Фота тут і далей: Мара Вавілоўская

Фота тут і далей: Мара Вавілоўская

Амфітэатр каля аквапарку Сопата прыцягнуў у гэты дзень беларусаў з розных гарадоў Польшчы і не толькі.

Пляцоўка фестывалю складалася з трох асноўных лакацый: сцэна, клуб, канапа. Акрамя іх была вялікая зона з рознымі актыўнасцямі і палянка, на якой займаліся ёгай і вучыліся медытаваць.

Адна з арганізатарак Ірына Шумская распавяла, што Mara Fest стаў магчымы, дзякуючы Асацыяцыі беларусаў Памор'я. Яны зладзілі мерапрыемства пры падтрымцы адміністрацыі Сопата і партнёраў. Сама асацыяцыя ўзнікла ў 2020 годзе падчас гуманітарнай працы на карысць беларусаў.

Арганізаваць фестываль камандзе ўдалося за кароткі тэрмін: «Ад узнікнення ідэі да старту продажу квіткоў прайшло прыблізна 2-3 тыдні, дамовіліся з артыстамі, і пачалося», — кажа Ірына. 

У выніку прадаць удалося больш за 700 квіткоў.

Так мала часу на падрыхтоўку было з-за таго, што ва ўсіх артыстаў графік распісаны ажно да новага года, таму выбару было не шмат.

У хэдлайнерах фэсту — вольныя «Купалаўцы», Зміцер Вайцюшкевіч, Naviband і Nizkiz. І ўсё гэта з жартамі Дзяніса Дудзінскага і Кацярыны Раецкай у якасці вядучых.

Спыталі ў Дзяніса Дудзінскага, пра што ён марыць.

«Мара — каб украінцы з-пад Ізюма выбілі рускія войскі.

«Яшчэ адна вялікая мара — каб мы, усе беларусы, вярнуліся хутчэй у чыстую, светлую, прыгожую і, абавязкова, свабодную Беларусь, — падзяліўся вядучы. — Самая вялікая мара — каб мы занялі правільнае месца сярод еўрапейскага люду, сярод еўрапейскасці, і каб адарваліся ад нашага ўсходняга суседа і пайшлі ў вольнае прыгожае плаванне пад блакітнымі ветразямі».

Майстар-класы па пляценні вянкоў і бутаньерак з жывых кветак мадэравала беларуска Ганна Сапон, якая мае сваю кветкавую краму ў Сопаце.

Майстар-класы па пляценні вянкоў і бутаньерак з жывых кветак мадэравала беларуска Ганна Сапон, якая мае сваю кветкавую краму ў Сопаце.

Выступае прэзідэнт Сопата Яцэк Карноўскі.

Выступае прэзідэнт Сопата Яцэк Карноўскі.

На адкрыцці фестывалю прысутнічаў прэзідэнт Сопата Яцэк Карноўскі, які аказвае падтрымку беларусам. У сваёй прамове для гасцей ён нагадаў, як важна працягваць верыць у тое, што свабода прыйдзе:

«Калі мы пачыналі змагацца за свабоду, то ніхто не верыў, што яна прыйдзе, аднак гэта здарылася. І таму я веру, што будзе вольная Беларусь і абароніцца вольная Украіна. Канечне, я хачу, каб вы сябе адчувалі як дома, таму што Сопат — гэта ваш новы дом і вы новыя жыхары гэтага горада і Польшчы. Але я разумею, што многія з вас хацелі б вярнуцца, і я веру, што хутка так і будзе», — з надзеяй сказаў Яцэк Карноўскі. 

Купалаўцы на Mara Fest упершыню ўжывую паказалі сваю музычную праграму «Я гавару», створаную на аснове вершаў сучасных беларускіх аўтараў і аўтарак. Назва нарадзілася з апошніх радкоў верша паэткі Дар'і Бялькевіч. Стваральнікі вырашылі, што назва ёміста апісвае ўсю сутнасць таго, што яны робяць як тэатр. Музыку з аранжыроўкамі акцёры напісалі самі.

«Гэта такая дзіўная гісторыя, якая становіцца зразумелай, калі ўслухоўваешся, бо там зусім нялёгкія тэксты. Сучасныя беларускія паэты часам выбіраюць складаныя вобразы», — тлумачыць ідэйны стваральнік праекта Міхась Зуй.

Калега Міхася Вольга Кулікоўская адзначае: «Хацелася гэтымі песнямі і вершамі паказаць усё, праз што цяпер праходзяць беларусы, — і боль, і надзею, і каханне».

Купалаўцы планавалі, што вершы будуць лягчэйшыя — пра каштоўнасці, пра якія беларусы забыліся за праблемамі. Але калі акцёры і актрысы сталі прыносіць вершы, якія іх кранаюць, то стала зразумела, што атрымаецца інакш. «Сучасныя вершы яны такія колкія, няроўныя, але жывыя», — лічыць Зуй.

«Гэты праект дазваляе ўспрыняць купалаўцаў не з пункту гледжання спектакля ўмоўнай «Паўлінкі», а калі тэксты дастаткова жорсткія, не спецыяльна, але можна пачуць, напрыклад, «блядзіна», — разважае Міхась, — Быццам мы становімся на хвіліну тымі, хто мы ёсць у жыцці».

У адказ на галоўнае пытанне фестывалю Міхась адразу кажа: «У мяне мары няма. Праўда, няма ніводнай мары. У мяне ёсць моцнае жаданне.

Хачу, каб ніхто з нас, прынамсі купалаўцы, не разбегліся кожны сам па сабе. Каб беларусы не разбегліся, каб дачакаліся таго самага моманту. Каб працягвалі спакойна і ўпарта крок за крокам ісці да таго моманту, калі мы вернемся ў Беларусь».

Вольга так апісала сваю мару так:

«Каханне і творчасць! І каб мы знаходзілі сілы і натхнялі адно аднаго. У 2020-м мы даведаліся, што такое салідарнасць, але гэта ўсё ж тэрмін палітычны. А мы зразумелі, што ў некаторыя моманты чалавеку можа дапамагчы толькі іншы чалавек. Ты пагаварыў, паглядзеў адно на аднаго — і табе крыху лепш. У гэтым свеце, калі спачатку нам спачуваюць, потым мы ўспрымаемся агрэсарамі, хочацца, каб заставалася гэтае адчуванне, што ў беларусаў заўсёды ёсць беларусы».

З выступленнем кожнага новага музыкі настрой у зале мяняўся. Падчас імпрэзы купалаўцаў усе былі сканцэнтраваныя. 

На песнях Змітра Вайцюшкевіча луналі радасць і расчуленасць. 

Naviband многія слухалі, быццам натхняючыся. 

На Nizkiz усе проста адрываліся так, нібы кожная песня апошняя.

На Mara Fest таксама праходзіла прэзэнтацыя кнігі «Свінні» Аляксандра Чарнухі.

На Mara Fest таксама праходзіла прэзэнтацыя кнігі «Свінні» Аляксандра Чарнухі.

Алесь Лапко, вядучы Jack Quiz і кіраўнік Беларускага моладзевага хаба, праводзіць квізы ў Варшаве з 2017 года.

«Я бачу, што важна фармаваць кам’юніці ў розных гарадах у Польшы, па ўсім свеце, і тады яны будуць дзеючай часткай, будуць ствараць нешта новае. Як мы бачым, кам’юніці Труймяста дарасло да таго, што ўжо можа ладзіць вось такі фэст», — падзяліўся Алесь Лапко. 

З ім мы таксама пагаварылі пра мары:

«Мая мара ў вольнай незалежнай Беларусі, у якую змагу, а галоўнае, захачу вярнуцца не толькі я, а кожны іншы беларус. Мы ўсе робім маленькі ўнёсак, каб гэтая мара збылася. Ведаеце, кажуць, што «ў нас адна мара на ўсіх», але я лічу, што ў нас шмат маленькіх мар, якія складаюць гэтую агульную, каб потым, як нехта жартуе, змаглі на адным вялізным цягніку вярнуцца праз Цярэспаль—Брэст у Беларусь».

На пачатку фестывалю вядучыя правялі невялікае апытанне сярод гасцей. Галоўнае пытанне, канечне: у чым ваша мара? Адказы былі аб адным:

— Свабода!

— Воля!

— Адзінства!

— Вольная Украіна, Вольная Беларусь!

Клас
76
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?