Лапо распавёў, што Украіна са свайго боку ўзарвала пагранмасты і замініравала дарогі, «ставяць супрацьтанкавыя міны ў тры шэрагі на дарогах». 

Гэта сведчыць пра гатоўнасць Украіны абараняцца, а не наступаць, і такія меры не лішнія з улікам таго, што ў лютым 2022-га ўварванне адбылося з тэрыторыі Беларусі. Аднак у беларускага генерала гэта выклікае прэтэнзіі.

Паводле кіраўніка ДПК, з украінскага боку «выходзяць на мяжу не памежнікі — тэрытарыяльная абарона».

«Зведваем мы на сабе ціск, цэляцца ў нашых пагранічнікаў, часам страляюць у паветра, вядзецца пастаянная паветраная разведка», — заявіў ён.

У той жа час на АНТ выйшаў сюжэт, дзе прапагандыст Ігар Тур распавядае, што з украінскага боку мяжу патрулююць «алкаголікі і наркаманы са зброяй у руках».

«Ці не прыйдзе ім у галаву па п’яні ці па дурасці адкрыць агонь у бок чалавека на беларускім баку. Адзін такі дурань на мяжы можа не толькі забіць чалавека, але і справакаваць узброены канфлікт, калі забітым акажацца беларускі памежнік», — прадракае ён.

Сёння ўкраінская выведка заявіла, што Расія спрабуе ўцягнуць Беларусь у адкрытую вайну з Украінай.

У сваю чаргу, улады Беларусі абвінавацілі Кіеў у падрыхтоўцы ўдару па Беларусі, паслу ўручылі ноту. У ноце беларускі бок сцвярджае, што Украіна нібыта плануе нанясенне ўдару па тэрыторыі Беларусі.

«Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, мы катэгарычна не прымаем чарговыя інсінуацыі беларускага рэжыму. Не выключаем, што ўручэнне дыпламатычнай ноты можа быць часткай плана Расійскай Федэрацыі па ажыццяўленні правакацыі і наступным абвінавачванні Украіны», — выказаліся ў МЗС Украіны.

Клас
7
Панылы сорам
92
Ха-ха
10
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
103