Эма Тагаева гаворыць:
«Вайна супраць Украіны бесчалавечная, бессэнсоўная. У 2004 годзе пуцінскія генералы абстралялі школу ў Беслане гранатамётамі і агнямётамі. На крыві бесланскіх дзяцей Пуцін адмяніў выбары кіраўнікоў рэспублік. Мы пазбавіліся права выбару».
«Катам Беслана» Тагаева называе Пуціна і ў іншым месцы.
Таксама жанчына нагадвае, што цяпер у турмах Растова-на-Доне пакутуюць 36 асецін, пасаджаных туды пуцінскім рэжымам за мітынгі ва Уладзікаўказе. А ўкраінцы асецінам нічога кепскага не зрабілі.
Гэтая смелая жанчына не ўпершыню публічна выказвае свой пратэст. Яшчэ ў верасні 2004 года, адразу пасля тэракта, яна і іншыя маці загінулых былі аштрафаваныя судом на 20,5 тысяч рублёў ці прысуджаныя да грамадскіх работ за ўдзел у акцыі пратэсту. Яны правялі яе 1 верасня, прыйшоўшы на паніхіду памяці ахвяр трагедыі ў футболках з надпісам «Пуцін — кат Беслана».
Падчас вызвалення закладнікаў, захопленых чачэнскімі баевікамі 1—3 верасня 2004 года ў адной з бесланскіх школаў, загінулі 333 чалавекі, каля 800 былі параненыя. У тым ліку загінулі муж Эмы Тагаевай Руслан і два іхнія сыны-падлеткі — 14-гадовы Аслан і 16-гадовы Алан.





