Аун Сан Су Чжы, якой цяпер 77 гадоў, была ўзятая пад варту ў першы ж дзень ваеннага перавароту ў М'янме, здзейсненага ў лютым 2021 года. Цяпер яе ўтрымліваюць у адзіночнай камеры ў сталіцы краіны Нейп'ідо.

Вайсковыя ўлады краіны абвінавацілі яе прынамсі ў 18 злачынствах, у ліку якіх хабарніцтва, парушэнне правіл правядзення выбараў, незаконнае валоданне рацыямі і парушэнне абмежаванняў падчас пандэміі. Агулам яны могуць абярнуцца максімальным турэмным тэрмінам амаль у 190 гадоў.

Апошні па часе прысуд звязаны з абвінавачваннямі Аун Сан Су Чжы ў атрыманні хабараў ад бізнэсоўца, паведаміла агенцтву «Ройтэрс» неназваная крыніца. У выніку яна атрымала два трохгадовыя турэмныя тэрміны, якія будуць ісці паралельна.

Аун Сан Су Чжы лічыць выстаўленыя супраць яе абвінавачванні абсурднымі і адмаўляе любыя правапарушэнні. Судовыя працэсы супраць яе праходзяць у закрытым рэжыме. Прыхільнікі былой лідаркі краіны настойваюць, што хунта заключыла яе за краты, каб перашкодзіць ёй калі-небудзь зноў займацца палітыкай ці аспрэчваць уладу вайскоўцаў.

Вайскоўцы М'янмы пакуль ніяк не каментавалі сітуацыю. Рэжым сцвярджае, што суды ў краіне незалежныя, і ўсе прававыя працэдуры цалкам выконваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
15