Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская правяла брыфінг для дыпламатаў 25 краін, паведамляе яе прэс-служба. Сустрэча адбылася ў чэшскім пасольстве ў Вільні, бо Чэхія старшынюе ў Радзе ЕC.

Яна выказала падтрымку ўкраінскаму народу ў сувязі з эфектыўным контрнаступам. Адзначыла, што перамога Украіны можа адчыніць акно магчымасцяў для перамен у Беларусі.

Расказала пра апошнія рэпрэсіі і згадала справы Марфы Рабковай, Рыгора Кастусёва і Аляксандра Фядуты, Алега Храмых, Ганны Тукавай.

Ціханоўская заклікала дыпламатаў не ўручаць даверчых лістоў Лукашэнку, а накіроўваць у Беларусь часовых павераных, якія, як правіла, такіх лістоў не ўручаюць.

Яна патлумачыла, чаму візавыя абмежаванні не павінны быць усеагульнымі, што магчымасць перамяшчацца праз мяжу дапамагае ўтрымліваць сувязь паміж беларусамі ўнутры краіны і тымі, хто выехаў. Выступіла супраць візавага бану, але падтрымала ідэю забараніць уезд і перамяшчэнне супрацоўнікам урадавых структур, сілавікам, спецслужбістам і прапагандыстам.

Адзначыла прынцыповую пазіцыю па магчымай амністыі 17 верасня: вызваленыя і рэабілітаваныя павінны быць усе, без ніякіх дадатковых умоваў, палітычныя справы закрытыя. Нельга ўвязвацца ў гандаль палітвязнямі.

Ціханоўская расказала пра першы месяц працы Аб’яднанага пераходнага кабінета, прызначэнне новых прадстаўнікоў, планы пашырыць план «Перамога».

Таксама яна заклікала аказаць усёабдымную дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Украіне.

Клас
36
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2