Фота: pexels.com

Фота: pexels.com

Дакумент апублікаваны 23 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, прычым пад ім змяшчаюцца подпісы кіраўнікоў адразу трох ведамстваў — начальніка ААЦ Андрэя Паўлючэнкі, міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова.

Удакладняецца, што пастанова ўступае ў сілу не адразу, а праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання — то-бок ад апошняй дэкады кастрычніка.

Дакументам, у прыватнасці, вызначана, што цяпер да спісу абмежаванага доступу — туды ўносяцца ўсе інтэрнэт-рэсурсы, якія трапілі пад абмежаванні — маюць доступ не толькі Міністэрства сувязі, Міністэрства інфармацыі, КДБ, МУС, КДК ды іншыя сілавікі, але і ўладальнікі навінавых агрэгатараў.

Згодна з пастановай, істотна скарачаецца час рэагавання на прызнаных кампетентнымі органамі рознага кшталту «экстрэмістаў».

Так, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг — правайдары і мабільныя аператары — абавязаныя на працягу чатырох гадзін ад моманту ўключэння ў спіс «забароненых» абмежаваць доступ да канкрэтнага інтэрнэт-рэсурсу.

Іншымі словамі, калі раней яны павінны былі правяраць базу толькі раз на суткі, то цяпер іх абавязалі рабіць гэта кожныя тры гадзіны ў перыяд з 9.30 раніцы да 21.30 вечара.

Ад пачатку татальнай зачысткі грамадзянскай супольнасці па слядах мірных акцый 2020 года ў «экстрэмісцкія спісы» трапілі дзясяткі найменняў інфармацыйнай прадукцыі.

Так, «экстрэмісцкімі фармаваннямі» ў Беларусі прызнаныя звыш 80-ці СМІ, телеграм-каналаў, абʼяднанняў і фондаў.

Спіс у адкрытым доступе выкладзены на сайце МУС. Прысваенне такога статуса адвольнае і не мае нейкай сістэмнасці — каб яго атрымаць, дастаткова проста не ўпісвацца ў ідэалогію рэжыму і быць актыўным у сваёй галіне.

Што да колькасці носьбітаў «экстрэмісцкіх матэрыялаў», дык яна яшчэ большая — ужо далёка перасягнула сотню, пра што сведчыць абноўленая «база» на сайце Міністэрства інфармацыі. А калі зазірнуць далей за посттраўматычны 2020-ты, дык агулам «чорны спіс» перавышае 1000 пазіцый.

Клас
1
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2