Ваенныя машыны хуткай дапамогі і ваенная тэхніка каля Мазырскай гарадской бальніцы, 28 лютага 2022 года. Фота: Радыё Свабода.

Ваенныя машыны хуткай дапамогі і ваенная тэхніка каля Мазырскай гарадской бальніцы, 28 лютага 2022 года. Фота: Радыё Свабода.

Доктар Андрэй (імя змененае) планаваў уцёкі з Беларусі з 2020 года. Калі Расія распачала вайну супраць Украіны, пытанне стала яшчэ больш актуальным. 

Андрэй быў вымушаны лячыць расійскіх вайскоўцаў, параненых у выніку агрэсіі супраць Украіны. Ён вырашыў, што прыйшоў час з'ехаць.

Андрэю спатрэбіліся месяцы, каб знайсці найлепшы маршрут. З парадамі яму дапамаглі грамадскія арганізацыі і беларуская дыяспара за мяжой.

Паводле расказаў беларускага медыка, Мазыр у лютым нагадваў ваенную базу. Па вуліцах каталася расійская ваенная тэхніка, па мясцовых крамах і барах бадзяліся расійскія вайскоўцы.

Неўзабаве Андрэй пачаў падазраваць, што Расія рыхтуецца да вайны. Вайсковыя вучэнні павінны былі завяршыцца 20 лютага, але Андрэй сказаў, што адміністрацыя яго шпіталя працягнула загад аб бясплатным лячэнні расійскіх салдат да 10 сакавіка.

«Яны, відаць, думалі, што да таго часу вайна скончыцца», — сказаў доктар, дадаўшы, што за першыя дні вайны расіяне выкарысталі ўсю наяўную ў горадзе кроў для пералівання.

Раніцай 24 лютага, у першы дзень баявых дзеянняў, дактароў сабралі ў пакоі для нарад, загадалі ім пакінуць 250 ложкаў для расіян, спыніць усе запланаваныя аперацыі і адправіць беларускіх пацыентаў, якіх толькі маглі, дадому.

«Тады нас папярэдзілі, што мы не маем права распаўсюджваць інфармацыю пра расійскіх вайскоўцаў. Нам прыйшлося даць падпіску аб неразгалошванні, было забаронена перадаваць любыя фатаграфіі, дакументы», — распавёў Андрэй.

Доктар сказаў, што заўважыў мясцовых супрацоўнікаў КДБ, якія хадзілі па калідорах шпіталя.

Улады Мазыра прыклалі шмат намаганняў, каб захаваць інфармацыю пра колькасць параненых расійскіх вайскоўцаў і тыпы траўмаў, якія яны атрымалі. Але Андрэю ўдалося таемна скапіяваць рэнтгенаўскія здымкі дзясяткаў вайскоўцаў, якія лячыліся ў Мазырскай гарадской бальніцы.

«Тое, што я ўзяў з сабой, гэтую частку архіва, магло выклікаць у мяне праблемы з судом за шпіянаж», — сказаў ён, дадаўшы, што вывозіў флэшку з дакументамі ў цацачным тэлефоне дачкі.

Некаторыя з копій рэнтгенаўскіх здымкаў, якія вывез доктар. Крыніца: CNN 

Некаторыя з копій рэнтгенаўскіх здымкаў, якія вывез доктар. Крыніца: CNN 

Сканы ўключалі імёны і ўзрост салдат, многім з якіх было ад 19 да 21 года.

Доктар расказаў, што найбольшую хвалю параненых прывезлі ў мазырскі шпіталь у першыя гадзіны 28 лютага. Пасля званка аб прыбыцці вайскоўцаў лекары сабраліся ля ўвахода ў рэанімацыйнае аддзяленне і чакалі. Неўзабаве пачалі ехаць аўтобусы з параненымі вайскоўцамі. Расійскія салдаты заносілі іх унутр на насілках, кідаючы ля ўваходных дзвярэй, расказаў Андрэй.

Лекары хутка ацанілі траўмы салдат, намаляваўшы на іх ілбах лічбы з прыярытэтнасцю, сартавалі іх і адпраўлялі на аперацыю.

Расійскія вайскоўцы прыбывалі з раненнямі твару, складанымі пераломамі ад выбухаў і абстрэлаў.

У той жа дзень мясцовае тэлебачанне выпусціла сюжэт, у якім сцвярджалася, што шпіталь працуе ў звычайным рэжыме.

Насамрэч шпіталь быў запоўнены салдатамі. У некаторых адсутнічалі вочы, іншым патрабавалася ампутацыя. Яны прыбылі з гангрэнай, раздробненымі канечнасцямі, некаторыя былі паралізаваныя, адзін страціў частку мозгу, іншы — ніжнюю сківіцу. Некаторыя з іх на працягу некалькіх дзён насілі жгуты, каб спыніць кроў, іх целы былі ўсеяныя кулямі і аскепкамі. Параненых, якія патрабавалі аперацыі, было больш, чым аперацыйных сталоў.

Доктар змог сфатаграфаваць кулю, якую дастаў з шыі параненага расійскага салдата. Фота: CNN

Доктар змог сфатаграфаваць кулю, якую дастаў з шыі параненага расійскага салдата. Фота: CNN

Многія з расейцаў ваявалі ў памежных раёнах. Андрэй сказаў, што лячыў расійскіх дэсантнікаў і спецназаўцаў, пацярпелых падчас няўдалага штурму гастомельскага аэрадрома.

«Яны былі прафесійнымі забойцамі. Трэба было іх лячыць, гэта была наша праца. Я адчуваў агіду да ўсяго гэтага. Але мне, як лекару, не дазволена адчуваць агіду», — сказаў ён.

Таксама ў мазырскім шпіталі лячыўся расійскі генерал-маёр Сяргей Ныркоў, які атрымаў цяжкую траўму ў жывот у Чарнобылі. Але большасць пацярпелых — маладыя, недасведчаныя вайскоўцы і салдаты тэрміновай службы.

У пачатку сакавіка ў Мазырскую гарадскую бальніцу кожны дзень дастаўлялі ад 40 да 50 пацярпелых расіян, як на канвееры. Большасць з іх прыбылі ў цёмны час сутак ці раніцай на зялёных расійскіх вайсковых аўтобусах і машынах хуткай дапамогі.

«Расіяне таксама спрабавалі даставіць загінулых у бальніцу, — сказаў ён і дадаў: — Яны не ведалі, што з імі рабіць».

У канцы сакавіка Андрэй, як і яшчэ некалькі дзясяткаў хірургаў, быў затрыманы па падазрэнні ў карупцыі. Паўтара месяцы ён правёў у турме.

Цяпер Андрэй пасяліўся ў іншай еўрапейскай краіне са сваёй сям'ёй і больш не думае, ці могуць яго адправіць на вайну санітарам. Замест гэтага ён засяродзіўся на здачы нацыянальных медыцынскіх экзаменаў, каб зноў лячыць людзей у новай краіне.

Клас
121
Панылы сорам
8
Ха-ха
7
Ого
8
Сумна
18
Абуральна
49