За паведамленні ў тэлеграм-чатах пасля пачатку вайны гамельчука асудзілі на 6,5 года калоніі
У Гомельскім абласным судзе да 6,5 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму прыгаварылі Іллю Верамеева. Яму за паведамленні ў тэлеграм-чатах у лютым гэтага года інкрымінавалі два артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 293 (замах на арганізацыю масавых беспарадкаў) і ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), піша «Вясна».
Згодна з версіяй абвінавачання, Верамееў у лютым 2022 года ў адным з групавых чатаў тэлеграма «размясціў у вольным доступе паведамленні, якія змяшчаюць выказванні-заклікі да гвалтоўных дзеянняў, здзяйснення пагромаў, падпалаў, знішчэння маёмасці, прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў ОУС».
Меркавана, такія паведамленні ў групавым чаце сталі рэакцыяй на распачатую Расіяй вайну ва Украіне, паколькі ўварванне адбывалася ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
Справу разглядаў суддзя Анатоль Сотнікаў.
Nashaniva.com
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ