19 жніўня Лукашэнка ездзіў да аграрыяў і падзяліўся сакрэтамі «поспехаў» беларускай сельскай гаспадаркі:

«Мы перажылі дзве пяцігодкі адраджэння вёскі. І калі першую пяцігодку мы планавалі ў той страшнай беднаце, я ўспамінаю двух чалавек.

Аляксандра Андрэевіча Папкова, ён быў тады, па-мойму, віцэ-прэм'ерам, і Пятра Пятровіча Пракаповіча, быў старшынёй Нацыянальнага банка.

Гэта людзі, якія былі адзін справа, адзін злева. Сфармавалі план пяцігадовы адраджэння вёскі.

Дакладна вызначылі крытэрыі — гэта не павінны быць прыватныя фермерскія гаспадаркі.

Фермерам быць, хай зараджаюцца, будзем іх падтрымліваць. Але нельга развальваць саўгасы, калгасы. Сёння мы разумеем, што тады мы не памыліліся, ствараючы ўзбуйненыя таварныя сельскагаспадарчыя вытворчасці. Пачыналі тады на ўсходзе з «Александрыйскага», і тут Пятро Пятровіч пачынаў. Гэтыя дзве гаспадаркі былі першыя пабудаваныя — яны невялікія, мы іх узбуйнялі паступова — і бачым, што яны даюць рады.

Пры той беднаце мы вырашылі вяртаць даўгі народу. А грошай не было. А дзе бралі?

Памятаеце тую дзікую інфляцыю і дэвальвацыю нашай валюты. Сёння я ўжо шчыра магу сказаць, што тады я даў распараджэнне старшыні Нацбанка Пятру Пятровічу Пракаповічу: дзе не хопіць — будзем друкаваць.

Нікому пра гэта нічога не кажучы, мы, вядома, грошы паддрукоўвалі. І аддавалі на аграрныя праекты», — заявіў палітык.

Лукашэнка ні слова не сказаў пра негатыўныя наступствы той дэвальвацыі для іншых галін беларускай эканомікі і катастрафічнае збядненне грамадзян, якія трымалі свае зберажэнні ў нацыянальнай валюце.

Следам за Лукашэнкам, хваліць дэвальвацыю пачалі і прапагандысты.

Вось што сказаў у эфіры АНТ Ігар Тур:

— Дэвальвацыю Пракаповіча я памятаю добра. (…) Умацаваўшы балючай дэвальвацыяй аграрны шкілет, мы атрымалі магчымасць развіваць далей арганізм беларускай эканомікі. Без той дэвальвацыі дзеля аграрнага сектара не было б сёння ў нас моцнай прамысловасці, хімічнага комплексу і нават моднай IT-сферы. Калі раптам мы страцім сельскую гаспадарку — рэч будзе не толькі ў ёй. Тады проста сціснецца ўся эканоміка. Таму што арганізм не можа жыць без шкілета.

Уставіў свае пяць капеек пра дэвальвацыю і Мікалай Шчокін з Акадэміі навук.

«Аляксандр Лукашэнка прыняў беспрэцэдэнтныя крокі па аднаўленні сельскай гаспадаркі, у тым ліку і шляхам дэвальвацыі. Варта адзначыць, эканамічная мадэль Беларусі ўжо тады паказала жыццяздольнасць. (…) Усе разумелі, што давядзецца сур'ёзна напружыцца, і грошай заўсёды не хапала. Але прэзідэнт быў непахісны», — сказаў ён.

«Сапраўды, Аляксандр Лукашэнка ўзяў на сябе поўную адказнасць і дазволіў правесці пэўную дэвальвацыю, разумеючы, якую нагрузку панясе краіна. Іншага выйсця не было. (…) І сапраўды, такія як Аляксандр Папкоў і Пятро Пракаповіч выступілі ў якасці матора ў рэалізацыі праграмы адраджэння і развіцця вёскі», — сказаў Шчокін.

Чытайце таксама: «Ведомости»: Расія рыхтуе рашэнне, якое прывядзе да значнай дэвальвацыі рубля

Клас
4
Панылы сорам
147
Ха-ха
15
Ого
5
Сумна
11
Абуральна
35