Раней ільготнікі самі шукалі, каму прапанаваць свае паслугі

Расіяне пачалі цікавіцца купляй у Беларусі свежапрыгнаных аўто з Еўропы і ЗША яшчэ ў 2019 годзе. Развіццю гэтага кірунку паспрыяў прыняты вясною таго года 140-ы ўказ, які дазволіў пэўнай катэгорыі грамадзян увозіць аўтамабілі з трэціх краін з аплатай 50% мыту.

З'яўленне льготнай размытнёўкі ажывіла аўтабізнэс. Паток машын з ЕС і ЗША пачаў расці. Льготнікаў (інвалідаў 1 і 2 групы, а таксама шматдзетных бацькоў) хапала ўсім жадаючым. Прадстаўнікі аўтамабільнага бізнэсу згадваюць, што яшчэ да канца вясны гэтага года жадаючых прадаць сваё права на льготу было настолькі шмат, што шматдзетныя і людзі з інваліднасцю нярэдка самі шукалі, каму прапанаваць свае паслугі.

«У залежнасці ад кошту аўтамабіля і аб'ёму рухавіка тады прасілі 300-500 даляраў, а на перыферыі можна было знайсці жадаючых аформіць на сябе аўтамабіль за 200-250 даляраў», — кажа суразмоўца. 

Пры гэтым перагоншчык адзначае, што да нядаўняга часу з незнаёмымі людзьмі асабліва ніхто не веў справы, паколькі гэта надта рызыкоўна аформіць аўтамабіль невядома на каго. 

«Усе неяк намагаліся працаваць толькі са знаёмымі, знаёмымі знаёмых і г.д. Цяпер жа з гэтым стала складана. З-за адсутнасці паставак новых аўто ў Беларусь і РФ паток аўто з Еўропы і ЗША павялічыўся ў некалькі разоў, пачаў з'яўляцца дэфіцыт ільготнікаў».

З ростам попыту выраслі і цэны на паслугі такіх памагатых. Суразмоўца заўважае, што цяпер знайсці льготніка за 300-500$ амаль немагчыма. 

«Прайс пачынаецца ад 500-700 даляраў. За дарагія аўто з вялікім аб'ёмам рухавіка (2.5 — 3.0 літры і вышэй) ужо просяць па 1000-1500 даляраў», — прыводзіць лічбы перагоншчык. 

Калі размова ідзе пра размытнёўку новых аўто, то ўзнагарода можа дасягаць і некалькіх тысяч даляраў, паколькі мытныя стаўкі для новых аўто складаюць 48% ад кошту.

Суполкі па выкрыцці махляроў

Праз значны рост ставак на паслугі льготнікаў у інтэрнэце пачало з'яўляцца ўсё больш аб'яў ад пасярэднікаў, якія перапрадаюць льготы, а таксама ад махляроў, якія замест льгот прадаюць паветра.

Адным з залогаў поспеху ашуканцаў дасведчаны аўтаперагоншчык называе той факт, што цяпер у аўтамабільны бізнэс прыйшло шмат выпадковых людзей.

«Ледзь не кожны другі аўтамабіль у продажы выстаўляе той, хто пачаў займацца гэтым толькі таму, што ў краіне назіраецца добры попыт на такія машыны, а ў яго ёсць вольныя грошы, каб нешта прыгнаць. Праз гэта і махлярам працаваць стала прасцей», — лічыць ён. 

Нават сярод калег мужчыны ёсць тыя, хто сутыкаўся з нядобрасумленнымі льготнікамі.

Пра новы від махлярства можна пачуць не толькі ад перагоншчыкаў, але і ў адмысловых чатах і пабліках, дзе абмяркоўваюць прыгон аўто з-за мяжы. У такіх суполках час ад часу з'яўляюцца публікацыі, дзе карыстальнікі публікуюць даныя тых, хто, па іх назіраннях, з'яўляецца махляром.

Каб зменшыць рызыку трапіць на ашуканцаў, перагоншчыкі таксама ствараюць суполкі ў Viber, дзе абменьваюцца інфармацыяй пра даверанасці.

Махляры разумеюць, што ахвяра наўрадці напіша заяву

У перагонным бізнэсе апасаюцца, што папулярнасць такога віду махлярства будзе расці, паколькі попыт на такія паслугі нікуды не знікае, а лічба саміх ільготнікаў, на якіх яшчэ не «вешалі» аўто, меншае.

«Па сутнасці «ахвяра» ў нейкім сэнсе таксама займаецца махлярствам, калі спрабуе з дапамогай падстаўной асобы размытніць аўто з 50%-най зніжкай. Дзялкі, які «кідаюць» на льготы, выдатна разумеюць, што наўрадці нехта пойдзе ў міліцыю з заявай, дзе скажа, што ён у змове з іншым чалавекам хацеў падмануць дзяржаву, але яго абвялі вакол пальца, таму не атрымалася. Натуральна, што ашуканцы карыстаюцца гэтым напоўніцу», — адзначае суразмоўца з ліку перагоншчыкаў.

З улікам таго, што знайсці надзейнага льготніка па адэкватным кошце з кожным днём усё складаней, некаторыя перагоншчыкі пачынаюць працаваць без удзелу «вешалак» і размытніваюць аўто па поўным тарыфе, распавёў «Нашай Ніве» дырэктар адной з фірм, якая займаецца прыгонам аўто на замову.

«Да нядаўняга часу хіба 99% нашых кліентаў намагаліся размытніваць аўто са зніжкай. Неяк выкручваліся, каб сэканоміць. Але недзе з канца лета пачалі з'яўляцца першыя кліенты, якія сталі размытніваць аўто па поўным тарыфе. Аднак пакуль, праўда, размова ідзе только пра машыны з рухавіком да 1.5 літра», — падкрэсліў бізнэсмен.

Тлумачыцца гэта вельмі проста: менавіта для аўто з аб'ёмам да 1500 см³ прадугледжаны самыя нізкія мытныя стаўкі. Напрыклад, за рухавік аб'ёмам 1.4 літра пошліна складае 2380 еўра, а калі размытніваць па льгоце, то атрымаецца 1190. На першы погляд атрымліваецца добрая эканомія. Але калі за магчымасць размытніць аўтамабіль са зніжкай давядзецца заплаціь 700-1000 даляраў, то эканомія амаль знікае, а дадатковыя рызыкі і целарухі — не. Тым больш, што да ўзнагароды льготніку трэба дадаць выдаткі на афармленне даверанасці і лішнюю пастаноўку аўтамабіля на улік у ДАІ.

Расіяне губляюць цікавасць да размытнёўкі праз Беларусь

Кліенты з РФ пачалі ўсё часцей афармляць аўтамабілі ў Расіі, мінаючы беларускіх ільготнікаў.

«Гэта ўжо не рэдкасць, калі расійскія пакупнікі больш не цікавяцца размытнёўка праз Беларусь, а толькі просяць падабраць, купіць і даставіць аўтамабіль з Еўропы да Мінска. Гэта тычыцца нават аўто з аб'ёмам 2000 літраў, а часам нават і болей.

Схема была выгаднай, калі льготнікі бралі па 300-500 даляраў, цяпер, калі за больш-менш дарагія аўто яны патрабуюць 1000 даляраў і болей, сэнс у іх паслугах часцяком знікае. Прынамсі, калі размова не ідзе пра машыны з вялікім аб'ёмам».

На думку суразмоўцы, большасць з людзей, якія купляюць аўто за 30-50 тысяч даляраў, не будуць заморочвацца размытнёўкай праз Беларусь, каб у выніку атрымаць эканомію ў 500-1000 даляраў, афармляючы пры гэтым аўтамабіль у іншай краіне невядома на каго.

Чытайце таксама: «Кажуць пра 10-15 тысяч даляраў, а падстаўляюць на 50-100». Шэрыя імпарцёры аўто, ільготнікі і амаль ніякай гарантыі

Клас
13
Панылы сорам
3
Ха-ха
11
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
10