Фота: Siarhei Besarab / Facebook

Фота: Siarhei Besarab / Facebook

— «Брудная бомба» — гэта тэрмін, які прыдумалі СМІ, — тлумачыць ён. — Навукоўцы выкарыстоўваюць тэрмін «радыелагічная зброя». Фактычна радыелагічная зброя — гэта любыя радыелагічныя матэрыялы, раскіданыя па тэрыторыі, дзе яны могуць уздзейнічаць на людзей альбо жывёльны свет.

Любыя радыелагічныя матэрыялы — фактычна брудная бомба.

— А дзе Украіна — ці Расія — возьмуць кампаненты для гэтай бруднай бомбы?

— Гэтых кампанентаў нават у Беларусі вышэй за галаву. Колькі тыдняў таму была інфармацыя, што ў нас будуецца сховішча для радыелагічных матэрыялаў, таму што старое загружана поўнасцю, там дзясяткі тон радыеактыўных матэрыялаў. Гэта патэнцыйна брудная бомба. Дастаткова іх дастаць і растрэсці па тэрыторыях. Калі казаць пра Украіну, у іх ёсць ЧАЭС. ЧАЭС — гэта тэрыторыя, якая сама па сабе ўжо вялізная брудная бомба.

Бруднай бомбай можа стаць нават глеба з ЧАЭС ці вада ад рэактара з АЭС.

— Як гэтую бомбу даставіць да месца, дзе яна павінна спрацаваць?

— Самы просты варыянт: бярэцца глеба з гэтага «рудога лесу» каля ЧАЭС — на машыну, машына падрываецца. Брудная бомба гатова. Можна ўзяць звычайны малы тактычны боепрыпас і яго ўзарваць.

— Як бы вы пракаментавалі заяву расійскіх СМІ, што Харкаўскі фізіка-тэхнічны інстытут мае дастатковую базу для стварэння такой бомбы? Ці будуць гэтым займацца навукоўцы?

— Навукоўцы гэтым дакладна займацца не будуць. Адкажу расійскім СМІ так: «Сосны» — інстытут аб’яднаных энергетычных і ядзерных праблем у Беларусі — можа зрабіць магутную брудную бомбу, як і харкаўскія навукоўцы. У іх усё для гэтага ёсць. Ці будуць яны гэта рабіць? Гэта смешна. Я не ведаю, як гэта каментаваць.

— Яшчэ адна заява расійскіх СМІ, што офіс Зяленскага кантактуе з Вялікабрытаніяй наконт магчымасці атрымаць тэхналогіі стварэння ядзернай зброі. Гэтыя тэхналогіі можна проста так перадаць?

— Па-першае, гэтыя тэхналогіі не асабліва закрытыя. Што такое стварэнне ядзернай зброі? Патрэбныя плутоній ці ўран. Уран ва Украіне ёсць. У савецкай ядзернай праграме было вельмі шмат украінцаў. Навуковым цэнтрам Украіны не трэба перадаваць нейкія веды. Гэтыя веды ў іх ёсць. Гэта ўсё прыцягнута за вушы.

Там ёсць свае акалічнасці кшталту будаўніцтва цэнтрыфуг для ўзбагачэння ўрану, гэтыя тэхналогіі складана купіць, але для краін з высокім тэхнічным патэнцыялам, а Украіна да іх адносіцца, нескладана распрацаваць свой варыянт цэнтрыфугі.

— Ці можна бомбу стварыць незаўважна для ўсяго свету?

— Краіна павінна быць поўнасцю закрытай. Для краіны ў сярэдзіне Еўропы схаваць такія рэчы нерэальна. Тое, што казалі, нібыта нешта ў скляпеннях «Азоўсталі» рабілі — гэта нават абмяркоўваць сорамна [гэта хлусня].

— Давайце ўявім сітуацыю, што ўкраінцы зрабілі брудную бомбу і збіраюцца яе нейкім чынам запусціць. Што будзе, калі такую бомбу саб’е паветраная абарона? Ці будзе ядзерны выбух у паветры?

— Не будзе. Стратэгічная ці тактычная ядзерная і радыелагічная зброя — яны вельмі адрозніваюцца.

Тактычны ці стратэгічны ядзерны боепрыпас — у ім працякае ланцуговая рэакцыя дзялення ядзернага паліва. І атрымліваецца магутны выбух. А ў радыелагічнай зброі ланцуговай рэакцыі не будзе. Гэта проста радыенукліды, раскіданыя выбухам па нейкай тэрыторыі.

Ёсць такое паняцце — тактыка выпаленай зямлі, калі ўсё знішчаюць, забруджваюць нейкімі хімічнымі рэчывамі і радыяцыйнымі, каб там не маглі жыць дзесяцігоддзямі людзі. Гэта зброя выпаленай зямлі. Гэта тупіковая рэч. Я не ведаю хто, не з’ехаўшы з глузду, будзе ўвогуле гэта выкарыстоўваць.

— Як параўнаць суадносна з Хірасімай ці Чарнобылем, якія наступствы могуць быць ад гэтай бруднай бомбы?

— Тут рэч у тым, хоць сорамна такое казаць, што звычайная стратэгічная ці тактычная ядзерная зброя больш экалагічная, чым Чарнобыль. У Хірасіме выбух быў прыкладна 15-18 тысяч тон тратылавага эквіваленту. 64 кг урану было раскідана па тэрыторыі Хірасімы. Праз месяц-другі там ужо можна было штосьці рабіць. Няшмат было ёду, ізатопаў. А Чарнобыль забруджаны дагэтуль. І ён яшчэ будзе забруджаны дзесяцігоддзі і стагоддзі.

Брудная бомба — нашмат горшая за звычайную тактычную ці стратэгічную ядзерную зброю. Яна забруджвае на стагоддзі глебу, ваду, усё.

Калі брудная бомба будзе выкарыстаная, яна дасць меншыя кароткатэрміновыя эфекты, чым звычайная ядзерная зброя. Не будзе ні выбуховай хвалі, ні кола агню, таго, што знішчае большую частку насельніцтва, але яна дасць вялізныя доўгатэрміновыя эфекты — радыяцыйную шкоду для людзей, жывёл, тое, што мы назіралі на тэрыторыях, забруджаных выбухам на ЧАЭС.

— Хто можа быць у зоне рызыкі?

— Гэта складана спрагназаваць. Трэба глядзець на ружу вятроў, куды панясе цяжкія элементы. І рэльеф важны, і тое, наколькі блізка падыходзяць паверхневыя воды, якія ўсё гэта ўбяруць і панясуць. Ці ёсць паблізу рэкі, якія таксама могуць разнесці. Гэта вельмі складана разлічыць.

Ізатопы адрозніваюцца масай і формай агрэгатнай. Той жа ёд даволі хутка пры адносна невялікіх тэмпературах пераходзіць у газападобны стан і як газ умоўны даволі лёгка пераносіцца ветрам. Але плутоній і ўран — цяжкія, яны нікуды не ляцяць, яны садзяцца. Цэзій, стронцый могуць адляцець на сотні кіламетраў. І гледзячы якая вышыня. З вышынёй вецер становіцца больш пастаянным і хуткасць павялічваецца.

Калі падарвуць кілаграм сто на вышыні кіламетра, то хопіць усяму Мінску.

— А што рабіць людзям, калі выбух будзе недзе на Херсоншчыне? Што рабіць украінцам і беларусам?

— Абавязкова кожная сям’я павінна мець рэспіратары, тыя, якія ўсе шукалі падчас пандэміі. Яны будуць працаваць і ў выпадку бруднай бомбы. Таму што галоўны шлях, праз які гэта можа патрапіць у чалавека, — праз паветра, праз лёгкія, праз ежу і праз ваду.

Графіка: lab66 / Telegram

Графіка: lab66 / Telegram

Найлепшы варыянт [у выпадку падрыву «бруднай бомбы»] — эвакуіравацца з тэрыторыі, дзе яна была падарваная, піць бутыляваную ваду, есці кансервы і ў рэспіратарах як мага хутчэй з’язджаць.

І, па-трэцяе, сачыць за ветрам, напрыклад, па сэрвісе windy.com. Проста ў закладкі дадаць на смартфоне і сачыць.

— Ці трэба піць ёд?

— Не, пры выкарыстанні бруднай бомбы ёд не дапаможа ўвогуле. Ёд часцей за ўсё мае сэнс піць, калі нешта выбухнула ці інцыдэнт адбыўся на АЭС, якая працавала. І піць ёд адразу мае сэнс толькі тым, хто недалёка ад эпіцэнтра — да 100 км. У выпадку радыелагічнай зброі ёду не будзе ўвогуле, хутчэй за ўсё.

— Па выніках выбуху ці зможам мы зразумець, хто гэта зрабіў?

— Гэта даволі складана. Але добрай радыехімічнай лабараторыяй, мне здаецца, магчыма.

— Які сэнс Украіне знішчаць сваю тэрыторыю ці які сэнс Расіі знішчаць тэрыторыю, якую яна збіраецца захапіць?

— Гэта прынцыпова не мае сэнсу для чалавека, які закончыў сярэднюю школу, які ведае, што такое радыяцыя. Гэта горай, чым «рэферэндум», які адрэзаў чатыры кавалкі ўкраінскай тэрыторыі. Таму што гэта незразумела колькі можа адрэзаць увогуле. Фактычна, яшчэ адна тэрыторыя ЧАЭС нікому не патрэбна ў свеце.

— Наколькі верагодна, што такую бомбу ўсё ж такі ўзарвуць?

— Мне здаецца, гэта не асабліва верагодна. Але было абмеркаванне ў тэлеграм-канале, што пад заявамі пра выкарыстанне бруднай бомбы можа быць схаваны нейкі ўнутраны інцыдэнт, напрыклад аварыя на падводнай лодцы ці здарэнне са стратэгічным запасам, калі ў наваколле пайшлі радыенукліды. Гэта можа быць спроба нешта схаваць.

Цалкам гутарка з Сяргеем Бесарабам:

Клас
33
Панылы сорам
13
Ха-ха
2
Ого
6
Сумна
13
Абуральна
39