Паводле даных аналітычнай каманды Conflict Intelligence Team (CIT), расійскія ўзброеныя сілы перакідваюць на фронт нядаўна сфармаваны 3-ці вайсковы корпус.

Відавочцы знялі поўныя саставы з комплексамі «Бук» і танкамі Т-80БВ і Т-90М. Пры гэтым, паводле інфармацыі з баз даных РЖД, саставы выйшлі з Муліна Ніжагародскай вобласці 22 і 24 жніўня і едуць у Няклінаўку на поўдні Растоўскай вобласці, размешчаную каля мяжы з Данецкай вобласцю Украіны.

Канчатковы пункт знаходзіцца найбліжэй да Данецкага і Запароскага ўчасткаў фронту, адзначаюць аналітыкі.

«Перавозка комплексаў «Бук« сведчыць аб перакідцы буйнога аб’яднання, напрыклад, арміі. У дадзеным выпадку можна выказаць здагадку, што гаворка ідзе аб перакідванні ўсяго 3-га корпусу, ці, прынамсі, той яго часткі, якая лічыцца боегатовай», — піша CIT.

Аналітыкі нагадалі, што аб фармаванні 3-га армейскага корпусу ў Муліне раней заяўляла ўкраінская выведка. Акрамя таго, аб прысутнасці добраахвотнікаў у гэтым ніжагародскім пасёлку пісала анлайн-выданне «Вёрстка», а даследчык Том Балак публікаваў знятыя ў Муліна фатаграфіі з сучаснай расейскай вайсковай тэхнікай.

«Многія даследчыкі здзіўляюцца, чаму ў руках дрэнна падрыхтаваных добраахвотнікаў апынуліся самыя сучасныя ўзоры расейскай тэхнікі. Мы бачым дзве верагодныя прычыны гэтага — немагчымасць аператыўна зняць старую тэхніку з кансервацыі і/або адсутнасць у расійскіх частках падрыхтаваных экіпажаў, якія можна было б зняць з фронту для засваення новых машын (гэта, у сваю чаргу, можа быць выклікана баявымі стратамі і распаўсюджанымі адмовамі ад удзелу ў «спецаперацыі»), — мяркуе CIT.

Клас
32
Панылы сорам
10
Ха-ха
68
Ого
6
Сумна
9
Абуральна
60