Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і канцлер Германіі Олаф Шольц падчас перамоў у Крамлі 15 лютага 2022 г. Фота: Kremlin Pool Photo / AP

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і канцлер Германіі Олаф Шольц падчас перамоў у Крамлі 15 лютага 2022 г. Фота: Kremlin Pool Photo / AP

Пра што гаворка

21 жніўня канцлер Германіі нечакана для нямецкага палітыка такога рангу вынес на публіку інсайд — змест гутаркі, якая ішла за закрытымі дзвярыма. Ён расказаў пра словы Пуціна, якія былі сказаныя падчас сустрэчы, што адбылася перад самай вайной.

Шольц тады намагаўся данесці да прэзідэнта Расіі, што НАТА не вораг Расіі і што Украіна не ўступіць у альянс «у найбліжэйшыя 30 гадоў».

Але, паводле Шольца, у Пуціна ідэі былі «цалкам абсурдныя», і той казаў, што незалежных Украіны і Беларусі быць не павінна.

Канцлер заявіў, што Пуцін быў гатовы правесці маркерам па карце Еўропы, а затым сказаць: «Гэта маё, а гэта ваша».

Шольц рэзюмаваў, што Пуцін пачаў вайну менавіта з намерам заваяваць суседнюю краіну. «Я думаю, што гэта было першапачатковай мэтай», — сказаў Шольц.

Як адрэагавалі дзяржаўныя СМІ

Гэтая навіна пра адкрытую пагрозу незалежнасці Беларусі стала адной з самых рэзанансных у недзяржаўных СМІ.

Дзяржаўныя ж рэсурсы цалкам праігнаравалі гэтыя скандальныя словы.

Дакладней, яны працытавалі толькі тое, што Украіна не пабачыць НАТА 30 гадоў. А тое, што мэтай Пуціна быў захоп краіны-суседкі і што такі ж лёс чакае Беларусь — праглынулі.

Затое дзяржаўныя СМІ распавялі беларусам, што рэйтынг Шольца падае, што немцы незадаволеныя ростам цэн на энергарэсурсы, што «Шольц засмяяўся на пратэсце супраць беднасці ў Берліне» і «распавёў грамадзянам ФРГ, як часта прымае душ». Дэпутат жа Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Клішэвіч «патлумачыў, чаму ў Нямеччыне няма незалежнасці».

БелТА ж у падмацаванне выгаднай прапагандзе ідэалістычнай карціны беларуска-расійскага партнёрства апублікавала даследаванне псеўдасацыялагічнай кампаніі EcooM пра тое, як беларусы ацэньваюць міждзяржаўныя адносіны гэтых дзвюх краін.

Беларусь як суцяшальны прыз для Расіі

Дзмітрый Страціеўскі, палітолаг, дырэктар Берлінскага цэнтра вывучэння Усходняй Еўропы, у інтэрв’ю Bild сказаў, што ў словах Шольца пра Украіну і НАТА няма нічога сенсацыйнага. Пытанне фарсіраванага ўступлення Украіны ў НАТА не стаяла на парадку дня, «старая Еўропа» блакавала ўступленне Украіны ў блок з 2008 года, з саміта ў Бухарэсце.

Але што тычыцца знешняга парадку дня, то расповеды Шольца — «гэта канчатковы разрыў з Пуціным» і «непрызнанне яго як паўнавартаснага перамоўшчыка», як кажуць у Германіі, «на адным узроўні вачэй», то-бок раўнапраўнага.

Калі палітык такога рангу апублічвае прыватныя гутаркі, «то гэта значыць, што ён, фактычна, скідвае суразмоўцу з рахункаў», —кажа палітолаг.

На пытанне журналіста пра тое, ці варта Беларусі нечага баяцца ў сувязі са словамі Пуціна, палітолаг сказаў: «Беларусі варта баяцца вельмі даўно. Бо такія размовы вяліся і раней, укідваліся новыя канцэпцыі, новыя схемы пашырэння Саюзнай дзяржавы, так званая паглыбленая інтэграцыя, якая моцна патыхала анексіяй».

Паводле яго, цяпер шмат што залежыць для Беларусі ад украінскага вектара.

«Калі Расія канчаткова пацерпіць ва Украіне паразу ці не даб’ецца хаця б адной з пастаўленых мэтаў, то цалкам магчыма, што Беларусі прыйдзецца несалодка. Пуціну неабходная гісторыя поспеху. Гэта рэжым, які будуецца на мабілізацыйнай мадэлі, неабходна ўвесь час падкідваць дровы ў агонь, паказваць насельніцтву моц лідара і поспех. Калі поспеху няма, у лідара ёсць праблемы», — мяркуе дырэктар Берлінскага цэнтра вывучэння Усходняй Еўропы.

Клас
37
Панылы сорам
12
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
142