Аб уцёках спецназаўца нам стала вядома ад суразмоўцаў у сілавых органах, якія акцэнтавалі ўвагу на тым, што «кіраўніцтва рэпрэсіўнага апарата застыла ў позе няёмкага чакання».
Як нам папярэдне вядома, уцёк афіцэр у званні капітана.
Яго імя, пасада, а таксама ўзровень ягоных допускаў да інфармацыі нам пакуль невядомыя. У якіх «аперацыях» ён браў удзел, таксама невядома.
Вядома толькі, што нелегальны пераход граніцы адбыўся пры канцы верасня. А калі факт уцёку з карнага органа стаў вядомы начальству, уся група, дзе служыў перабежчык, адправілася «на каранцін», што азначае часовае адхіленне ад выканання заданняў. Спецназаўцаў правяраюць на лаяльнасць пасля кроку калегі.
З крыніц у эміграцыйных структурах «Нашай Ніве» стала вядома, што ў пераходзе мяжы спецназаўцу дапамагала антылукашысцкае падполле.
Вядома, што цяпер гэтага спецназаўца правяраюць контртэрарыстычныя службы адной з сумежных дзяржаў, але «асаблівага даверу ён не выклікае і мэты яго няясныя», сказаў «Наша Ніва» інфармаваны прадстаўнік эміграцыі.
З пачатку 2020-га года маса сілавікоў адмовілася служыць рэжыму Лукашэнкі, нейкая частка з іх перайшла ў адкрытую апазіцыю, у тым ліку старшыя афіцэры спецслужбаў і МУС.
Самы знакаміты з такіх афіцэраў — падпалкоўнік Станіслаў Лупаносаў, які, як лічыцца, вывез разам з сабой каласальны масіў даных з інфармацыяй пра злачынствы рэжыму, а таксама інфармацыйныя базы.
Чытайце таксама: Афіцэр ГУБАЗіКа, які перадаваў інфармацыю руху за свабодныя выбары, даў першае інтэрв'ю: Хай думаюць, што я адзін такі, хай супакойваюць сябе





