Адзін з філіялаў Мужчынскай гімназіі. Фота: yandex.ru

Адзін з філіялаў Мужчынскай гімназіі. Фота: yandex.ru

Восенню праз дзяржаўны ціск пачалі зачыняцца прыватныя школы, і Мужчынскай гімназіі таксама давялося прыпыніць сваю дзейнасць. Адміністрацыя ўстановы размясціла ў сваім тэлеграм-канале заяву.

«Нас выгналі з усіх памяшканняў, на адміністрацыю заводзяць крымінальныя і палітычныя справы. Мы не па сваёй волі перамясціліся ў іншую краіну. Пасля гэтага ціск на адміністрацыю ўзмацніўся, нас спрабавалі разагнаць з АМАПам, ганьбілі праз дзяржаўнае тэлебачанне, распаўсюджваючы адкрытую хлусню. Нас абклалі штрафамі, забаронамі, прадпісаннямі, штодзённымі праверкамі, адкрытым запалохваннем адміністрацыі і настаўнікаў», — пісалася там.

Разам з тым былыя супрацоўнікі расказваюць, што не ўсё ў школе было гладка. Так, напрыклад, былі пытанні з выплатай заробкаў.

«У маі 2022 яны не заплацілі супрацоўнікам прэміі за месяц і адпускныя і заявілі, што гэта — праверка на лаяльнасць. Людзі два месяцы знаходзіліся ў адпачынку без адпускных і ў жніўні выйшлі на працу. Ім напісалі, што заплацяць, бо школа ж прыватная, трэба пачакаць, пакуль бацькі пачнуць плаціць за новы навучальны год», — расказвае адзін з былых супрацоўнікаў.

Зараз, кажа ён, дырэктар гімназіі і яе заснавальнік за мяжой. Адтуль, па словах былога супрацоўніка, яны звярнуліся да бацькоў вучняў з заклікам дапамагчы, каб заплаціць заробак настаўнікам. Бацькі нібыта пералічылі каля 30 тысяч рублёў. 

Але грошы некаторыя супрацоўнікі змаглі атрымаць толькі праз суды і аддзел прымусовага выканання.

Аб праблеме з заробкамі раней у сацсетках пісаў таксама былы выкладчык рускай мовы і літаратуры ў Мужчынскай гімназіі. Незадоўга да восені звольнілі людзей з адміністрацыі гімназіі, а дырэктарам стаў сын заснавальніка навучальнай установы. Некаторых, піша былы выкладчык, звольнілі «за прагул» — сыход людзей у адпачынак не быў афіцыйна зафіксаваны.

Паколькі гімназія не мела дзяржаўнай акрэдытацыі, яна не магла выдаваць дзяржаўныя атэстаты, але 9-я і 11-я класы ў гімназіі былі. Каб здаць экзамены, некаторыя вучні на апошнюю чвэрць перад выпускам пераводзіліся ў дзяржаўную школу ці ў прыватную з дзяржаўнай акрэдытацыяй. 

«Наша Ніва» здолела пагутарыць яшчэ з некаторымі былымі супрацоўнікамі гімназіі. Яны прасілі не прыводзіць іх гісторыі, але ў некаторых выпадках звальненне насіла канфліктны характар. 

«НН» звярнулася па каментар да заснавальніка гімназіі Аляксандра Вялічкі. Той прачытаў паведамленні з пытаннямі, але не стаў іх каментаваць. 

Раней Аляксандр Вялічка распавядаў сваю версію закрыцця школы і ад'езду з краіны. Згодна з ім, праблемы ў гімназіі пачаліся на палітычнай глебе: праверкі, сцвярджаў ён, пайшлі пасля таго, як гімназія адмовілася супрацоўнічаць з БРСМ, ладзіць стэнд пра «генацыд беларусаў палякамі» і трансляваць адкрыты ўрок Лукашэнкі 1 верасня.

Былыя супрацоўнікі кажуць, што прэсінг быў: правярала санстанцыя, МНС, гарадскі камітэт па адукацыі, раённае ўпраўленне па адукацыі. Але, на іх думку, ён не звязаны з палітыкай. На 1 верасня ў асноўным будынку гімназіі не быў скончаны рамонт, і праз гэта ўзніклі праблемы з цэнтрам гігіены і раённым аддзелам МНС. Таксама на той час, як расказваюць, не былі абсталяваныя кабінеты фізікі, хіміі і біялогіі і не былі заключаныя дамовы на карыстанне лабараторыямі ў ВНУ, якія маглі б іх замяніць. Па заканадаўстве, тлумачыць былы супрацоўнік, калі памяшканне выкарыстоўваецца не ў адпаведнасці з мэтамі пабудовы, яно павінна прайсці санітарна-гігіенічную экспертызу, а яе ў некаторых класах не было.

Гімназію вырашылі стварыць у лютым 2020 года на канферэнцыі сацыяльна-асветніцкай установы «Бацькоўства» і грамадскага аб’яднання «Рада бацькоў».

Выкладанне там вялося па адукацыйнай сістэме Рускай класічнай школы. У праграме ўдзяляецца ўвага ў тым ліку і «захаванню спрадвечных традыцый і веры». Заснавальніца праграмы — жонка расійскага алігарха Таццяна Алтушкіна. Яе муж — Ігар Алтушкін, кіраўнік «Рускай меднай кампаніі», праваслаўны мецэнат. 

Заснавальнік Мужчынскай гімназіі Аляксандр Вялічка ў мінулым пратэстанцкі пастар і епіскап «Царквы Божай» у Жодзіна. Там у яго ў 2009 годзе быў канфлікт з прыхаджанамі. У заяве беларускіх пратэстантаў кажацца, што мужчына нібыта перапісаў на сваю жонку малітоўны дом, не дапусціў у будынак іншых членаў царквы і адмовіўся вяртаць царкве маёмасць, што ёй належала. Вялічку тады адлучылі ад царквы.

Хоць Мужчынская гімназія закрылася, цяпер анлайн-адукацыю прапануе яе дачэрні праект Cambridge High School (для пытанняў там пазначаны чарнагорскі нумар тэлефона). Школу рэкламуюць як месца, дзе можна навучыць дзіця хрысціянскай маралі і атрымаць амерыканскі атэстат. Самае таннае навучанне ў школе — самастойнае пад кантролем настаўніка — каштуе 55 еўра ў месяц, навучанне праз Zoom — ад 150 еўра ў месяц. У наступным годзе, сказана на сайце, яны адкрываюць некалькі школ у розных кропках Германіі, Францыі, Польшчы і Чарнагорыі.

Мінская прыватная школа, у якой паранілі дзяўчынку, закрылася

Міністр адукацыі: Больш за 90 працэнтаў вучняў прыватных школ перайшлі ў дзяржаўныя

«Партрэта Лукашэнкі ў класе не было». Беларусы, якія скончылі прыватную школу, расказалі, як яны там вучыліся

Клас
5
Панылы сорам
9
Ха-ха
1
Ого
10
Сумна
3
Абуральна
3