Рыма Ушкевіч — летуценніца і мастачка з Гродна, аўтарка стыкерпака «Лемантар»

«Больш за ўсё люблю марыць»

«У мяне двое дзяцей, адзін грамадзянскі шлюб і ніводнай мастацкай адукацыі», — кажа Рыма Ушкевіч. Сярод улюбёнага баўлення часу яна называе быць сам-насам з сабой і марыць. У Гродне Рыму ведаюць як адну з арганізатарак дзіцячай эка-студыі «Ветка».

Маляванне стала часткай жыцця Рымы два гады таму. Малявала ў асноўным для сябе ў інстаграм ці для сяброў — афішкі для экастудыі, партрэты, назіранні з жыцця. «Вось так, без спецыяльнай адукацыі і нават без мастацкай школы. Прачнулася нешта ўнутры», — расказвае яна.

Рыма: «Мой любімы матэрыял — каляровыя алоўкі. Проста адчуваю ўсім сваім нутром іх зямную, цвёрдую, зразумелую прыроду, і мне з імі добра»

У гэты ж час праходзіла навучальны курс па персанажнай ілюстрацыі на адной з платформаў дыстанцыйнага навучання. Там адным з заданняў было распрацаваць стыкерпак.

«Я шмат думала пра стыкеры — усё ўпіралася ў героя, які мне самой быў бы цікавы. І чамусьці не было натхнення — я тармазіла з выкананнем і амаль на год закінула свае навучанне. Але не толькі з-за стыкераў, а ў цэлым з-за прыгнечанага стану і стрэсу, праблем са здароўем». 

Дапамагалі ў гэты час пошукі прыгажосці: «Для мяне абавязковай умовай жыцця з’яўляецца прыгажосць, хоць якая — прыгожы кубачак, талерка, прыгожыя дываночкі дома, прыгожая вокладка для кнігі… Шукаю яе, гэту прыгажосць, паўсюль. Мне важна, каб было прыгожа і прыцягвала ўвагу».

Як вырасці ад хрушча да зубра

«Мая мара, яна ж мэта — ілюстраваць дзіцячую і дарослую літаратуру», — расказвае Рыма. А стыкеры сталі адным з крокаў да яе.

«Насамрэч, атрымалася такое комба: супала нагода і маё жаданне. Я шмат чаго малюю для свайго партфоліа — гэта такі «трук» ілюстратараў-навічкоў. Калі ў цябе няма рэальных замоваў — ты іх сабе прыдумляеш, каб патэнцыйны кліент убачыў, што менавіта ты умееш, які у цябе стыль, як ты працуеш з тэмай». 

«Замову» прыдумаць герояў даў Рыме «дарагі муж і сябра ў адной асобе», Жэня. Ён стварае мабільную праграму для дзяцей па вывучэнні мовы — Lemantar. Гэта інтэрактыўная гульня, дзе трэба па малюнках адгадваць беларускія словы.

Героі стыкерпака «Лемантар»

«Жэня прапанаваў мне (усё роўна замоваў няма) пачаць ствараць аўтарскія малюнкі для праграмы. І я пачала маляваць. Першай задачай было намаляваць заставачкі для праходжання ўзроўняў. Прынцып такі — ты добра праходзіш, і на экране высвечваецца колькасць балаў і нейкі забаўляльны малюначак, які дэманструе твой узровень — ад маленькага да вялікага. Гэта я і спрабавала перадаць жывёламі. Самы маленькі, першы ўзровень — гэта хрушч. Потым — мышка, шчупак, і гэтак далей, да зубра. То-бок ты расцеш — і як гулец, і як жывёла».

Для «Лемантара» Рыма намалявала 11 жывёл. Тых 9, што ўвайшлі ў стыкерпак, і яшчэ слана і кіта.

«Калі гэтая серыя была ўжо намаляваная, я вырашыла паспрабаваць зрабіць стыкеры. Паколькі тут няма адзінага героя, прыйшлося шукаць агульную тэму. Я засяродзілася менавіта на тых, хто жыве ў Беларусі. Слон і кіт засталіся «не пры справах». Але, можа, і іх час настане».

Для шырокага кола карыстальнікаў 

Характар стыкерпака Рыма называе «іранічна-пяшчотным. І крышачку суровым».

«Уяўляю такога, ведаеце, падлетачка альбо перадпадлетачка, які гэтымі сцікерамі элегантна адмахваецца ад маміных і татавых паведамленняў, не хочучы пакрыўдзіць, але ж і паказваючы свае гонар і годнасць».

Але ўзроставых абмежаванняў стыкерпак, безумоўна, не мае — налепкі аўтарка адрасуе ўсім, хто любіць беларускую мову і «проста любіць».

У першы ж дзень пасля публікацыі стыкераў Рыма атрымала шмат водгукаў на іх.

«Я нават не магла ўявіць, што мае стыкеры знойдуць такі водгук у сяброў і знаёмых. Гэта так кранальна і крута! Проста ваў!»

І што далей?

«Цяпер я цалкам змяніла сваё жыццё і займаюся ілюстрацыяй», — расказала Рыма. Што тычыцца натхнення, яна кажа, пра сябе: «Унутры я вогненны чалавек». І каб натхніцца, ёй шмат не трэба:

«Гэта, напэўна, каўказская частка ва мне абуджаецца — я на палову абхазка, а можа, і проста таму, што я знайшла сваю любоў і свой шлях. Але пажывём — паглядзім».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру