пражываюць мусульмане-шыіты ці іншыя меншасці.

«Баявікі «ІГ» цяпер сапраўды актыўныя ў Афганістане. Але гэтая групоўка нашмат слабейшая і меншая, чым сілы «Талібана», — адзначае Азамі.

Ачагі баявых дзеянняў перыядычна ўспыхваюць на поўначы Афганістана, дзе невялікія ўзброеныя групоўкі, звязаныя з ранейшымі ўладамі і сіламі Ахмада Масуда, уступаюць у сутыкненні з талібамі. Але гэтыя сутыкненні ў разы менш маштабныя, чым у мінулыя гады.

«Але важна памятаць, што цяпер у Афганістане працягваецца гвалт у іншай форме. Напрыклад, па ўсёй краіне ідуць затрыманні і катаванні крытыкаў руху «Талібан», — адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі ў Афганістане Секундэр Кермані.

У перыяд са жніўня 2021 года па чэрвень 2022 года было зарэгістравана не менш як 160 пазасудовых пакаранняў смерцю былых афганскіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў сілавых структур.

Паводле ацэнкі спецыялістаў ААН, абстаноўка ў Афганістане становіцца ўсё больш і больш непрадказальнай. Нават вулічная злачыннасць, якая практычна знікла ў першыя месяцы пасля прыходу талібаў да ўлады, зараз зноў пачынае расці. Лічыцца, што гэта можа быць часткова звязана са збядненнем мільёнаў людзей і пагрозай голаду.

Правы жанчын

  Фота: АР

Фота: АР

У мінулым годзе талібы абяцалі, што будуць паважаць правы жанчын «у адпаведнасці з афганскімі нормамі і ісламскімі каштоўнасцям». Але ў выніку для жанчын у краіне зноў былі ўведзены абмежаванні, і колькасць іх памнажаецца з кожным днём.

Неўзабаве пасля захопу ўлады ўрад талібаў, які складаецца выключна з мужчын, скасаваў міністэрства па справах жанчын і замяніў яго міністэрствам заганы і дабрадзейнасці, якому даручана забяспечваць захаванне ісламскага права ў яго ўльтра-кансерватыўнай трактоўцы.

Цяпер жанчынам забаронена хадзіць у грамадскія месцы ці выязджаць за межы свайго горада без апекуна-мужчыны. З мая гэтага года жанчынам было загадана насіць хіджаб і закрываць твар на публіцы. Невыкананне гэтага патрабавання можа прывесці да арышту і зняволення ў турму іх бацькі ці бліжэйшага сваяка мужчынскага полу.

«Я вучылася на лекара і павінна была выпускацца сёлета. Але прыйшлі талібы, мяне сілком выдалі замуж, і зараз муж забараняе мне нават выходзіць з хаты. Усё маё жыццё пайшло пад адхон. Я цяжарная, сямʼя мужа мае на мяне вялікія планы, яны жадаюць шмат спадчыннікаў. Але я сама жадаю толькі аднаго — каб усё гэта скончылася. Я мару збегчы, але гэта амаль нерэальна. Апошнім часам я пачынаю думаць аб тым, як бы памерці. Я не магу больш так жыць, гэта невыносна», — плача 24-гадовая Аіша. Яе бацькі раней падтрымлівала яе жаданне атрымаць адукацыю і працаваць, але пасля прыходу да ўлады талібаў бацька Аішы перастаў ёй дапамагаць. Калі яна аднойчы прыбегла ў дом бацькоў пасля збіцця ад мужа, бацька адправіў яе назад.

Год таму талібы абяцалі дазволіць дзяўчынкам працягваць адукацыю, але ў выніку толькі збольшага стрымалі сваё слова. Цяпер дзяўчынкам дазваляецца наведваць толькі пачатковую школу (тры-чатыры гады навучання). Пры гэтым школьная праграма была зменена, і зараз дзяўчынкі павінны значна больш увагі надаваць вывучэнню ісламу.

Па дадзеных ААН, магчымасці працягваць школьную адукацыю пазбавіліся 1,1 мільёна дзяўчынак. Кіраўнікі «Талібану» спасылаюцца на недахоп настаўнікаў-жанчын і неабходнасць арганізаваць асобныя навучальныя памяшканні для дзяўчынак, але гэтым тлумачэнням вераць не ўсе.

Афіцыйна жанчынам дазволена працаваць настаўнікамі пачатковых школ, але шмат каму з іх перасталі выплачваць зарплату, спасылаючыся на праблемы ў эканоміцы.

У лістападзе мінулага года міністэрства заганы і дабрадзейнасці забараніла тэлефільмы з удзелам акторак і загадала жанчынам-вядучым навін насіць «ісламскі хіджаб», не ўдакладніўшы, што менавіта гэта азначае.

За апошні год з-за ўведзеных талібамі абмежаванняў доля жанчын у Афганістане, якія працуюць, ўпала з 22% да 15%.

«Палітыка талібаў хутка ператварыла многіх жанчын і дзяўчынак у фактычных зняволеных у сваіх дамах, пазбавіўшы краіну аднаго з яе самых каштоўных рэсурсаў: навыкаў і талентаў жаночай паловы насельніцтва», — адзначае намеснік дырэктара Human Rights Watch па правах жанчын Хезер Бар.

  Фота: АР

Фота: АР

Опіум

Калі талібы былі ва ўладзе ў краіне два дзясяткі гадоў таму, яны з пераменным поспехам спрабавалі змагацца з вырошчваннем опійнага маку.

Гэтая палітыка працягваецца і сёння: у красавіку гэтага года талібы зноў забаранілі вырошчваць мак.

Наколькі яна паспяховая, меркаваць цяжка. Аднак паведамленні з некаторых раёнаў у правінцыі Гільменд, дзе вырошчваюць мак, дазваляюць меркаваць, што талібы сапраўды прымушаюць фермераў знішчаць макавыя палі.

 У афіцыйнай справаздачы ЗША ў ліпені адзначалася, што, хаця талібы рызыкуюць страціць падтрымку з боку фермераў і наркагандляроў, яны, падобна, не збіраюцца апускаць рукі.

Аднак доктар Дэвід Мэнсфілд, эксперт па наркаэканоміцы Афганістана, адзначае, што да моманту ўвядзення забароны асноўны ўраджай опіумнага маку ўжо быў сабраны.

Фота: АР

Фота: АР

«Другі [гадавы] ураджай на паўднёвым захадзе Афганістана, як правіла, невялікі […] таму яго знішчэнне […] не акажа істотнага ўплыву», — кажа Мэнсфілд.

Таксама варта адзначыць, што расце вытворчасць і іншых наркотыкаў, такіх як крышталічны метамфетамін.

Сродкі масавай інфармацыі, свабода слова і правы меншасцяў

Імкнучыся здушыць іншадумства, талібы ўвялі маштабныя абмежаванні свабоды слова. У верасні 2021 года міністэрства інфармацыі і культуры талібаў распаўсюдзіла новыя правілы працы для СМІ. Але яны былі вельмі расплывіста сфармуляваны.

Напрыклад, журналістам забаронена трансляваць або публікаваць матэрыялы, якія «супярэчаць ісламу» і «абражаюць нацыянальных дзеячаў». Іншае правіла абвяшчала, што «да пытанняў, якія не былі пацверджаны афіцыйнымі асобамі падчас трансляцыі або публікацыі, трэба ставіцца з асцярожнасцю». Што менавіта пад гэтым разумеецца, не ўдакладнялася. У выніку дзясяткі журналістаў былі арыштаваныя.

Па дадзеных Афганскай федэрацыі журналістаў, летась спынілі працу 218 сродкаў масавай інфармацыі з 544, а 7000 працаўнікоў СМІ страцілі працу.

Фота: АР

Фота: АР

«Замежныя журналісты, якія працуюць у Афганістане, знаходзяцца ў некалькі прывілеяваным становішчы — і талібы ставяцца да іх значна больш паблажліва, чым да афганскіх калег, якія падвяргаюцца значна большаму ціску. У выніку агульнага павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне мы сапраўды можам падарожнічаць значна больш, чым раней. Тым не менш, мы вызначана назіраем узмацненне жорсткасці пазіцыі талібаў у цэлым, у тым ліку ў адносінах да замежных СМІ», — адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі Секундэр Кермані.

З ціскам і пагрозамі сутыкнуліся і тыя, хто адважыўся выходзіць на вуліцы Афганістана з пратэстамі. У жніўні 2021 года афганскія жанчыны правялі ў некалькіх гарадах дэманстрацыі ў знак пратэсту супраць палітыкі, якая парушае правы жанчын. Талібы ў адказ збілі іх і адкрылі агонь з аўтаматаў, каб разагнаць натоўп.

Пасля «Талібан» забараніў акцыі пратэсту, якія не атрымалі папярэдняй ухвалы ў МУС, але некаторыя актывісты працягваюць праводзіць дэманстрацыі.

Вялізныя праблемы маюць і прадстаўнікі рэлігійных і этнічных меншасцяў. Так, летась у правінцыі Дайкундзі талібы забілі сама меней 13 хазарэйцаў, у тым ліку дзевяць былых урадавых салдат і 17-гадовую дзяўчыну. Гэта адбылося прыкладна праз два тыдні пасля прыходу «Талібану» да ўлады. Хазарэйцы — этнічная меншасць, якая вызнае шыіцкі іслам — гістарычна падвяргаліся дыскрымінацыі з боку пуштунаў, але за апошні год напады на іх абшчыны пачасціліся.

Сувязі з Аль-Каідай

Высокапастаўлены прадстаўнік талібаў у інтэрвʼю Бі-бі-сі адхіліў здагадку, што талібы маюць якія-небудзь сувязі з тэрарыстычнай арганізацыяй Аль-Каіда. Паводле яго слоў, у краіне няма баевікоў Аль-Каіды, бо яны даўно пакінулі Афганістан.

Ён сцвярджае, што талібы даведаліся аб прысутнасці лідара Аль-Каіды Аймана аль-Завахіры ў Афганістане толькі пасля таго, як ён быў забіты падчас аперацый ЗША ў Кабуле ў пачатку жніўня, і падкрэслівае, што ў талібаў «не было ніякіх адносін» з Завахіры.

«Афганская зямля яшчэ не выкарыстоўвалася супраць ЗША ці якой-небудзь іншай краіны. Тое, што Завахіры хаваўся тут, — гэта асобная гісторыя, але групоўку сюды не пускалі, — сказаў прадстаўнік талібаў. — Калі б тут была нейкая актыўнасць — мы б пра гэта ведалі».

Аднак Рада Бяспекі ААН не сумняваецца, што падчас перамоваў з ЗША ў 2020 годзе талібы рэгулярна кансультаваліся з «Аль-Каідай», запэўніваючы баевікоў, што будуць і надалей паважаць гістарычныя сувязі паміж дзвюма групоўкамі.

На думку адстаўнога аналітыка ЦРУ Гейла Хельта, у бліжэйшыя некалькі гадоў сітуацыя ў Афганістане можа выглядаць адносна спакойна, але ў выніку такое становішча спраў можа аказацца зманлівым.

«Праблема ў тым, ці не наступіць праз некалькі гадоў — скажам, праз пяць ці сем, — умоўны 2001 год, — разважае Хельт. — Я не думаю, што мы наогул калі-небудзь пры «Талібане» убачым мір у Афганістане. Усярэдзіне будзе супрацьдзеянне. І гэтая нестабільнасць дае магчымасць зʼявіцца групам, якія захочуць кінуць выклік талібам».

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
8