Пуцін у Астане. Скрыншот з відэа

Пуцін у Астане. Скрыншот з відэа

«Ва ўкраінскіх уладаў знікла жаданне весці перамовы, як толькі расійскія войскі адышлі ад Кіева. Расія заўсёды казала, што адкрыта да перамоваў», — заявіў Уладзімір Пуцін у Астане 14 кастрычніка.

Наступ на Кіеў у лютым-сакавіку 2022 года вёўся з тэрыторыі Беларусі, бо ўкраінская сталіца знаходзіцца ўсяго за 90 кіламетраў ад беларускай мяжы.

11 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра стварэнне ў Беларусі аб'яднанай беларуска-расійскай групоўкі.

У апошнія дні з'явіліся вартыя даверу паведамленні аб правядзенні ў нашай краіне прыхаванай мабілізацыі.

14 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што «аб'яднаная групоўка» будзе складацца з 70 тысяч чалавек.

Чытайце таксама: Крыніцы: Рашэнне аб мабілізацыі ў Беларусі прынятае. Яна пройдзе пад выглядам праверкі баяздольнасці

Пры гэтым раней ён адзначаў, што Украіна трымае на сваёй паўночнай мяжы каля 15 тысяч штыхоў. Гэта пераважна байцы тэрытарыяльнай абароны, элітныя і найбольш баяздольныя ўкраінскія часці вядуць баі на паўднёвым фронце.

«Цяпер няма неабходнасці ў масіраваных ударах, ва ўсякім выпадку цяпер, пакуль, цяпер іншыя задачы стаяць», — сказаў Пуцін у Астане.

Украінская і заходнія разведкі адзначалі, што, па іх інфармацыі, у Расіі амаль вычарпаны запас ракет.

Таксама Пуцін пагражаў зрывам «харчовай угоды»: «ФСБ канстатавала, што, хутчэй за ўсё, выбухоўка для надзвычайнага здарэння [выбуху] на Крымскім мосце была адпраўленая морам — але пакуль невядома, ці выкарыстоўваўся збожжавоз. Калі высветліцца, што гуманітарныя калідоры выкарыстоўваюцца для тэрактаў [Расія называе гэта тэрактам], то гэта паставіць пад пытанне збожжавую ўгоду».

Пуцін заявіў, што з запланаваных 300 тысяч у Расіі мабілізаваныя 222 тысячы чалавек. Мы не можам незалежна праверыць ні першую, ні другую лічбы.

«Думаю, што на працягу прыкладна двух тыдняў усе мабілізацыйныя мерапрыемствы будуць завершаны», — сказаў Пуцін. Па яго словах, «гэтая праца ўжо заканчваецца». Мяркуючы па маштабах адлову мужчын нават у Маскве і Пецярбургу рэальная лічба можа быць вышэйшай.

Пуцін таксама заявіў, што 16 тысяч мабілізаваных ужо знаходзяцца на фронце.

Раней сёння расійскі шавіністычны канал Zаписки мичмана Птичкина паведаміў, што на гэты момант ужо больш за 100 мабілізаваных загінулі. Першыя паведамленні пра пахаванні пачалі з'яўляцца і ў афіцыйных расійскіх СМІ.

Таксама Уладзімір Пуцін дадаў, што Расія не ставіць перад сабой задачу па знішчэнні Украіны. У лютым 2022 года, перад уварваннем, у сваіх праграмных выступах, ён адмаўляў права Украіны на існаванне і самастойнасць украінскай нацыі. У сваю чаргу, яго сатэліт Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што вайна працягнецца «тры-чатыры дні». Лукашэнка і пазней заяўляў, што «Расія не можа прайграць». Тым не менш, у сакавіку ўкраінская армія разграміла расійскую пад Кіевам і Чарнігавам, а пачынаючы са жніўня ўкраінцы перайшлі ў наступ пад Херсонам і Ізюмам. З таго моманту ініцыятыва належыць украінскай арміі. Уладзімір Пуцін абвясціў частковую мабілізацыю.

Многія ў Беларусі баяцца, што Масква змусіць мінскую адміністрацыю паслаць ва Украіну беларускіх вайскоўцаў. Іншыя мяркуюць, што гэта толькі манеўры для таго, каб змусіць Кіеў трымаць на паўночнай мяжы частку войскаў, якія б у адваротным выпадку былі б задзейнічаныя на паўднёвым фронце.

Клас
4
Панылы сорам
3
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
69