Спасылка на трансляцыю з'явіцца на сайце за паўгадзіны да пачатку. Арганізатары выбачаюцца ва ўдзельнікаў, якія планавалі далучыцца да нас афлайн. 

Такім чынам 3 верасня а 15-й гадзіне на YouTube-канале пачнецца трансляцыя. Да прызначанага часу пад рукой трэба мець толькі ручку і ліст фармату А4. Абмежаванняў па ўзросце, геаграфіі і нават узроўні ведання мовы для ўдзельнікаў няма, паведамляюць арганізатары, для дыктоўкі арганізатары выбралі тэкст сярэдняй складанасці, каб паказаць адначасова і багацце нашай мовы, і яе меладычную прыгажосць.

— Сёлета мы вырашылі не проста выказаць любоў да роднай мовы праз адкрытую дыктоўку, але і набыць для Беларусі каштоўны матэрыяльны скарб. За кожнага ўдзельніка, які дашле сваю працу на праверку, ААТ «Лідскае піва» пералічыць пяць рублёў на набыццё новага экспаната для ДУ «Лідскі гісторыка-мастацкі музей», для яго вядомага на ўсю краіну філіяла — Лідскага замка, — казалі раней у кампаніі.

Адправіць сваю працу на праверку можна праз асабісты кабінет на сайце, зрабіць гэта трэба 3 верасня да 19:00. Выстаўляць адзнакі будуць прафесійныя філолагі, свае вынікі з каментарыямі адмыслоўцаў можна будзе ўбачыць праз 3—4 дні таксама ў асабістым кабінеце.

Выдатнікі, якія напішуць дыктоўку на 8, 9 ці 10 балаў, атрымаюць запрашальныя білеты ў Музей лідскага бровара, які адкрыўся ў Лідзе гэтай вясной. На чатырох паверхах гістарычнага будынка сабраныя тысячы экспанатаў, у тым ліку інтэрактыўныя, прысвечаныя гісторыі славутага піўзавода і яго заснавальніка Носеля Пупко.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0