З матэрыялаў справы вядома, што Латушку былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні супрацоўнікамі міліцыі ў будынку Цэнтральнага РУУС 31 студзеня — адразу пасля затрымання.

Яго прызналі вінаватымі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: распаўсюджванне ўлётак да рэферэндуму, удзел у Маршы, маляванне «Пагоні», спаленне дзяржаўнага сцяга. Пасля затрымання Латушкі было вядома, што яго збівалі. Падчас суда, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі агучаныя падрабязнасці прымянення фізічнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУС — «Вясна» апублікавала іх.

Сам Латушка падчас следства распавядаў: «31 студзеня каля 01:00 я быў затрыманы паблізу дома, даставілі ў Цэнтральнае РУУС, правялі на чацвёрты паверх у адзін з кабінетаў, далей пачалі размаўляць супрацоўнікі, якія там знаходзіліся. Супрацоўнік надзяваў мне два разы на галаву поліэтыленавы пакет, пры гэтым яны тлумачылі, што хочуць атрымаць ад мяне нейкія звесткі, пра якія я сам не ведаў. Хтосьці з супрацоўнікаў узяў у рукі дубінку, пачаў пагражаць ёй…» [суддзя Карсюк прапускае частку тэксту].

«Пра ўдары нейкія, не менш за 50 разоў…», — працягвае суддзя.

«Казалі пра тое, што хочуць атрымаць ад мяне інфармацыю, што тычыцца нейкіх телеграм-каналаў. Я не разумеў, што ад мяне хочуць. Ад таго, што на мяне аказваюць фізічны ціск, я пагадзіўся даваць паказанні, якія мне сказалі супрацоўнікі міліцыі. Пры гэтым па факце я названых злачынстваў не здзяйсняў. У далейшым, калі я пачаў даваць паказанні, фізічную сілу да мяне таксама супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі. Далей мяне спусцілі ў дзяжурную частку, і на наступны дзень я працаваў са следчым. У далейшым фізічную сілу да мяне ніхто не ўжываў. Хачу ўдакладніць, што людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі ГУУС, пакінулі кабінет да пачатку прымянення да мяне фізічнай сілы», — сказана ў тлумачэнні Латушкі.

Паводле даных медыцынскіх дакументаў СІЗА-1 ад 2 лютага, якія агучылі на працэсе, у Латушкі былі зафіксаваныя шырокія гематомы ягадзічнай вобласці з абодвух бакоў, задняй, унутранай і вонкавай паверхні сцёгнаў з абодвух бакоў, якія ўтварыліся ад кантакту з цвёрдым тупым прадметам/прадметамі, індывідуальныя асаблівасці якога ў дакументах не зафіксаваныя.

Латушка на судзе растлумачыў, што гематомы ўтварыліся ад удараў дубінкамі супрацоўнікамі міліцыі.

Палітвязень падаваў заяву аб завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў, якія яго збівалі, аднак 24 красавіка была вынесеная пастанова аб адмове. У якасці доказаў, што супрацоўнікі нібыта не ўжывалі фізічную сілу, — кніга ўліку прымянення фізічнай сілы ў Цэнтральным РУУС, у якой адсутнічаюць такія даныя. Таксама былі запатрабаваныя характарыстыкі на супрацоўнікаў — абедзве добрыя.

У пастанове аб адмове ад завядзення крымінальнай справы ад 24 красавіка пазначана, што адсутнічаюць даныя, якія паказваюць на здзяйсненне супрацоўнікамі міліцыі якіх-небудзь крымінальна-каральных дзеянняў у дачыненні да Латушкі. Анатоль не абскардзіў пастанову. Суддзя пацікавіўся чаму, бо «ну калі вы сцвярджалі, што было такое…»

«Ну так я накіраваў ліст, усе падставы былі для праверкі, нічога не адбылося, проста даслалі адмову», — адказаў Латушка, а потым удакладніў, што абскарджваць, на яго думку, было бессэнсоўна.

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
49