Мапа стану фронту па стане на 1 кастрычніка паводле «Рыбаря». Расійскія войскі б'юцца за калідор ад Лімана да Крамянной

Мапа стану фронту па стане на 1 кастрычніка паводле «Рыбаря». Расійскія войскі б'юцца за калідор ад Лімана да Крамянной

«У самім горадзе Ліман застаецца не такі вялікі кантынгент абарончага гарнізона: усе войскі рассяроджаныя ўздоўж дарогі Ліман — Зарэчнае — Торскае і на ўскраінах Лімана, Ямпаля і Стаўкоў», — піша расійскі франтавы блогер «Рыбарь», рыхтуючы грамадскую думку да пакідання Лімана.

Ці ўдасца расійскім войскам прарвацца з ліманскага атачэння, ці частка іх трапіць ў палон? Паведамленні з фронту пакуль супярэчлівыя. 

«Батальён «БАРС» адведзены з Дробышава ў раён Крамянной. Хлопцы жывыя», — паведамляе расійскі прапагандыст WarGonzo.

«У Лімане многа што не так, як здаецца. Да пазітыву далёка», — паведамляе «Сладков+».

«Незалежна ад таго, чым скончыцца ліманская эпапея, хлопцы нават не ўяўляюць да канца, што яны зрабілі. Украіне патрэбны быў тэмп, трэба было лавіць момант пасля Харкаўскага наступу і ціснуць нас на ўсіх напрамках. Яны былі на куражы, у іх быў рэсурс, цалкам рэалістычныя планы, ініцыятыва … але сутыкнуліся з супрацівам у Лімане і завязлі, — суцяшае расійскі камандзір Аляксандр Хадакоўскі. — Нават калі гарнізон Лімана падзе — сваю звышзадачу ён выканаў».

29 верасня ўкраінскія войскі ўзялі Ямпаль і Стаўкі, тым самым практычна замкнулі кола акружэння вакол Лімана, які ўтрымліваюць некалькі тысяч расійскіх вайскоўцаў.

Уначы з 29 на 30 верасня расійскі гарнізон Дробышава адступіў у бок Лімана. Паведамлялася, што ўкраінскія войскі прастрэльваюць дарогі Ліман — Сватава і Ліман — Крамянная.

30 верасня з'явіліся паведамленні пра тое, што расійскае камандаванне кінула рэзервы, каб прарваць атачэнне Лімана. Паводле інфармацыі расійскіх блогераў, пад Крамянную перакінулі «вагнераўцаў» з-пад Бахмута і часткі Паўднёвай вайсковай акругі. Ідуць баі, пра іх вынік пакуль не паведамляецца.

У мясцовых чатах пішуць, што, у прыватнасці, працягваюцца баі за Торскае — пасёлак на дарозе Ліман — Крамянная.

Украінскае камандаванне не паведамляе пра вызваленне населеных пунктаў, пакуль не дасягае працяглага і ўстойлівага кантролю над імі.

Ліман — горад на поўнач ад левага берага Северскага Данца. Да вайны ў ім жыло каля 22 тысяч чалавек. Расійскія войскі занялі яго 29 мая, пасля баёў.

Паўночней украінцы стварылі шматлікія плацдармы на левым беразе ракі Аскол і наступаюць ад Лазавой, Купянска ды Двурэчнай у кірунку Баравой і Сватава.

Сватава — райцэнтр на поўначы Луганскай вобласці, да вайны ў ім жыло 16 тысяч чалавек. Расійскія войскі акупавалі горад 6 сакавіка, на 11-ы дзень вайны.

Вызваленне Сватава мела б як стратэгічныя, так і маральныя наступствы. Гэта быў бы першы вызвалены райцэнтр Луганскай вобласці, якая на сёння амаль цалкам кантралюецца расійскімі войскамі.

У выніку імклівага наступу 5—10 верасня ўкраінская армія вызваліла Балаклею, Купянск, Ізюм і Ваўчанск, а расійскія злучэнні хаатычна адступілі на левыя берагі рэк Северскі Данец і Аскол. У выніку расіянам не ўдалося стварыць надзейнай лініі абароны па гэтых рэках, як яны спадзяваліся, але і ўкраінская армія не заняла з налёту Ліман і Сватава.

Баі рознай інтэнсіўнасці на подступах да гэтых гарадоў працягваюцца ўжо амаль два тыдні.

Адначасова расійскія блогеры і камандзір Аляксандр Хадакоўскі паведамілі, што расійскія войскі пакінулі раней захопленыя пазіцыі ў Мар'інцы і Пясках пад Данецкам.

У той жа час пад Херсонам і Запарожжам працягваюцца пазіцыйныя баі, лінія фронту не мяняецца.

Выглядае, што рэзервы расійскага камандавання вычарпаліся, і спадзявацца Расіі застаецца толькі на новых мабілізаваных. Але і Украіна пакуль не мае дастаткова рэзерваў і авіяцыі, каб ствараць вялікія катлы, і абмяжоўваецца павольным прасоўваннем.

Клас
95
Панылы сорам
1
Ха-ха
6
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
11