З моманту прыходу да ўлады дзесяць гадоў таму Сі распачаў шэраг кампаній, мэта якіх — падрыхтаваць Кітай да супрацьстаяння з Захадам. Сі ясна даў зразумець, што яго галоўная задача — вяртанне Кітая на законнае, на яго думку, месца, у якасці глабальнага гульца, роўнага ЗША. У выніку ён пачаў бачыць магчымасць сутыкнення з Захадам як усё больш імаверную.

Палітычны кірунак

У палітычным плане Сі расставіў верных сабе кадраў на ўсіх узроўнях Камуністычнай партыі і расправіўся з апазіцыяй у такіх месцах, як Ганконг і Сіньцзян, умацаваўшы свае пазіцыі і адсеяўшы замежны ўплыў.

Яму трэба было пераканацца, што ён цвёрда кантралюе партыю, якая была раз'яднаная міжусобіцамі эліты, хабарніцтвам і падзелам на фракцыі падчас кіравання ягонага папярэдніка. Сі імкнуўся зарэкамендаваць сябе як лідар, гатовы супрацьстаяць карупцыі, які знішчаў супернікаў у гучных расследаваннях, замяняючы іх лаяльнымі кадрамі.

Ён кіраваў укараненнем перадавых сістэм назірання, якія ахапілі краіну камерамі са сканаваннем твараў і сабралі велізарную колькасць даных. Пры Сі была праведзеная кампанія масавага інтэрнавання этнічнай меншасці ўйгураў, у выніку якой вялізная колькасць людзей ў паўночна-заходнім рэгіёне Сіньцзян была зняволеная ці пераселеная ў канцэнтрацыйныя лагеры.

Фота: Pixabay

Ваенны кірунак

У ваенным плане Сі рэарганізаваў Народна-вызваленчую армію, падвоіў яе бюджэт і пачаў працу па пашырэнні ядзернага арсенала Кітая. 

Абвастрылася рыторыка ў дачыненні да Тайваня, што зрабіла відавочным жаданне ўзяць кантроль над востравам, пры неабходнасці сілай.

Пашырылыся баявыя вучэнні, а ваенныя выдаткі павялічыліся да 200 мільярдаў даляраў у мінулым годзе, што больш чым удвая перавышае суму, выдаткаваную Кітаем дзесяць гадоў таму. Значная частка намаганняў Кітая была накіравана на гіпергукавыя ракеты, ядзерную зброю і авіяносцы.

Каб заахвоціць ваяўнічы дух, Сі распачаў шырокую нацыяналістычную кампанію.

Грамадзян Кітая рэгулярна папярэджваюць аб шпіёнах і загадваюць не быць вінаватымі ў «пакланенні» або «кленчанні перад Амерыкай». Такія заклікі пашырыліся ў апошнія месяцы ў дачыненні да тых кітайцаў, хто прымае англійскае імя ці ставіць пад сумнеў уварванне Расіі ва Украіну.

Фота: Pixabay

Фота: Pixabay

Эканоміка

З эканамічнага пункту гледжання Сі перанакіраваў мільярды даляраў на распрацоўку ўласных тэхналогій, у тым ліку перадавых паўправаднікоў, якія ён доўгі час купляў з-за мяжы. Ён узяў пад кантроль прыватны сектар і аднавіў дзяржаўныя гіганты для канкурэнцыі на сусветнай арэне.

Гэтыя крокі могуць дапамагчы Кітаю супрацьстаяць далейшаму ціску з боку Вашынгтона, калі той вырашыць абмежаваць гандаль або іншым чынам паспрабаваць запаволіць рост Кітая. У пачатку кастрычніка Міністэрства гандлю ЗША ўзмацніла ціск новымі абмежаваннямі на экспарт перадавых паўправаднікоў і абсталявання для вытворчасці чыпаў.

Амерыканскія кампаніі пераглядаюць свае інвестыцыйныя планы ў Кітаі, калісьці перспектыўным для іх рынку. Дыпламатычныя сустрэчы вырадзіліся ў гутаркі. Абодва бакі ўвялі ўзаемныя санкцыі, у той час як кітайскія кампаніі выключылі з амерыканскіх біржаў. У сваю чаргу кітайскім кампаніям загадана больш інвеставаць у стратэгічныя галіны.

Сі расправіўся з прыватнымі тэхналагічнымі кампаніямі, якія займаюцца адукацыйным рэпетытарствам, сацыяльнымі сеткамі і іншымі спажывецкімі паслугамі, за тое, што яны не змаглі адэкватна служыць дзяржаўным інтарэсам або ў дастатковай ступені абараняць канфідэнцыйныя даныя карыстальнікаў, якія быццам могуць быць перададзены ЗША.

Кітай спрабуе развіць уласную плацежную сетку і выпусціў лічбавую валюту, якую падтрымлівае ўрад. Гэта павінна ў канчатковым выніку дапамагчы Пекіну пазбегнуць выкарыстання долара і абысці глабальную фінансавую сістэму.

Фота: Pixabay

Фота: Pixabay

Праблемы на шляху да «вялікага адраджэння»

Сі не хаваў сваіх планаў зрабіць Кітай адной са звышдзяржаў свету. Пасля ўступлення на пасаду ў 2012 годзе ён пачаў выкладаць сваё бачанне пад назвай «Кітайская мара», якое грунтуецца на даўнім жаданні разабрацца з крыўдамі пасля краху дынастыі Цын і перадачы кітайскай тэрыторыі заходнім дзяржавам у 19-м і пачатку 20-га стагоддзяў. Сі назваў гэта «вялікім адраджэннем кітайскай нацыі».

Многія з крокаў Сі падвысілі нацыянальны гонар кітайцаў. Ён рэгулярна паведамляе аб прыкметах узмацнення Кітая і заняпаду Захаду. Але яго дзеянні таксама адштурхнулі ад сябе патэнцыйных сяброў, аб'ядналі канкурэнтаў і нанеслі шкоду многім з самых моцных частак эканомікі, асабліва праз жорсткія лакдаўны з-за кавіду.

На эканамічным фронце многія з крокаў па дасягненні большай самадастатковасці, у тым ліку ў галіне паўправаднікоў, не прынеслі нічога. Жорсткі падыход да кіравання эканомікай надаў Пекіну больш кантролю, але таксама здушыў значную частку прадпрымальніцкага духу, які стымуляваў рост Кітая і быў крыніцай працоўных месцаў. Узровень беспрацоўя сярод моладзі ў гарадах блізкі да свайго гістарычнага максімуму: амаль кожны пяты чалавек ва ўзросце ад 16 да 24 гадоў не мае працы.

Многія эксперты даўно прагназавалі, што эканоміка Кітая будзе запавольвацца па меры развіцця, а доўгатэрміновыя перспектывы могуць быць яшчэ горшымі, паколькі насельніцтва Кітая, па прагнозах многіх дэмографаў, скароціцца ў гэтым годзе ўпершыню за некалькі пакаленняў.

Клас
19
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
8