Фота: vecteezy.com

Фота: vecteezy.com

«У грудзях адчувалася туга і было адчуванне, быццам галаву сціскае ланцуг. Хацелася памерці»

39-гадовы Сцяпан хварэе на дэпрэсію ўжо шмат месяцаў. Неяк ён заўважыў, што часта знаходзіцца ў стане, калі нічога не хочацца і ні ў чым не бачыш сэнсу. У мужчыны вольны працоўны графік, і ён мог днямі «ляжаць і шкадаваць сябе за сваю нікчэмнасць», але ў той час яшчэ быў здольны праяўляць агрэсію: крычаў на блізкіх, быў вельмі нервовы і ўсім незадаволены.

Але з цягам часу хвароба стала больш сур’ёзнай: «Аднойчы ў мяне быццам скончыліся сілы, я проста злёг і не мог падняцца, толькі каб паесці і схадзіць да прыбіральні. У галаве былі думкі пра бессэнсоўнасць жыцця ўвогуле, успаміны пра крыўдныя падзеі са свайго жыцця. Думкі быццам былі вельмі гучнымі і хацелася іх прыпыніць, у грудзях адчувалася туга і было адчуванне, быццам галаву сціскае ланцуг. Хацелася памерці».

Некалькі разоў мужчына шукаў у інтэрнэце псіхатэрапеўтаў, але яму было шкада грошай і страшна звярнуцца па дапамогу. У выніку, калі беларус прыйшоў у паліклініку па іншыя справы, ён заадно вырашыў звярнуцца да паліклінічнага спецыяліста. І гэта вельмі добра, бо ён натрапіў на кваліфікаванага доктара з псіханеўралагічнага дыспансера.

Сцяпан успамінае, што на першай сесіі ў псіхатэрапеўта вельмі хваляваўся і не меў сіл на гутарку. Але спецыялістка добра спрацавала, прызначыла яму тэставанне ў псіхолага і выпісала антыдэпрэсант.

Прэпарат спачатку падзейнічаў, але потым мужчыне пагоршала, давялося павялічыць дазіроўку і дадаць яшчэ адны лекі.

Тады, расказвае Сцяпан, ён «паляцеў»: «Мой настрой кардынальна змяніўся, мне стала ўсё цікава — хадзіць, дыхаць, слухаць, чытаць, камунікаваць з людзьмі навокал.

Здараюцца яшчэ даволі працяглыя апатычныя эпізоды, але нават тады я адчуваю сябе жывым. Не грызу сябе, а фантазірую і адпачываю».

Толькі нядаўна мужчына звярнуўся да псіхолага, але разумее, што тэрапію варта было пачаць раней. Расказвае, што

лекі вяртаюць у норму працэсы ў мазгу, але ж за час дэпрэсіі шкодзіцца яшчэ і свядомасць, і вось яе трэба вяртаць з дапамогай псіхатэрапіі. Таксама, кажа беларус, яму вельмі дапамагае наведванне групы падтрымкі для людзей з дэпрэсіяй, якую ён знайшоў праз сацсеткі.

Родныя Сцяпана паставіліся да яго дыягназу з разуменнем, а вось

сам мужчына зразумеў, што для яго самога тэма дэпрэсіі была стыгматызаваная: «Быццам хварэць на дэпрэсію сорамна і мужык сам мусіць справіцца з такою лухтой. Цяпер я разумею, якім быў дурнем, што прымушаў сябе трываць гэтае невыноснае пекла».

Тым, хто знаходзіцца ў падобным стане, беларус раіць як мага хутчэй звярнуцца да спецыяліста, бо чым больш чалавек застаецца без лячэння, тым цяжэй змагацца з хваробай.

Наведаць спецыяліста ў дзяржаўнай паліклініцы можна бясплатна ці за сімвалічныя грошы (калі жадаеце лячыцца не пад сваім імем), можна пайсці і да прыватнага псіхолага, псіхатэрапеўта ці псіхіятра (першыя два спецыялісты займаюцца псіхатэрапіяй, апошнія два спецыялісты маюць права выпісаць вам антыдэпрэсанты — «НН»).

«Людзі не могуць зразумець тое, што гэта не лянота, а вельмі складаная хвароба праз незразумелыя да канца і вельмі складаныя біяхімічныя працэсы ў мазгу»

25-гадовы Крысціян Шынкевіч зараз жыве ў Польшчы. Мужчына згадвае, што ўпершыню пабачыў у сябе сімптомы дэпрэсіі каля 10 гадоў таму, калі вучыўся ў 10 класе: «Было складана ўстаць з ложка, вучыцца, поўнасцю адсутнічала матывацыя, не мог сканцэнтравацца ці запомніць нешта ў школе. Не мог выходзіць гуляць з сябрамі, а калі выходзіў, не вельмі хацелася размаўляць з імі. Вельмі лёгка крыўдзіўся праз дурасці, і амаль увесь час адчуваў унутраны боль і ціск у грудзях. Часам мог проста ляжаць, глядзець у столь і плакаць, пакуль ніхто не бачыць. Скардзіўся на дробязь, не сачыў за сабой, часам нават здавалася, што ўсё навокал нерэальнае».

Першы паход да псіхатэрапеўта ў Крысціяна не склаўся. Хлопцу сказалі, што ў яго вегетасасудзістая дыстанія — парушэнне, якое заходняя медыцына ўвогуле не лічыць хваробай. І прапісалі фенібут, які Шынкевіч называе плацэба.

У верасні 2015 года хлопцу стала горш: ён страціў магчымасць спаць, вучыцца і выходзіць з дому, расказвае, што не хацелася нават існаваць, што клапаціўся пра ўсё магчымае і баяўся без прычыны. Тады ён зноў пайшоў да псіхатэрапеўта, дзе атрымаў свой першы антыдэпрэсант — параксецін. Праз пару тыдняў Крысціян адчуў уплыў лекаў: палепшалі сон і настрой, зніклі напружанасць і страх, вярнулася здольнасць вучыцца, працаваць і прымаць рашэнні, з’явіліся новыя сябры.

Але потым прыйшоў 2017 год з пратэснымі падзеямі, у якіх прымаў удзел Крысціян: маршы недармаедаў, абарона Курапат. Беларуса затрымлівалі, судзілі, білі і запужвалі, сачылі за ім, адлічылі з ВНУ і пагражалі забойствам. У выніку Шынкевіч у лістападзе 2017 года з’ехаў у Польшчу па праграме Каліноўскага.

Дзякуючы падтрымцы сяброў, падчас першага навучальнага года хлопец даваў рады без лекаў, але восенню 2018 года яму зноў пагоршала: «Усё раздражняла, сварыўся з людзьмі, хацелася напіцца, не мог сканцэнтравацца ні на чым. Тады мясцовы псіхіятр зноў даў мне параксецін, але ён амаль што не дапамог тым разам. Дадаткова сутыкнўся з гамафобіяй, мне дыягнаставалі аўтаімунную хваробу (анкілазіруючы спандыліт, які таксама можа спрыяць дэпрэсіі), праз ўсё гэта пачаліся моцныя праблемы з адукацыяй. Не мог думаць, усё ятрыла, не бачыў сэнсу амаль у нічым, складана было атрымаць задавальненне ад звычайных рэчаў».

Дапамагла змена лекаў, і наступныя тры гады — да мая 2022 года — Крысціян жыў без сімптомаў дэпрэсіі. Потым было новае пагаршэнне, і цяпер хлопец вырашае пытанне з пошукам новых лекаў.

Ён расказвае, што часта сутыкаецца з неразуменнем дэпрэсіі, нават самі хворыя не надта сябе разумеюць: «Я быў сведкам, як родныя лекавалі маіх сяброў ад дэпрэсіі, і гэта прыводзіла ў 100% выпадкаў толькі да пагаршэння стану, нават значнага. Людзі часта не могуць зразумець тое, што гэта не лянота, а вельмі складаная хвароба праз незразумелыя да канца і вельмі складаныя біяхімічныя працэсы ў мазгу».

Пры найменшых думках аб тым, што ў вас можа быць дэпрэсія, хлопец раіць ісці да спецыяліста: «Лепш прыйсці і ён скажа што ўсё добра, чым прапусціць пачатак, калі значна лягчэй лекавацца і лепшыя прагнозы. І не варта засяроджвацца толькі на псіхатэрапіі ці толькі на леках, бо дэпрэсія — комплексная праблема, плюс псіхіятр павінен выключыць наяўнасць у вас нечага горшага, чым дэпрэсія, бо ёсць вельмі шмат розных хвароб».

Шынкевіч просіць не баяцца стэрэатыпаў, звязаных з псіхіятрыяй, бо на сёння яны неактуальныя. Напрыклад, няпраўда, што калі пойдзеш да псіхіятра, атрымаеш «воўчы білет», бо на сёння пры належным лекаванні нават людзі з шызафрэніяй могуць спакойна жыць і працаваць. А вось без лячэння яны няздольныя жыць нармальна, нават калі не маюць ніякіх забаронаў.

Таксама хлопец абвяргае, што антыдэпрэсанты выклікаюць цяжкія пабочныя эфекты і залежнасць. Так было дзясяткі гадоў таму, а зараз лекі наадварот паляпшаюць працаздольнасць, ды і звычайна лячэнне пачынаецца з самых лёгкіх прэпаратаў.

«Першыя некалькі месяцаў тэрапія слаба дапамагала, ужо пачаў адчайвацца, але потым стала лепей»

20-гадовы Рыгор пазнаёміўся з дэпрэсіяй вясной 2018 года на фоне нешчаслівага кахання. Недзе да новага года фазы хваробы перамяжаліся ў яго з перыядамі нармальнага жыцця, а потым стан хлопца сур’ёзна пагоршаў. На працягу некалькіх месяцаў беларусу было так цяжка, што ён пачаў займацца самапашкоджаннем і сур’ёзна задумваўся пра самагубства.

Гэтых думак было так шмат і яны так пужалі Рыгора, што ён вырашыў паставіць самагубства на таймер. Для гэтага выбраў умоўны момант — 27 гадоў як адсылку да «клубу 27», аб’яднанай назвы групы ўплывовых музыкантаў, якія памерлі па розных прычынах у гэтым узросце. Рыгор вырашыў, што да гэтага часу ён дае сабе час пажыць і праверыць, наколькі гэтае жыццё для яго перспектыўнае, а ўжо пасля вырашае, ці варта заставацца.

У жніўні 2019 года хлопец цалкам перайшоў на беларускую мову, і вельмі хутка яму зноў пагоршала, бо ніхто вакол яго на ёй не размаўляў і не надта жадаў гэта рабіць. З пачаткам пандэміі стала лепш, як і з падзеямі 9 жніўня, але пачала нарастаць трывожнасць, і Рыгор рашыўся прыйсці да псіхіятра, што і зрабіў у студзені 2021 года.

Беларусу адразу паставілі дыягназ «вялікі дэпрэсіўны разлад» і прапісалі таблеткі, ён даведаўся, што тры гады жыў з недыягнаставанай дэпрэсіяй.

Тэрапія не адразу дала эфект: «Першыя некалькі месяцаў слаба дапамагала, ужо пачаў адчайвацца, але потым стала лепей. Недзе ў лістападзе 2021 года адчуў, што са мной усё абсалютна добра, і я дагэтуль у рэмісіі. Лячыўся амаль выключна медыкаментамі, вельмі мала хадзіў на псіхатэрапію».

Рыгор успамінае, што сваякі не надта ўсведамлялі, што з ім: «Бацькі і сям’я не вельмі разумеюць, што гэта такое, чаму гэта адбываецца і што я не магу на гэта паўплываць. Бабуля не разумела, чаму мне трэба піць таблеткі, баялася, што гэтыя таблеткі могуць дрэнна на мяне паўплываць. Аднойчы, калі мне тыдзень запар было вельмі дрэнна і я не мог нічым сур’ёзна займацца, маці і тата пачалі мне за гэта выгаворваць, і не заўсёды гэта было акуратна».

«Перастала размаўляць з сябрамі і сваякамі, не прыбіралася ў кватэры, нават апарышы завяліся ў брудным посудзе»

40-гадовая Кацярына расказвае, што ўпершыню яна зразумела, што з ёй нешта не так, вясной 2021 года: «Я ўвесь вольны час спала, пачала блытаць словы, адчувала пастаянную стомленасць, такую, што нават не магла ўстаць і схадзіць у прыбіральню ці ў душ. Перастала размаўляць з сябрамі і сваякамі, не прыбіралася ў кватэры, нават апарышы завяліся ў брудным посудзе. Каб проста схадзіць у краму, даводзілася ўвесь дзень сябе прымушаць гэта зрабіць, але не заўсёды атрымлівалася. Людзі вакол раздражнялі да жудасці, любы рэзкі гук ці пах проста выводзіў з сябе».

Жанчына не думала пра тое, што ў яе можа быць дэпрэсія, свае сімптомы яна прыняла за ўзроставыя змены (на той момант нашай суразмоўцы было ўсяго 38 гадоў). Але ж Кацярына ўсё роўна звярнулася да дактароў, праўда, вынік гэта прынесла не адразу — беларусцы казалі, што са здароўем у яе ўсё практычна ў норме. Толькі калі жанчына заплакала на прыёме ў эндакрынолага, тая параіла ёй звярнуцца да псіхатэрапеўта.

Кацярыне прапісалі антыдэпрэсант, адначасова з гэтым яна пачала штотыдзень хадзіць на сеансы да псіхолага. Першыя тры месяцы здавалася, што стан беларускі толькі горшае, але потым ёй змянілі антыдэпрэсант і справы пайшлі на лад.

Толькі праз год пасля пачатку тэрапіі ў псіхолага з'явілася здагадка, што ж выклікала дэпрэсію Кацярыны. Гэта былі наступствы дзіцячай траўмы: «Я вырасла ў сям'і, дзе бацька ўвесь час піў і здзекаваўся над мамай. Мама толькі плакала і крыўдзілася, але не сыходзіла, бо «што ж людзі скажуць». Жанчына згадвае, як страшна ёй было ў дзяцінстве, калі бацька мог прыйсці дахаты п’яны: «Я зажмурылася і з усіх сіл хацела, каб ён здох, і мы б зажылі спакойна без яго».

У 2021 годзе, расказвае Кацярына, яна сутыкнулася з падобнымі перажываннямі, што і запусціла дэпрэсію: «Я была актыўнай удзельніцай пратэстаў, верыла ў перамогу і чакала яе. Да 2021 года ўсё сціхла, людзі перасталі выходзіць [на вуліцы]. Ужо тады было хранова, але надзея, што вясной усё працягнецца, яшчэ была. У сакавіку я выходзіла ў горад і не разумела, дзе людзі, чаму зноў не выходзяць. Чаму нічога не мяняецца, чаму гэты Лука не […], нарэшце! Але пасля мая 2021 года з'явілася разуменне, што нічога ўжо не будзе, вось я і сышла ў анабіёз: спала і чакала, што ўсё, нарэшце, вырашыцца».

Калі прыйшло разуменне, адкуль у жанчыны дэпрэсія, ёй нарэшце стала лепш. У выніку сышла санлівасць, з’явіліся сілы на тое, каб прыбрацца ў хаце, і шопінг зноў пачаў прыносіць былое задавальненне. Бо да хваробы, расказвае Кацярына, яна так любіла хадзіць у крамы, выбіраць, але падчас дэпрэсіі беларусцы было цяжка нават набываць сабе ежу — ні ў чым не бачыла яна сэнсу.

У нейкі момант Кацярына адчула сябе настолькі добра, што нават вырашыла заняцца асабістым жыццём. Для гэтага давялося асвоіць тындар, усміхаецца яна.

А праз яшчэ некалькі месяцаў знікла сувязь з псіхатэрапеўткай беларускі. Толькі праз пару тыдняў стала вядома, што аднойчы раніцай у дом да той уварваліся сілавікі, і спецыяліст правяла разам з мужам 13 дзён на Акрэсціна, пасля чаго выехала з краіны.

Цяпер Кацярына працягвае піць лекі, але ў меньшай колькасці, і апісвае свой стан словамі «здаецца, усё нармальна». Яна згадвае, што, пакуль не ўсвядоміла свой дыягназ, ёй было цяжка: «Вельмі складана разумець, што ты фізічна здаровая, а табе вельмі дрэнна і гэтаму няма прычын».

На думку Кацярыны, здароваму складана ўявіць, што такое дэпрэсія: «Калі чалавек сам з гэтым не сутыкаўся, ён не надта гэта разумее. Усе [тыповыя ў гэтым выпадку] парады падбадзёрыцца, заняцца спортам і гэтак далей ніяк не дапамагаюць, як і проста задушэўныя гутаркі з сябрамі. Абавязкова трэба ісці да спецыяліста».

Больш за 10% насельніцтва Зямлі мае праблемы з мозгам. Але навукоўцы блізкія да прарыву

«У тых, хто перажыў гора страты Радзімы, няма адчування будучыні». Як гаруюць беларусы

ЛСД, псілацыбін і экстазі ў аптэках: як навукоўцы даследуюць псіхадэлікі, каб стварыць новыя лекі

Клас
30
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
12
Абуральна
9