Падчас капання катлавана пад падмурак грамадскага аб’екта на Савецкай плошчы ў Гродне агаліліся рэшткі скляпенняў падвальных памяшканняў. Гараджане задаліся пытаннем: чаму пасля такой знаходкі на аб’екце ў гістарычным месцы пад асаблівай аховай не пачаліся археалагічныя даследаванні. Пра іх абвясцілі толькі ў пятніцу, калі былі знойдзеныя прадметы XV стагоддзя, праігнараваць якія было б цяжка.

Археолаг: не падвалы, а фрагменты

Новай тэмай для абмеркаванняў і пытанняў сталі фота з будоўлі каля дома Мураўёва і апарт-гатэля Сямашкі, якія з’явіліся ў сеціве. Здымкі былі зробленыя ў чацвер увечары праз шчыліну ў будаўнічай агароджы. На фота бачныя фрагменты сцяны са старой цэглы і частка скляпення каля яе, якія знаходзіліся на глыбіні прыкладна трох метраў.

Супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Вайцяховіч, які на працягу тыдня вёў археалагічны нагляд на аб’екце, расказаў, што знайшлі падчас капання катлавана.

«Я бачыў гэтую фатаграфію і чытаў дыскусіі. На фота усё выглядае так, быццам гэта паўнавартасны ўваход у склеп. На самай справе там усё было завалена. З таго, што захавалася, — гэта фрагмент аркі са скляпеннямі, частка сцяны, а ўсё, што паміж імі — развалена і разбіта. Суцэльных паўнавартасных скляпенняў тут няма, былі знойдзеныя толькі фрагменты, але яны ў такім стане, што захаваць іх немагчыма», — адзначыў спецыяліст.

Ён паказаў іншыя здымкі, зробленыя ў той жа час, але з іншага ракурсу. На іх відаць, што гэта толькі невялікі фрагмент падвальнай сцяны, а невялікая прастора пад аркай засыпаная пабітай цэглай.

Ці можна было захаваць фрагменты сцен?

Усяго падчас земляных работ на аб’екце ля дома Мураўёва знайшлі два фрагменты падвальных сцен з уваходамі. Першы знаходзіўся за некалькі метраў ад існуючай сцяны дома Мураўёва, другі — на процілеглым куце катлавана з боку турмы.

«Абодва фрагменты былі ў вельмі дрэнным стане. Мы акуратна іх расчышчалі, рабілі замеры, фіксавалі. Іх трымаў толькі грунт, па арцы ішла расколіна, яна ледзь стаяла», — распавёў гісторык.

Абодва знойдзеныя фрагменты ён сфатаграфаваў, зрабіў патрэбныя замеры, задакументаваў іх месца размяшчэння. Пасля гэтага яны былі разбураныя. Катлаван працягнулі капаць з дапамогай будаўнічай тэхнікі, а зямлю вывозіць як будаўнічае смецце.

Суразмоўца дадаткова растлумачыў, што як такіх падвальных памяшканняў са скляпеннямі і сценамі на гэтым участку не было. Яны былі разбітыя падчас зносу дома Лапіных, які стаяў на гэтым месцы з канца XIX да сярэдзіны XX стагоддзя. Дом моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны, быў прызнаны аварыйным, у 50-я гады мінулага стагоддзя яго знеслі.

«У тыя часы ніхто не цырымоніўся і не клапаціўся пра захаванне старадаўняй архітэктуры падчас зносу будынкаў. Акрамя таго, на гэтым участку слабы грунт, праз гэта ў старадаўняга будынка быў слабы падмурак. Магчыма, таму дом Лапіных не выстаяў падчас вайны», — выказаў меркаванне Вайцяховіч.

Захаваць знойдзеныя фрагменты падвальных сцен, па словах гісторыка, было немагчыма і па тэхнічных прычынах. З-за вельмі слабой грунтавой глебы, па сучасным будаўнічым праекце тут трэба забіваць палі і заліваць падмурак. Невялікія фрагменты сцен не дазволілі б гэта зрабіць, значыць, аўтаматычна паставілі б крыж на ўзвядзенні новага будынка.

Чаму артэфакты ёсць, а культурнага пласта няма?

Адказны за археалагічны нагляд на будоўлі на Савецкай плошчы асобна адказаў яшчэ на адно пытанне гродзенскай грамадскасці: чаму ў месцы, дзе, на думку Мінкультуры, няма гістарычнага культурнага пласта, знаходзяць старадаўнія рэчы? Манеты прыкладна XVII стагоддзя, стрэльбавы крэмній XVIII стагоддзя і іншыя прадметы таго ж часу знайшлі падчас капання катлавана з 13 па 15 верасня. Але гэты факт таксама не стаў падставай для археалагічных даследаванняў.

«Калі зносілі гэты дом у 50-я гады, падвалы засыпалі будаўнічым смеццем, часткова засыпалі грунтам. Хутчэй за ўсё, яго ўзялі дзесьці ў цэнтры Гродна, і гэта аказаўся культурны пласт. Знойдзеныя прадметы належаць гэтаму прывазному пласту», — распавёў Вайцяховіч.

Суразмоўца прывёў прыклад, што падобны фрагмент кафлі з цмокам знайшлі некалькі гадоў таму падчас земляных работ на суседнім участку, дзе цяпер стаіць гандлёвы цэнтр «Палац». На яго думку, усе знойдзеныя прадметы не належаць дадзенаму дому.

Спецыяліст прыводзіць іншыя факты, якія павінны пацвердзіць, што на будаўнічым аб’екце культурнага пласта няма. Так, непадалёк ад старадаўніх знаходак знайшлі шмат смецця і рэчаў ваеннага і пасляваеннага часу. Напрыклад, знайшлася іржавая і моцна пашкоджаная нямецкая каска, металічная дэталь ад прылады. Усё гэта было ўперамешку з бітай цэглай, камянямі, кавалкамі раствору, бляшанкамі, жалязякамі.

Па словах Вайцяховіча, па законе на гістарычных аб’ектах, дзе раней знаходзіліся дамы з падваламі, археалагічныя раскопкі не трэба праводзіць, іх замяняюць археалагічным наглядам. Да прыкладу, археалагічны нагляд быў пры капанні катлавана на будоўлі Дома рыбака на Замкавай і двух суседніх дамоў Сямашкі на Калючынскай.

Краязнаўца з Гродна: маглі знішчыць культурны пласт

Супрацьлеглага меркавання прытрымліваецца гродзенскі краязнаўца Мечыслаў Супрон. Ён упэўнены, што на месцы цяперашняй будоўлі каля дома Мураўёва і гатэля Сямашкі трэба было абавязкова праводзіць паўнавартасныя археалагічныя раскопкі.

Галоўны аргумент — той факт, што будоўля ідзе на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Гродна, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю першай катэгорыі, што знаходзяцца пад асаблівай аховай дзяржавы. Пад аховай і культурны пласт гэтых тэрыторый. Хоць на месцы будоўлі знаходзіўся дом з падваламі XVIII стагоддзя, гэта не можа выключаць існавання культурнага пласта. Тут як мінімум з XVI стагоддзя знаходзілася рэгулярная пабудова рынкавай плошчы горада. Выкапаны катлаван і заліты на гэтым месцы падмурак назаўжды знішчаць культурны пласт у гэтым месцы. Таксама могуць быць знішчаныя старадаўнія падмуркі дома Вальмера канца XVIII стагоддзя, які прылягаў да дома купца Мураўёва.

Супрон адправіў ліст у Міністэрства культуры Беларусі, каб там звярнулі ўвагу на гэтую праблему.

Раскопкі пройдуць, але на невялікім участку

На частцы будаўнічага аб’екта археалагічныя раскопкі ўсё-такі пройдуць. У пятніцу ўвечары, 16 верасня, калі будаўнікі амаль скончылі капаць катлаван, на яго краі знайшлі прадметы меркавана XV стагоддзя. Участак абгарадзілі, доступ будаўнікоў туды закрылі, у наступную сераду тут павінны пачацца археалагічныя даследаванні.

Па словах Вайцяховіча, у культурным пласце знайшлі прадметы, верагодна, XV стагоддзя. Гэта скураныя, драўляныя прадметы, кафля і іншыя. Усё гэта патрабуе ўважлівага вывучэння. Яны знаходзіліся ў пласце так званага перагною, многія добра захаваліся. У гэтым месцы будуць праходзіць археалагічныя раскопкі. Участак з каштоўным культурным пластом знаходзіцца на рагу ўжо выкапанага катлавана з боку Фарнага касцёла, часткова ён трапляе ў зону будаўніцтва.

Варта адзначыць, што пасля знаходкі каштоўных артэфактаў праца на будоўлі не спынілася. У іншай частцы пляцоўкі да позняга вечара працягваў працаваць экскаватар. Будаўнікі завяршалі капанне катлавана і вывозілі зямлю на грузавіках. Вядома, што згодна з планам будаўніцтва падмуркі пад новы будынак павінны быць гатовыя ў верасні.

Чытайце таксама:

У цэнтры Гродна пачалі будоўлю і выкапалі старадаўнія падвалы. Але археалагічных раскопак не праводзілі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Паромщик на Стиксе / Адказаць
20.09.2022
Странно, что Наша Нива не публиковала мой комментарий о том, кто владелец всей этой построечки. Архитектору и археологу естественно занесли денежку. Печать негодяя ставить на владельце этой постройки негде. Город и его история уничтожается стомильными шагами. Среди взрослых горожан, ценящих историю своего города, про этого Семашко самое скромное слово начинается на букву х.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру