У 2011 годзе Павел разам з паплечнікам адкрыў «Арт Сядзібу» — арганізацыю, якая ладзіла лекцыі і забаўляльныя мерапрыемствы.

А праз тры гады — вядомую краму Symbal.by. Тое, што адзенне з нацыянальнымі матывамі стала модным, і яго заслуга — Symbal.by стаў мас-маркетам у свеце вышыванак і сувеніраў з «Пагоняй». Яго банеры віселі нават у метро.

Напярэдадні выбараў-2020 крама выпусціла мерч з надпісам «Псіхо3%» — і атрымала сотні замоваў. Настолькі гэты слоган быў папулярны ў народзе. Праз гэта ў крамы пачаліся праблемы. Аднак беларусы ў знак салідарнасці выкупалі ўсё, што было на складах. За апошні тыдзень працы крама прадала столькі, колькі звычайна за чатыры месяцы.

У 2020-м Павел запусціў таксама кампанію «Годна», каб прасоўваць нацыянальную ідэю. У яе рамках запісвалі анлайн-канцэрты, гістарычныя лекцыі, інтэлектуальна-забаўляльныя шоу па-беларуску.

У Паўла двое маленькіх дзяцей — Соня і Мірон. Ён расказваў, як стараецца іх выхоўваць у беларускай культуры. Вадзіў, напрыклад, дачку на канцэрт «Дзецюкоў», набываў ёй казкі па-беларуску.

«Выбачай, любая, але жанаты я на Беларусі», — казаў ён жонцы.

Ён застаўся ў Беларусі і быў затрыманы 15 лістапада 2021 года. Яму некалькі разоў давалі суткі, у выніку на свабоду ён так і не выйшаў. Спачатку супраць яго была заведзена справа па артыкуле 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у ім). Затым была заведзена справа за кіраўніцтва «экстрэмісцкім фармаваннем» (361-1).

Потым стала вядома пра яшчэ адну справу («здрада дзяржаве», арт. 356), па ёй Белавусу пагражае да 15 гадоў турмы.

За кратамі Павел знаходзіцца ўжо больш за 9 месяцаў.

Адрас для лістоў:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Павел Белавус

Што зрабіў для Беларусі Павел Белавус

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
9