Шкляраў цытуе розных украінскіх палітыкаў аб Святлане Ціханоўскай, нібыта яе няяснай пазіцыі, а таксама прыводзіць амаль два дзясяткі яе выказванняў за паўтара года, дзе Ціханоўская ясна акрэслівае сваю пазіцыю адносна Украіны і вайны Расіі.

«Святлана Ціханоўская паслядоўна і непахісна адстойвае бок Украіны ў вайне, безумоўна, прызнае правату Украіны і злачынны характар пуцінска-расійскай і лукашэнкаўска-беларускай агрэсіі. Яна рабіла гэта шмат разоў і рабіць не перастане.

Якія словы яшчэ не былі сказаны? Якія дакладна фармулёўкі павінны прагучаць, каб Украіна павярнулася тварам да свайго, магчыма, самага ўдзячнага саюзніка — Новай Беларусі, якая шчыра і люта ненавідзяць Пуціна, Лукашэнку і ўсю звязаную з імі нечалавечую брыдоту», — піша Віталь Шкляраў.

Ён упэўнены: ёсць высокая верагоднасць таго, што калі ўкраінскія афіцыйныя асобы нарэшце выйдуць на кантакт са Святланай Ціханоўскай і паведамяць, якія менавіта пытанні выклікаюць іх асцярогу, то ўсе непаразуменні будуць вырашаныя ў самыя кароткія тэрміны.

«Калі ж Украіна працягне цурацца Святланы Ціханоўскай, гэта прывядзе толькі да яшчэ большага расколу і фрустрацыі, а галоўнае — не прынясе нікому, акрамя Пуціна і Лукашэнкі, ніякай карысці.

Так, прызнанне Ціханоўскай — гэта сімвал. Але ці не ў цяперашнія гераічныя часы сімвалы важныя як ніколі? Пакуль Пуцін важдаецца з мёртванароджанымі квазідзяржавамі «Наваросіі», мы разам маем магчымасць стварыць сапраўдную, сумленную і моцную дзяржаву — Новую Беларусь!

Паўнавартаснае прызнанне Украінай легітымнасці новай Беларусі і яе прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай запусціць механізм такога прызнання па ўсёй Еўропе і па ўсім свеце. Гэта будзе сур'ёзны і моцны крок насустрач міласэрнасці і прымірэнню, узаемадапамозе і культурнай рэінтэграцыі».

«Пуцінскія фашысты нанеслі Украіне жорсткі, подлы ўдар. Але яна вытрымала, б'е ў адказ і моцна стаіць на нагах. Беларусь просіць вас — тых, у каго атрымалася: дапамагчы выпрастацца і ўстаць на поўны рост і нам! І тады мы таксама зможам біцца побач з вамі на поўную сілу», — рэзюмуе Віталь Шкляраў.

Клас
79
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2