Што кажа статыстыка?

Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП Беларусі па выніках мінулага года склала 6,8%, у той час калі, напрыклад, інфармацыі і сувязі — 7,4%. Тым не менш, дзяржаўныя СМІ працягваюць ствараць інфармацыйнае поле, дзе ў цэнтры сусвету стаіць не што іншае, як сельская гаспадарка.

Бязмежная ўвага да пасяўных і ўборачных кампаній яшчэ гадоў 25-30 таму выглядала цалкам лагічнай.

Так, напрыклад, у 1992 годзе на сельскую гаспадарку прыходзілася ледзь не чвэрць ВУП краіны — 22,8%. Па гэтым паказчыку тады наша краіна займала першае месца ў Еўропе. Аднак з гадамі структура ВУП Беларусі змянялася, а навіновы парадак дня ў дзяржаўных СМІ і паводзіны Лукашэнкі падчас ўборачных і пасяўных — не.

Ужо ў 2002 годзе сельская гаспадарка займала 10,13% ВУП, а яшчэ праз амаль 10 год яе доля скарацілася да 6,8%.

Фота: скрыншот з відэа БелТА

Фота: скрыншот з відэа БелТА

Па выніках гэтага года магчыма павелічэнне долі сельскай гаспадаркі ў ВУП да 7%, але ёсць нюанс. Гэта павелічэнне будзе адбывацца на фоне агульнага зніжэнне ВУП. Іншымі словамі, прырост будзе забяспечаны як планаванымі поспехамі перш за ўсё ў раслінаводстве, так і прасяданнем у іншых галінах.

Летась прырост ВУП дала не сельская гаспадарка, а ІТ і прамысловасць

Тым не менш, эксперт BEROC Настасся Лузгіна адзначае, што, нягледзячы на зніжэнне долі сельскай гаспадаркі ў ВУП краіны, яна па-ранейшаму застаецца значнай галіной для эканомікі Беларусі.

«Сем працэнтаў — гэта сапраўды нямала, але далёка не лідзіруючая галіна, таму сучасную Беларусь адназначна нельга называць аграрнай краінай.

Аднак па выніках 2021 года сельская гаспадарка ўнесла адмоўны ўклад у дынаміку ВУП у памеры мінус 0,3%, у той час як інфармацыя і сувязь дадала да эканамічнага росту 0,7%. Больш прыросту было толькі ў галіне прамысловасці, якая па выніках мінулага году забяспечыла прырост ВУП на 1,6%.

Па даных за першае паўгоддзе 2022 года, сельская гаспадарка нейтральна ўплывала на ВУП, а вось сектар інфармацыі і сувязі забяспечыў яго прырост у памеры 0,6% і склаў ужо 8% у структуры ВУП. Гэта галіна, якая расце, яшчэ ў 2015 годзе ў яе было 4,1%», — адзначае Лузгіна.

Эксперт BEROC Настасся Лузгіна

А што з экспартам і заробкамі?

Па словах эканамісткі, адны з паказчыкаў, дзе сельская гаспадарка мае нядрэнныя вынікі, — гэта экспартныя. Доля харчовых тавараў у экспарце за 2021 год склала 10,6%. У студзені-маі бягучага года гэты паказчык вырас да 12,4%.

«Гэта павелічэнне мы хутчэй маем за кошт скарачэння экспарту па іншых пазіцыях, паколькі экспарт у цэлым паменшаў. Акрамя таго, у гэтым ёсць пэўная заслуга росту цэн на харчовыя тавары, але ў любым выпадку больш за 10% экспарту — гэта добрыя паказчыкі», — адзначае эксперт.

Па экспартным паказчыку інфармацыйны сектар са сваімі 7,6% саступае сельскагаспадарчаму, але ў параўнанні гэтых сфер ёсць іншы важны момант — сярэдняя заработная плата.

Па даных за травень 2022 года, сярэдні налічаны заробак у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы склаў 1220 рублёў (да выплаты падаткаў), у той час, як у галіне інфармацыі і сувязі — 4 909 рублёў. 

«Сельскую гаспадарку трэба не толькі падтрымліваць, але і рэфармаваць»

Эксперт звяртае ўвагу, што сельская гаспадарка часта датуецца дзяржавай.

«Датацыі сельскай гаспадарцы даюць не толькі ў нас, але і ў іншых краінах. Дзяржава актыўна дапамагае развівацца сельгассектару, гэта нармальна, але нам трэба не проста яго падтрымліваць, а рэфармаваць. У Беларусі захаваўся савецкі тып з калгасамі і саўгасамі, з буйнымі дзяржаўнымі гаспадаркамі — гэта не заўсёды эфектыўна. На мой погляд, тут неабходныя разнастайныя формы ўласнасці, а не толькі дзяржаўная з яе строгімі метадамі кіравання.

Наёмныя работнікі, дырэктары, старшыні не заўсёды хвалююцца за развіццё падкантрольнай гаспадаркі, як бы гэта рабіў уласнік. Неэфектыўнасць іх працы мы можам убачыць і ў дзяржСМІ, калі нам паказваюць чарговыя разносы з-за няправільнага захоўвання ўраджаю або неналежнага ўтрымання жывёл».

Фота: скрыншот з відэа АНТ

Фота: скрыншот з відэа АНТ

Чаму прапаганда робіць такі ўхіл?

На думку Лузгіной, адна з прычын, чаму ўлады ў 2022 годзе актыўна фарсіруюць тэму збору ўраджаю, заключаецца ў тым, што сёлета ў Беларусі сапраўды нядрэнныя паказчыкі ўраджайнасці.

«Ім проста няма чаго больш паказваць, акрамя поспехаў на палях. Хоць з такой падачай гэта выглядае так, быццам у Беларусі палова насельніцтва занятая ў аграпрамысловым комплексе, але гэта далёка не так.

Па даных за 2020 год, у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы было занята 8,7 % ад агульнага ліку занятых.

Гэты паказчык скарачаецца. Напрыклад, у 2013 годзе доля работнікаў сельскай гаспадаркі складала 9,4%. То-бок па колькасці занятых і долі ў ВУП, роля дадзенай галіны паступова зніжалася. У той жа час доля занятых у інфармацыі і сувязі расла. У 2013 годзе там працавала 1,9%, а ў 2020-м — ужо 3,2%, ад агульнай колькасці занятых. Аднак у будучыні значнасць сельскагаспадарчага сектара можа ўзрасці за кошт сціскання іншых галін — напрыклад, таго ж ІТ-сектара», — адзначае эксперт.

«Калі не можаш забяспечыць сябе прадуктамі харчавання, няма чаго гаварыць аб суверэнітэце». Што не так з паказальнай бітвай за ўраджай

Клас
15
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
8
Сумна
1
Абуральна
9