Расійскія мабілізаваныя
«Падрыхтоўка і ўручэнне позваў спыняюцца. Участкі і штабы апавяшчэння, пункты збору грамадзян ваенных камісарыятаў, а таксама выдзеленыя рашэннямі органаў выканаўчай улады суб'ектаў РФ будынкі і збудаванні, якія выкарыстоўваліся для мерапрыемстваў частковай мабілізацыі, падлягаюць вызваленню для функцыянавання або выкарыстання па ранейшым прызначэнні», — удакладнілі ў Мінабароны.
Усяму асабоваму складу ваенных камісарыятаў, задзейнічанаму для забеспячэння частковай мабілізацыі, загадана вярнуцца з 31 кастрычніка да выканання сваіх абавязкаў у штатным рэжыме.
«У далейшым праца ваенных камісарыятаў па камплектаванні Узброеных сіл Расіі будзе арганізаваная толькі за кошт прыёму добраахвотнікаў і кандыдатаў для праходжання вайсковай службы па кантракце», — удакладнілі ў прэс-службе расійскага ваеннага ведамства.
«Частковая мабілізацыя» ў Расіі ішла больш за месяц, Уладзімір Пуцін абвясціў яе раніцай 21 верасня. А 28 кастрычніка міністр абароны Сяргей Шайгу паведаміў расійскаму прэзідэнту, што патрэбныя 300 000 ужо набраныя і новых заданняў ваенкаматам даваць пакуль што не плануецца.
У той жа час пакуль не паведамляецца, ці ёсць адносна заканчэння мабілізацыі афіцыйны ўказ Пуціна.





