Любы чалавек, які хоць раз быў у Берліне, ведае, што Тыргартэн — велізарны парк, плошчай больш за 200 гектараў. Калі б яго і праўда высякалі на дровы, гэта не засталося б незаўважаным.
Фота: Wikimedia Commons.
Парк мае важнае культурнае і рэкрэацыйнае значэнне, ніхто б яго проста так не высякаў.
Але адкуль гэтая прапагандысцкая лухта ўзялася на лукашэнкаўскіх рэсурсах?
«Жыхары Берліна з-за недахопу паліва ссеклі амаль усе дрэвы ў цэнтральным парку Тыргартэн у Берліне для ацяплення сваіх дамоў. Пра гэта са спасылкай на Bloomberg інфармуе «Газета.ru», — паведамляе АНТ.
Тут нічога дзіўнага няма. Лукашэнкаўскія медыя часта публікуюць навіны замежжа з расійскіх смеццевых сайтаў. Яны капіююць і штампуюць навіны, нават не правяраючы першакрыніцы.
Але што гаворыцца ў першакрыніцы, на «Блумбергу»?
«У Берліне крызіс нагадвае аб трывожных адгалосках наступстваў Другой сусветнай вайны — спусташэнні і запусценні. Тады з-за недахопу паліва жыхары ссеклі амаль усе дрэвы ў цэнтральным парку Тыргартэн для ацяплення. І хоць цяпер берлінцы не збіраюцца ісці на такія крайнасці, клопат пра захаванне цяпла з'яўляецца распаўсюджаным», — гаворыцца ў першакрыніцы.
Як бачым, гаворка ішла пра тое, што парк высеклі пасля Другой сусветнай, а не зараз.
З галоўным берлінскім паркам усё добра.





