Перш чым перайсці да зімовых святаў, распавядзем пра найбліжэйшыя доўгія выходныя — яны працягнуцца з 5 па 7 лістапада, бо апошняя дата — дзяржаўнае свята і выпадае на панядзелак.

Каталіцкае Раство, 25 снежня, будзе ў нядзелю, таму дадатковага адпачынку сёлета не прадбачыцца.

Навагоднія святы таксама выпадаюць на не самыя ўдалыя дні. 31 снежня — на суботу, 1 студзеня — на нядзелю. Але ж колькі год таму ў Беларусі афіцыйна замацавалі як выходны і 2 студзеня, таму адысці ад Новага года можна будзе яшчэ і ў панядзелак.

Праваслаўнае Раство, 7 студзеня, — гэта таксама субота. 8 сакавіка трапіць на сераду і, імаверна, гэта будзе адзін выходны сярод тыдня.

Радаўніца ў наступным годзе — 25 красавіка. Таму, згодна з традыцыяй, беларусаў дакладна чакае адпачынак у нядзелю 23-га, панядзелак 24-га і аўторак 25-га. Але ж у якую суботу мы будзем адпрацоўваць панядзелак, пакуль невядома: 22 красавіка ці праз тыдзень. Ад гэтага будзе залежаць, адпачынак працягнецца тры ці чатыры дні.

А там неўзабаве і майскія. 1 мая выпадзе на панядзелак, 9-га — на аўторак. Хутчэй за ўсё, 8 мая будзем таксама адпачываць, але ж паўстае тое ж пытанне, што і з Радаўніцай: на якую суботу перанясуць панядзельнічную працу.

3 ліпеня, афіцыйны Дзень Незалежнасці, будзе ў панядзелак. 7 лістапада праз год будзе ў аўторак (і зноў могуць атрымацца доўгія выходныя за кошт пераносу панядзелка).

Каталіцкае Раство ў 2023 годзе будзе адзначацца ў панядзелак, што дасць магчымасць пагуляць тры дні. А навагоднія святы з 2023 на 2024 год увогуле расцягнуцца на чатыры дні, бо 1 студзеня будзе ў панядзелак, а 2-га таксама афіцыйны выходны.

Клас
8
Панылы сорам
11
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
2