«2022 год пазнаёміў некалі сытую Заходнюю Еўропу з такімі паняццямі, як «дэфіцыт» і «эканомія». Недахоп дзіцячага харчавання, збожжа, газу, гарачая вада па раскладзе, катастрафічны рост цэн на камуналку — усё гэта ўжо прыйшло ў госці да падданых Бруселя і, здаецца, надоўга затрымаецца», — малюе апакаліптычную карціну прапаганда.
«Некіравальная агрэсія аказалася для немцаў халодным душам, а цэны на ЖКГ і прадукты харчавання растуць настолькі хутка, што грамадзяне папросту не паспяваюць выказваць сваю незадаволенасць», — працягваюць лукашэнкаўцы.
У якасці доказу прапагандысты прыводзяць фэйкавую цытату Аналены Бербак, кіраўніцы МЗС Нямеччыны:
«Ужо лепш я буду смярдзець, як бадзяга, чым буду ліць ваду на млын Пуціна ў душы», — прыпісваюць Бербак такія словы.
Калі загугліць гэтую цытату, у выніках пошуку з’яўляюцца выключна расійскія прапагандысцкія сайты, прычым другасортныя. Нідзе на больш-менш прыстойных парталах гэтая цытата не сустракаецца. Прапагандысты сцвярджаюць, што гэтыя словы Бербак сказала ў інтэрв’ю DW.
Мы праверылі DW і пашукалі гэтую цытату на рускай, англійскай і нямецкай версіях выдання — але нічога падобнага там няма.
Лукашэнкаўцы проста выдалі выдуманыя словы за сапраўдныя.
«Дарэчы, Бербак знаходзіцца ў партыі «Зялёныя», праграма якіх падобная да вяртанне ў Сярэднявечча: яны хочуць скараціць вытворчасць аўтамабіляў і тэхнікі ў Нямеччыне, цэнтральныя вуліцы буйных гарадоў зрабіць цалкам пешаходнымі і скараціць колькасць аўтабанаў, бо гэта шкодзіць экалогіі краіны», — наракае прапаганда на праблемы Нямеччыны.
Па версіі БТ, рабіць гарады камфортнымі і зручнымі для ўсіх людзей, у тым ліку старых і хворых, а не толькі для аўтамабілістаў, стымуляваць развіццё грамадскага транспарту і перастаць рабіць з гарадоў мурашнікі — гэта «вяртанне ў Сярэднявечча».
«У іншых краінах Захаду сёння ўсё таксама не так прыемна. Цвыркуны і чарвякі на дэсерт, шматразовая туалетная папера, конскія цэны на электрычнасць», — завяршаюць прапагандысты свой сюжэт у стылістыцы чучхе.





