Мінчанка Вольга, якая падзялілася кадрамі пажару ў інстаграме, прыехала ў госці ў вёску Азярцо пад Мінскам (гэта ў лічаных метрах ад кальцавой), а там — некантраляваны агонь на поле, які на вачах ва ўсіх з'ядаў не толькі іржышча, але і прыгожыя круглыя снапы саломы.

«Першы раз бачу, каб агонь распаўсюджваўся з такой хуткасцю. Гэта вельмі страшна», — апісвае ўсё, што адбываецца, блогерка.

Па словах дзяўчыны, немалую ролю ва ўціхамірванні агню згулялі трактарысты, якія «адрэзалі» полымя, перакапаўшы поле проста «на лініі агню».

Таксама на месца прыбылі некалькі разлікаў МНС. Па словах відавочцаў, з-за агню пацярпела адна з машын ратавальнікаў.

«Дакладны час, калі ўсё пачалося, я не падкажу. Невялікае задымленне на вуліцы мы заўважылі, напэўна, у раёне 12-й гадзіны. Але тады яшчэ не зразумелі, што здарылася. Праз нейкі час з вуліцы паваліў вельмі моцны дым. Тады мы выйшлі з двара на дарогу і ўбачылі, што на полі гарыць некалькі стагоў. Тут жа прыехалі дзве пажарныя машыны, стала неяк спакайней», — апісвае ўбачанае дзяўчына.

Зрэшты, агонь так проста было не суняць: полымя разрасталася з кожнай хвілінай, захопліваючы ўсе большыя плошчы. І, як на злосць, у гэты час падняўся вецер.

«У нейкі момант усё вакол пачало трашчаць — з'явіўся такі спецыфічны гук падпаленай сухой травы. Шчыра кажучы, гледзячы на ўсё, што адбываецца, мы проста ачмурэлі, з якой хуткасцю ідзе агонь. Прычым ён паспеў нават закрануць пажарную машыну: наколькі я зразумела, пацярпелі заднія колы, але само аўто ў парадку.

Вельмі выратавалі сітуацыю трактары з плугамі, балазе яны паспелі прыехаць хутка — перааралі поле так, каб агню не было куды распаўсюджвацца. Потым пад'ехалі яшчэ дзве пажарныя машыны.

У выніку ўсё патушылі. Мы дакладна не ведаем, з-за чаго ўсё пачалося, але людзі расказваюць, што бачылі на полі дзяцей, можа, яны там гулялі з запалкамі», — распавяла Вольга.

Як расказалі «Анлайнеру» ў МНС, паведамленне пра пажар паступіла ратавальнікам у 13:25.

«Па прыбыцці да месца выкліку ўстаноўлена, што гарэлі іржышча і рулоны саломы на плошчы 1 га. Пажар быў лакалізаваны ў 14:23, ліквідаваны — у 15:17. Работнікамі МНС і прадпрыемства выратавана 150 тон саломы. У выніку пажару агнём знішчана 7,5 тоны саломы. Пацярпелых няма. Прычына пажару высвятляецца», — растлумачылі ў ведамстве.

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
2
Абуральна
3