У інтэрв'ю амерыканскай тэлерадыёкампаніі «Сі-бі-эс» Блінкен сказаў, што ў ЗША распрацаваны план дзеянняў у выпадку прымянення ядзернай зброі Расіяй. Канкрэтныя меры дзяржсакратар абмяркоўваць не стаў.

На пытанне, ці кантактавалі ЗША ў прыватным парадку з Крамлём адносна пагрозы ядзернай вайны, Блінкен адказаў сцвярджальна: «Так. Вельмі важна, каб Масква пачула ад нас і даведалася ад нас, што наступствы такога кроку будуць жахлівымі. І мы вельмі выразна далі гэта зразумець».

Па словах Блінкена, вайна Пуціна ва Украіне ўжо правалілася: «Ён з самага пачатку вельмі ясна сказаў, што яго мэтай было сцерці ідэнтычнасць Украіны як незалежнай краіны. Гэтая мэта ўжо пацярпела няўдачу. Украінцы ваююць за сваю зямлю. Яны ваююць за сваю краіну. Рускія не. Расійскія вайскоўцы, якіх кідаюць у гэты канфлікт, яны часта не ведаюць, ні куды ідуць, ні што робяць. Гэта не тое, за што яны хочуць змагацца. Украінцы змагаюцца за сваю будучыню. Яны змагаюцца за сваю зямлю. Яны змагаюцца за свае жыцці», — дадаў Блінкен.

Уладзімір Пуцін, абвяшчаючы аб частковай мабілізацыі і падтрымцы «рэферэндумаў» 21 верасня, сказаў, што тэрытарыяльная цэласнасць Расіі будзе забяспечаная «усімі наяўнымі сродкамі». «А тыя, хто спрабуе шантажаваць нас ядзернай зброяй, павінны ведаць, што ружа вятроў можа разгарнуцца і ў іх бок», — прыгразіў расійскі прэзідэнт.

Адразу некалькі экспертаў казалі, што вынікі «рэферэндумаў» дазволяць Расіі яшчэ больш інтэнсіўна пагражаць Украіне і Захаду ядзернай зброяй, спасылаючыся на абарону сваёй тэрыторыі.

Клас
23
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
2