Трое братоў з вёскі Клетная Пінскага раёна 18 верасня сышлі на рыбалку і зніклі. Самаму старэйшаму з дзяцей было 10 гадоў. Шукалі іх усёй вёскай з ратавальнікамі, міліцыяй, леснікамі і пошукавікамі. Але той ноччу вынікаў не дамагліся, хлопцаў знайшлі раніцай наступнага дня. У эфіры «Беларусь 4» дзеці распавялі, як заблукалі і дзе спалі.

Хлопцы вырашылі пайсці парыбачыць на возера Гошча, якое знаходзіцца прыкладна ў пяці кіламетрах ад роднай вёскі. Бацькам нічога яны не сказалі, як і належыць сапраўдным рыбакам. Школьнікі ўзялі вуды і адправіліся ў дарогу. План быў такі: налавіць рыбы і вярнуцца да вечара дадому, але, ідучы назад, дзеці збіліся з дарогі. А калі сцямнела — спалі на вуліцы.

Бацькі забілі трывогу, калі зразумелі, што самі дзяцей знайсці не могуць. Усяго на пошукі прыцягнулі каля 160 чалавек. Людзі прачэсвалі лясы, вадаёмы і палі. Пошукі ўвянчаліся поспехам пад раніцу. Ляснічы Іван Саўчук знайшоў змерзлых дзяцей на дарозе.

— Выявіў я іх бліжэй да 8:30. Яны выйшлі на дарогу і ішлі ў бок Моталя. У зваротным кірунку [ад вёскі] ішлі — паняцця не мелі, куды яны ідуць. Ком у горле стаў адразу. Мне так шкада іх было. Зняў з сябе вопратку, накрыў, пасадзіў на матацыкл, патэлефанаваў у міліцыю, каб яны ехалі насустрач, — распавёў ляснічы.

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
1