Нагадаем, Злучаныя Штаты лічаць, што прымяненне расійскімі сіламі беспілотнікаў, атрыманых ад Ірана, паказала іх «шматлікія няўдачы» на поле бою. Пра гэта на брыфінгу ў пятніцу сказала намесніца намесніка міністра абароны ЗША па палітычных пытаннях Саша Бэйкер. Яна дадала, што іранскія дроны не даюць Расіі тэхналагічнай перавагі ў поўнамаштабнай вайне.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што выкарыстанне Расіяй іранскіх дронаў не дае ёй эфекту, параўнальнага з тым, што аказалі на ход вайны ракетныя ўстаноўкі HIMARS, якія з'явіліся ва ўкраінскай арміі.

Рэгулярна і ўкраінцы паведамляюць, як збіваюць большую частку іранскіх дронаў. Але ў чым жа іх небяспека?

Першая праблема, што яны вельмі танныя, каштуюць усяго дзясяткі тысяч даляраў.

«Іранскія беспілотнікі не такія ўжо і дарагія, улічваючы, што яны ўтрымліваюць камерцыйныя кампаненты. Украінская адзнака Shahed-136 прыкладна ў $20 000 гучыць правільна. Яны могуць быць эфектыўнымі, паколькі могуць быць выкарыстаны і для удараў па ваенных цэлях, а таксама як псіхалагічная зброя, калі атакуюць Адэсу і Белую Царкву, якія знаходзяцца далёка ад лініі баявых дзеянняў», — тлумачыць Forbes Украіна саветнік Цэнтра стратэгіі, палітыкі, планаў і праграм CNA, навуковы супрацоўнік Цэнтра новай амерыканскай бяспекі Сэмюэль Бендэтт.

Па словах аналітыка, яны могуць быць дастаткова дакладнымі. Іх запускаюць у вялікіх колькасцях, каб пераадолець украінскую супрацьпаветраную абарону і прайсці яе — рана ці позна адзін Shahed-136 можа пракрасціся і трапіць у цэль. Гэтая насычанасць робіць танныя і шматлікія дроны такімі небяспечнымі.

Іранскія беспілотнікі нібыта ўжо пачалі збіраць на тэрыторыі Расіі з камплектуючых, якія дастаўляюцца транспартнымі самалётамі з Тэгерана. Са слоў Сэмюэля Бендэтта, Расія можа сама штодня збіраць дроны-камікадзэ.

«Ёсць сцвярджэнне, што некалькі расійскіх прадпрыемстваў могуць вырабляць дзясяткі такіх дронаў штодня. Улічваючы іх нізкі кошт і адносную нескладанасць, цалкам магчыма, што Расія зможа сабраць або вырабіць вялікую колькасць гэтых беспілотнікаў», — кажа дарадца цэнтра стратэгій CNA.

Хаця дроны нашмат таннейшыя, чым крылатыя і балістычныя ракеты, украінскай СПА можа быць стратна і нявыгадна іх збіваць. Украінцы трацяць на танныя дроны дарагія ракеты СПА, якія таксама трэба папаўняць і перазараджваць устаноўкі, а гэты час могуць паляцець больш эфектыўныя крылатыя і балістычныя ракеты.

Расія працягне тэрор насельніцтва ў гарадах далёка ад лініі фронту, выкарыстоўваючы больш танныя і больш масавыя тэхналогіі, чым ракеты коштам мільёны даляраў. Для расіян важная не столькі эфектыўнасць такіх удараў, як сам факт псіхалагічнага і маральнага ціску на насельніцтва Украіны, а таксама перагрузка ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.

Ды і не варта забываць, што частка дронаў усё ж далятае да цэлі, што робіць іх вельмі небяспечнай зброяй для тэрору насельніцтва.

Клас
5
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
46