Прэс-сакратарка ўрада Германіі Крысціяна Хофман сказала, што Берлін выключае выкарыстанне «Паўночнага патоку — 2». Яна адзначыла, што Уладзімір Пуцін раней ужо рабіў заявы, аналагічныя сённяшняй прапанове аднавіць пастаўкі па цэлым трубаправодзе.

«Незалежна ад магчымых дыверсій на двух трубаправодах мы бачылі, што Расія больш не з'яўляецца надзейным пастаўшчыком энергіі і што яшчэ да пашкоджання «Паўночнага патоку — 1» плынь газу спынілася. Для нас няма падстаў меркаваць, што гэта зменіцца», — адзначыла Хофман.

«Калі Расія будзе пастаўляць [газ] праз «Паўночны паток — 1», эмбарга супраць гэтага на дадзены момант няма», — прыводзіць інфармагенцтвы словы прадстаўніка Берліна. 

Уладзімір Пуцін у сераду, 12 кастрычніка, прапанаваў запусціць ацалелую галінку «Паўночнага патоку — 2», па якой, па словах Пуціна, можна пастаўляць 27,5 мільярда кубічных метраў газу ў год.

Нагадаем, у канцы верасня выбухамі былі выведзеныя са строю абедзве галінкі «Паўночнага патоку — 1» і адна з дзвюх галінак «Паўночнага патоку — 2». Як краіны Захаду, так і Расія мяркуюць, што прычынай выбухаў была дыверсія. Нямецкія праваахоўныя органы дапускаюць, што за выбухамі можа стаяць Масква, такая ж здагадка ёсць і ў брытанскіх спецслужбаў. 

Клас
43
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
4