Фота: скрыншот з відэа

Нізы не могуць, вярхі баяцца

Расійскі палітычны аглядальнік Максім Трудалюбаў адзначае, што на фоне няўдач на фронце пазіцыі Пуціна сапраўды слабеюць. Расійскія эліты, на яго думку, ужо сытыя па горла вайной, яе падтрымка з боку насельніцтва таксама зніжаецца. «Але гэта яшчэ не азначае, што ў бліжэйшы час ён сапраўды можа страціць уладу.

Нягледзячы на тое, што сітуацыя не падабаецца многім прадстаўнікам эліты, у іх няма дастатковай волі, каб рызыкнуць і пайсці супраць Пуціна», — кажа ён.

Іншым фактарам, які пры пэўным развіцці падзей можа негатыўна паўплываць на пазіцыю Пуціна — рашэнне Украіны на заканадаўчым узроўні замацаваць немагчымасць правядзення перамоваў з Расіяй, пакуль краінай будзе кіраваць Пуцін.

«Прамой пагрозы яго ўладзе ў гэтым, вядома, няма, але калі сітуацыя на фронце працягне развівацца ў тым жа рэчышчы, што і цяпер, то можна выказаць здагадку, што тыя самыя эліты захочуць перамоваў, а каб яны маглі адбыцца, ім трэба будзе пазбавіцца Пуціна. Але складана ўявіць, што гэта можа адбыцца ў самы бліжэйшы час».

Максім Трудалюбаў, аглядальнік газет «Ведомости» і New York Times. Фота: скрыншот «Ток»

Пры гэтым Трудалюбаў не выключае, што калі будзе жаданне ў двух бакоў, то можна знайсці таго, хто замест Пуціна возьме ўдзел у перамовах.

«Нягледзячы на тое, што многія ў асяроддзі Пуціна незадаволеныя ім, яго рана скідаць з рахункаў. Ён захоўвае за сабой велізарны сілавы, фінансавы і адміністрацыйны рэсурс. У яго асяроддзі ўсе ведаюць, што нелаяльнасць караецца вельмі строга».

Што тычыцца звяржэння Пуціна нізамі, то, на думку Трудалюбава, гэта яшчэ менш імаверны сцэнар.

Нават у выпадку, калі вайна супраць Украіны апынецца поўным правалам і вялікая частка насельніцтва Расіі перастане падтрымліваць прэзідэнта, у яго застанецца магчымасць утрымліваць уладу сілавым метадам, як гэта робіць Лукашэнка.

«На прыкладзе Беларусі вы самі можаце назіраць, як чалавек працягвае заставацца ва ўладзе нягледзячы на тое, што велізарная частка насельніцтва настроена супраць дыктатара».

Акрамя таго, калі казаць аб бягучай сітуацыі, то, нягледзячы на падзенне рэйтынгаў, у Расіі доля тых, хто не ўхваляе дзейнасць Пуціна, не дасягае хоць бы паловы апытаных. (Вынікі апытанняў, зрэшты, могуць быць моцна скажоныя ў сілу спецыфікі іх правядзення ва ўмовах аўтарытарнай сістэмы ўлады, адзначае аналітык.)

Найбольш важным працэсам, які цяпер адбываецца ў Расіі, Трудалюбаў называе масавыя ўцёкі расіян пасля абвяшчэння частковай мабілізацыі.

«Па апошніх даных, за гэты перыяд Расію пакінула больш за 700 тысяч чалавек, не улічваючы тых, хто з'ехаў у Беларусь. Гэта велізарныя лічбы для РФ. Прычым гэта з'ехалі звычайныя людзі, а не журналісты ці інтэлектуалы. Гэта ўсё людзі, якія ў большасці сваёй раней не думалі аб палітыцы, але палітыка іх дагнала і яны пабеглі».

Стаўленне да вайны паступова мяняецца

Той факт, што расійскія ўлады, абвясціўшы мабілізацыю, не сталі закрываць межы, аналітык тлумачыць тым, што такім чынам яны пазбягаюць магчымасці сутыкнуцца з сапраўды масавымі пратэстамі.

Аглядальнік адзначае, што на фоне паспяховага контрнаступлення Украіны і абвешчанай мабілізацыі сярод насельніцтва Расіі стаўленне да вайны паступова мяняецца, і гэтыя змены ідуць не на карысць Пуціну.

«Нельга безумоўна давяраць вынікам апытанняў, якія цяпер праводзяць у РФ, калі працуе гэтая шалёная прапаганда, але нават яны паказваюць, што настроі ў грамадстве мяняюцца».

Фота: Мінабароны РФ

Вайна — гэта праект Пуціна

Што тычыцца перспектыў завяршэння вайны, то Максім Трудалюбаў упэўнены, што сыход Пуціна ад улады можа прывесці да завяршэння вайны. Калі, вядома, яго месца не зоймуць такія людзі, як Мікалай Патрушаў або Дзмітрый Рагозін.

«Вайна — гэта праект Пуціна, таму заканчэнне вайны з яго сыходам ад улады вельмі нават рэалістычнае», — лічыць ён.

Пры гэтым, аналітык выразна падзяляе сам факт завяршэння вайны і нармалізацыю адносін з цывілізаваным светам. На яго думку, гэты працэс у любым выпадку будзе складаным і доўгім.

«Ні пра якую хуткую нармалізацыі адносін Расіі з астатнім светам гаворка не ідзе. Працэс будзе моцна залежаць ад таго, якая кааліцыя прыйдзе да ўлады пасля Пуціна, бо само адхіленне Пуціна ад улады далёка не ва ўсіх выпадках будзе азначаць канец яго рэжыму. Пры змене Пуціна, але захаванні рэжыму будзе адна размова, пры змене рэжыму — іншая».

Трудалюбаў упэўнены, што любому новаму кіраўніцтву Расіі неабходна будзе наладжваць адносіны з заходнімі краінамі, бо эканоміка будзе адчуваць сабе ўсё горш.

«Думаю, на гэта могуць сысці дзясяткі гадоў. Санкцыі будуць заставацца, роўна як і сам недавер да Расіі. Украіна нікуды не дзенецца, яе народ і кіраўніцтва заўсёды будуць супраць нармалізацыі адносін з РФ, таму краіна ў любым выпадку апынецца ў вельмі складанай сітуацыі».

Беларусі можа стаць прасцей

У той жа час аглядальнік адзначае, што новаму кіраўніцтву Беларусі наладжваць адносіны з Еўропай будзе прасцей. Вядома, пры ўмове, што Беларусь будзе незалежнай і месца Лукашэнкі зойме дэмакратычна абраны лідар, а не стаўленік Крамля ці самога Лукашэнкі.

Закранаючы тэму Беларусі, расійскі аглядальнік адзначае, што Лукашэнка наўпрост залежны ад Пуціна, таму яму будзе вельмі складана ўтрымліваць уладу, калі Пуцін перастане быць прэзідэнтам РФ.

Фота: AP

«Гледзячы з нашага боку, мы бачым, што

ўлада Лукашэнкі цалкам трымаецца на Пуціне. Пасля яго сыходу Лукашэнка доўга не пратрымаецца. Я думаю, што беларускае грамадства пасля змены кіраўніка Крамля зможа аднавіць суб'ектнасць. Відавочна, краіне патрэбныя будуць новыя сапраўдныя выбары».

Аднак, кажучы пра перспектывы Беларусі вырвацца з лап Крамля, аглядальнік адзначае, што гэта будзе моцна залежаць ад таго, хто будзе кіраваць Расіяй пасля Пуціна.

Класкоўскі: Рэжым Пуціна расхістваецца

Беларускі палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі таксама звяртае ўвагу на тое, што ўжо цяпер мы можам назіраць, як пачынаецца пэўнае бурленне ў Расіі, як з’яўляецца крытыка бяздарнага правядзення так званай «спецаперацыі». Пазіцыі Пуціна, на ягоную думку, на гэтым фоне пакрысе становяцца больш хісткімі.

Адным з варыянтаў, як расійскі прэзідэнт можа хутка страціць уладу, Класкоўскі лічыць загад ужыць ядзерную зброю. «Калі ўявіць, што ён наважыцца аддаць такі загад, то мы павінны разумець, што не ўсе людзі ў яго атачэнні такія ж камікадзэ, што гатовыя, як казаў Пуцін, трапіць у рай. Ім яшчэ хочацца тут пажыць».

Для Лукашэнкі, на думку эксперта, таксама не існуе пазітыўных варыянтаў развіцця падзей.

«Пуцін можа прымусіць яго адправіць сваіх вайскоўцаў ваяваць супраць Украіны або прынамсі дазволіць паўтарыць наступ на Кіеў ці Валыншчыну з тэрыторыі Беларусі».

Абодва гэтыя варыянты аналітык называе максімальна небяспечнымі для Лукашэнкі, бо глыбейшае ўцягванне Беларусі ў вайну прывядзе да ахвяр, у тым ліку сярод мірных грамадзян.

«Украінскія вайсковыя эксперты кажуць, што ўкраінскі бок гэтым разам чакаць не будзе і пачне наносіць прэвентыўныя ўдары па скапленнях войскаў, па нейкіх транспартных вузлах. Таму нават калі беларускія вайскоўцы не будуць удзельнічаць у вайне на тэрыторыі Украіны — усё адно мала не здасца, могуць загінуць і цывільныя людзі».

Таксама Класкоўскі адзначае, што калі Лукашэнка пагодзіцца адправіць сваіх вайскоўцаў на фронт, то ён можа сутыкнуцца з незадавальненнем з боку як цывільнага насельніцтва, так і сілавікоў.

«Адна справа — гэта калі ты бегаеш з дручком па горадзе і разганяеш бяззбройны натоўп, а іншая — калі цябе адпраўляюць на рэальную вайну.

Таму калі ўявіць сабе, што на гэтай вайне пачнуць гінуць беларускія вайскоўцы, то гэта таксама можна ўзмацніць напружанасць унутры краіны, у тым ліку і сярод значнай часткі сілавікоў. Лукашэнка адчувае ў гэтым плане небяспеку», — лічыць эксперт.

Праблема Лукашэнкі — немагчымасць нармалізаваць адносіны з Захадам

«Для таго каб пачаць дыялог, яму трэба спыніць рэпрэсіі, выпусціць палітвязняў і самае галоўнае — запатрабаваць ад Масквы вывесці расійскія войскі з беларускіх земляў. Апроч гэтага, і сам Крэмль будзе вельмі пільна адсочваць, каб Лукашэнка не віляў і не саскокваў. З гэтага вынікае, што добрых варыянтаў для Лукашэнкі няма. У кожным разе перспектывы для яго кепскія.

Ён ужо даўно прайшоў гістарычную развілку, калі мог адносна спакойна для сабе адысці ад улады і застацца ў гісторыі палітыкам не з такім негатыўным іміджам, як цяпер».

Фота: AP/Ramil Sitdikov

Абодва рэжымы асуджаныя на паразу

Але, нягледзячы на ўсе дадатковыя рызыкі для Пуціна і Лукашэнкі, абодва палітыкі, на думку Класкоўскага, яшчэ маюць пэўны запас трываласці.

«Яны абодва будуць учэпіста трымацца за ўладу, бо разумеюць, што ў іншым выпадку іх чакае кепскі лёс. Таму думаць, што праз некалькі тыдняў захістаецца спачатку адзін рэжым, а потым другі — пакуль не выпадае.

Іншая рэч, што ў гістарычным плане абодва гэтыя рэжымы, якія кінулі выклік больш перадавому заходняму дэмакратычнаму свету — яны асуджаныя на паразу. Але вось колькі часу зойме дэградацыя і распад гэтых рэжымаў — сказаць на сёння цяжка, бо надта шмат непрадказальных фактараў», — кажа Класкоўскі.

Разважаючы, ці атрымаецца ў Лукашэнкі застацца ва ўладзе пасля сыходу Пуціна, Класкоўскі адзначае, што сыход цяперашняга расійскага правадыра не абавязкова будзе азначаць канец ягонага рэжыму.

«Момант аслаблення Расіі адкрывае дадатковае акно магчымасцей для пазітыўных перамен у Беларусі. Аднак атрымаецца скарыстацца гэтай магчымасцю ці не — пытанне адкрытае».

Аналітык падкрэслівае, што рэжым Лукашэнкі і надалей можа трымацца выключна за кошт рэпрэсіўнай машыны.

Фота: скрыншот з відэа

«Мы пабачылі, што Лукашэнка не мае ніякіх псіхалагічных і маральных тармазоў у сэнсе здушэння пратэстаў. Таму рэсурс у гэтай рэпрэсіўнай палітыкі можа быць вялікі.

У найгоршым выпадку мы можам атрымаць варыянт Паўночнай Карэі з абсалютна таталітарным грамадствам. На жаль, назірацца менавіта такая тэндэнцыя. Але тут узнікае пытанне, наколькі магчыма стварыць такую цытадэль у цэнтры Еўропы».

Класкоўскі лічыць, што прынамсі на вельмі працяглы перыяд стварыць аналаг Паўночнай Карэі ў Беларусі немагчыма, хоць і адзначае, што гэта можа вымярацца гадамі.

Беларускі экс-дыпламат: Пуцін будзе гатовы на ўсё

Экс-дыпламат Павел Слюнькін лічыць, што пакуль далёка не тая сітуацыя, каб разважаць над тым, што Пуцін у хуткім часе можа згубіць уладу, але адзначае, што ў выніку паразы ў вайне такі варыянт развіцця падзей выглядае цалкам імаверным. Сам Пуцін, на яго думку, гэта выдатна разумее, таму будзе рабіць усё, каб гэтага не адбылося.

«Калі стала відавочным, што яго першапачатковыя планы ва Украіне праваліліся, а ён працягваў усё далей заганяць сябе і краіну ў кут — з’явілася разуменне, што псіхалагічна Пуцін будзе гатовы на ўсё, нават на выкарыстанне ядзернай зброі, калі альтэрнатывай гэтаму будзе страціць сваю ўладу», — упэўнены Слюнькін.

Павел Слюнькін

Каб казаць пра наступствы ў выніку паразы Расіі ў вайне супраць Украіны, былы дыпламат прапануе спачатку вызначыцца з тым, што мы разумеем пад паразай.

«Калі пад паразай Расіі мы будзем мець на ўвазе, што Украіна адновіць сваю тэрыторыю да тых межаў, якія яна кантралявала па стане да 24 лютага, то гэта адно. Калі за пройгрыш лічыць тое, што Расія не дасягнула тых мэтаў, якія яна першапачаткова перад сабой ставіла, то гэта іншае.

Бо ў такім выпадку можна казаць, што Расія ўжо прайграла. Яна не змагла захапіць Украіну, змяніць у ёй уладу і цалкам падпарадкаваць сабе. Не ўдалося Расіі і змяніць сістэму міжнародных адносін, на што расійскія ўлады яўна спадзяваліся, пачынаючы гэтую вайну. Таму ўсё гэта можна ўжо разглядаць як пройгрыш. Але як бачым, гэта ўсё не прывяло да змены ўлады ў РФ», — адзначае ён.

Таму аналітык не лічыць, што расійская ўлада цяпер моцна дэстабілізаваная.

«Аднак далейшае развіццё трэнду, які ёсць зараз, калі Украіна працягне вызваляць свае тэрыторыі, калі колькасць забітых з ліку мабілізаваных будзе расці і расці, то гэта, канешне, будзе ўплываць на ўнутраную стабільнасць Расіі. Такое развіццё падзей павялічыць колькасць выклікаў для Пуціна і людзей вакол яго», — мяркуе ён.

Замацаванне на заканадаўчым узроўні немагчымасці весці перамовы з Пуціным, Слюнькін называе моцнай зменай у перамоўнай стратэгіі Украіны, якая па сутнасці ставіць крыж на магчымасці весці перамовы з сучасным кіраўніцтвам Расіі.

Пры гэтым, суразмоўца не ўпэўнены, што гэта неяк моцна паўплывае на самога Пуціна, таксама былы дыпламат выказвае сумнеў, што ўкраінскі бок у выніку будзе на 100% прытрымлівацца гэтай пазіцыі.

«Калі ўявім, што Пуцін раптам пагаджаецца цалкам вывесці свае войскі да пазіцый 24 лютага і нават абмяркоўваць пытанне вяртання Крыма, то з такой перамоўнай пазіцыяй Расіі Украіна будзе гатовая весці перамовы і з ім.

Фота: скрыншот з відэа

Цяпер украінскі бок у сваіх тактычных мэтах такім чынам наўмысна паслабляе пазіцыі Пуціна. Яны такім чынам паказваюць расійскім элітам, грамадству, генералітэту, што вы можаце пазбегнуць смерцяў сваіх людзей, выкарыстання ядзернай зброі, можаце нават захаваць уладу і маёмасць у Еўропе, калі вы скінеце Пуціна. Таму Украіна штучным шляхам стварае дадатковую пагрозу для кіраўніка Крамля. У пэўным сэнсе гэта работа на нейкі наменклатурны пераварот».

Што тычыцца перспектыў Лукашэнкі застацца ва ўладзе, калі Пуцін раптам перастане быць прэзідэнтам РФ, то Слюнькін звяртае ўвагу на тое, што ўсё будзе моцна залежаць ад таго, якім чынам зменіцца ўлада ў РФ і хто зойме месца Пуціна.

«Калі гэта будзе дэмакратычная ўлада, то гэта адно, а калі новым прэзідэнтам стане, напрыклад, Патрушаў, то гэта іншае. Магчыма, месца Пуціна зойме чалавек, які будзе гатовы адпусціць Украіну, але пры гэтым будзе рабіць усё, каб хаця б Беларусь засталася пад уплывам Масквы, а не абрала іншы шлях развіцця.

Таксама многае будзе залежыць ад таго, як адбудзецца гэтая змена. Бо адна справа, калі Пуцін прызначыць на сваё месца пераемніка, а іншая, калі ў краіне адбудзецца рэвалюцыя ці нейкі прадэмакратычны пераварот».

Фота: скрыншот з відэа

У Беларусі будзе шанец

«У такім выпадку можа здарыцца тое, што мы назіралі ў апошнія гады існавання СССР, калі ён быў аслаблены знутры і ў яго проста не было дастаткова рэсурсаў, каб утрымліваць тэрыторыі пад сваім кантролем ці забяспечваць іх лаяльнасць. Гэта тады стала шанцам для дэмакратычных перамен для краін савецкага блоку».

Пры такім развіцці падзей, на думку Паўла Слюнькіна, у Беларусі сапраўды можа з’явіцца шанец змяніць уладу і вырвацца з лап Крамля, але ці ўдасца скарыстацца такой магчымасцю — таксама вялікае пытанне.

«Па-першае, змена пуцінскай улады цалкам не значыць, што Лукашэнка аўтаматычна згубіць падтрымку Расіі, а па-другое, невядома, у якім стане будзе беларускае грамадства, каб гэтым шанцам скарыстацца». 

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»

Чытайце таксама: Эксперты: Калі Расія вырашыць выкарыстаць ядзерную зброю, то ўвесь свет будзе пра гэта ведаць 

Акупацыйныя ўлады Херсонскай вобласці аб'явілі эвакуацыю жыхароў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

19
Нажаль шанцу ня будзе / Адказаць
19.10.2022
Да правала расеі ў Украіне яшчэ вельмі далека, судзячы па апошнім навінам у расеі хапае і ракет і жадаючых ісці на фронт
1
Гiтлерамкапут / Адказаць
19.10.2022
Павесяць. Абодвух.
0
Гэты гэнага піхнуў, гэны паваліўся / Адказаць
19.10.2022
Паўночная Карэя тутука будзе. Я не сыйду, калі вы мяне толькі не заб'еце - яго словы, ён тутака да пакуль нагамі наперад не вынясуць. Краіна невялікая, сілавікоў ды зброі шмат, узброенага падпольля няма, чаго палохацца. Прапаганда кінулася цкаваць Літву з Польшчай, ведаю, што шмат яго электарату гэтае лайно не то, што лыжкамі, палоўнікамі сёрбае. Адно сучяшае, што гэта ўжо каму за 60-70, акрамя лаю не здужаюць анічога, у счэпку ды ланцужкі не стануць, калі толькі ўслед труне ягонай паглядзець.
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру