Belarus Podcast Hub запусцілі Павел Кірпікаў і Аляксандр Карнейчук, вядомыя таксама як стваральнікі кам’юніці-радыёстанцыі Radio Plato.
«Па прафесійнай частцы мы самі стала займаемся прадакшнам падкастаў і бачым, як падкастарскае асяроддзе Беларусі шырыцца і насычаецца, — кажуць яны. — У сеціве можна знайсці падкасты пра гісторыю, мову, ментальнае здароўе, IT, аўдыёгіды, паблік-токі і іншае. Але агульную карціну скласці складана: падкасты раскіданыя па ўласных профілях і шукаць іх даволі цяжка. Таму мы вырашылі задаволіць гэтую патрэбу.
З іншага боку, падчас працы над Radio Plato мы зразумелі, што справы ідуць добра ў тым асяроддзі, дзе існуе моцнае і спрыяльнае кам’юніці. Таму гэты праект накіраваны на яго фасілітацыю і падтрымку. Наша мэта — узмацніць падкастарскае кам’юніці Беларусі, таму што мы самі з’яўляемся яго часткай».
Павел Кірпікаў і Аляксандр Карняйчук
Сайт дасяжны па спасылцы.
Калі вы з’яўляецеся вытворцай падкастаў і вашага шоу няма ў каталозе Belarus Podcast Hub або калі звесткі пра ваш падкаст пададзеныя некарэктна, смела пішыце на пошту — [email protected]. Таксама стваральнікі падкастаў запрашаюцца ў Discord праекта, дзе можна будзе абменьвацца вопытам і лайфхакамі, а таксама ладзіць калабарацыі паміж падкастамі.





