Беларусы Зміцер Хведарук (справа) і Тарас Цялькоўскі (у цэнтры). Усе фота прадастаўленыя Тарасам Цялькоўскім

Беларусы Зміцер Хведарук (справа) і Тарас Цялькоўскі (у цэнтры). Усе фота прадастаўленыя Тарасам Цялькоўскім

Такой царквой, як гэтая, кіруе рада старэйшын. У выпадку з гэтым прыходам рада складаецца з трох чалавек, два з якіх — беларусы: пастар Тарас Цялькоўскі, а таксама журналіст і актывіст Зміцер Хведарук. Трэці старэйшына таксама моцна звязаны з Беларуссю, бо ён пражыў у нашай краіне 8 гадоў, гутарыць па-беларуску, па-руску і па-ўкраінску. Пазней ён пераехаў у Расію, потым — ва Украіну, і пасля пачатку вайны — у Польшчу.

У гутарцы з «Нашай Нівай» Тарас тлумачыць, што хаця царкву і заснавалі выхадцы з Беларусі, але ж адкрытая яна не толькі для іх: «Хутчэй гэта царква для рассеяных у нашым рэгіёне людзей, бо царква — гэта заўсёды такое месца, якое пераўзыходзіць усе нацыянальнасці і дзе ўсе народы збіраюцца разам. Царква — гэта месца адзінства, наднацыянальны інстытут, яна не можа быць толькі для рускіх ці кітайцаў.

Збольшага да нас прыходзяць беларусы, бо гэта людзі, якія ведалі наша служэнне ў Беларусі, але таксама ёсць і ўкраінцы, татары, рускія, амерыканцы. Царква ў нас рускамоўная, таму яна хутчэй для людзей, якія прыехалі сюды за апошнія пару гадоў ці раней».

Як вырашылі арганізаваць свой прыход? Тарас расказвае, што пастарства для яго і іншых старэйшын — духоўны заклік, і ў такія крызісныя часы, як зараз, ён адчувае асаблівую неабходнасць паслужыць людзям, тым, што спрабуюць асэнсаваць сваё жыццё і знайсці надзею. Царква, тлумачыць Цялькоўскі, у гэтым вельмі дапаможа:

«Погляд на царкву будзе адрознівацца ў залежнасці ад таго, хрысціянін чалавек ці не. Калі чалавек не хрысціянін, ён можа ўспрымаць царкву як гістарычны атавізм, які страціў сваю неабходнасць у сучасным свеце, ці як інстытут, дзе святары нібыта паразітуюць на недасведчанасці іншых людзей. Але для хрысціян царква — гэта спосаб аб’яднаць увесь свет, раз’яднаны на часткі. Вядома, што царква часта была крыніцай не толькі дабра, але і пакут і духоўнага гвалту, але гэта не прыніжае яе сэнсу».

У дадатак, беларусы бачылі практычную неабходнасць у такой царкве: «У Варшаве існуе патрэба яшчэ ў дзясятках, калі не ў сотнях новых цэркваў, як для палякаў, так і для замежнікаў. Тут вельмі вялікая рускамоўная дыяспара, з пачатку вайны ў Варшаву пераехала каля 300 тысяч рускамоўных. Частка з іх пажадаюць далучыцца да польскамоўных цэркваў і ўвогуле інтэгравацца ў польскае грамадства, але ж для іншых гэта толькі часовы дом. Яны не хочуць патраціць гэты час дарэмна і жадаюць далучыцца да нейкай царквы».

Заснаваць прыход у Польшчы, тлумачыць Цялькоўскі, нашмат прасцей, чым у Беларусі. На Радзіме пры гарвыканкамах існуе асаблівы орган, які сочыць за дзейнасцю цэркваў — аддзел па справах рэлігій і нацыянальнасцей. У Беларусі, лічыць Цялькоўскі, гэты орган не быў незалежным: «Гэты аддзел заўсёды курыравалі кадэбэшнікі, бо яны, напэўна, бачылі ў рэлігіі нейкую пагрозу».

У Польшчы такія органы таксама існуюць, але ж іх кантралююць супольнасці вернікаў, а не свецкая ўлада. Тарас называе парадаксальным тое, што ў Беларусі свецкія чыноўнікі маглі вырашаць нейкія багаслоўскія пытанні. У Польшчы ж існуюць вялікія саюзы цэркваў, і калі той ці іншы прыход да іх належыць, гэта надзяляе яго легальным статусам.

Фармальна беларусы адкрылі царкву 4 верасня. На малітоўны сход прыйшло недзе 100 чалавек з улікам гасцей, у далейшым беларусы разлічваюць, што на богаслужэннях будзе збірацца каля 70 хрысціян.

Памяшканне для царквы беларусы арандуюць у педагагічнага ўніверсітэта. Цялькоўскі кажа, што гэта паказвае, наколькі польскае грамадства адкрытае да хрысціян, бо ў Беларусі немагчыма сабе ўявіць, каб для богаслужэнняў можна было арандаваць лекцыйную залу аналагічнага ўніверсітэта.

Беларус-пастар выйграў вялікі забег у Польшчы. Пасля гэтай гутаркі вы яго дакладна палюбіце

«Мяне больш не вывяртае». Як беларусы змянілі сваё стаўленне да царквы пасля 2020-га

«Зло — не займацца сэксам». Ксёндз Вячаслаў Барок адказаў на пытанні, якія вы саромеліся задаць

Клас
12
Панылы сорам
3
Ха-ха
6
Ого
5
Сумна
0
Абуральна
3