Кацярына «Мара» Тамковіч (злева) з узнагародай фестывалю польскага кіно.
Фота: facebook.com/NaZywoFilm

«Жывы эфір» Мары Тамковіч

Літаральна тыдзень таму кароткаметражка мінчанкі атрымала «Срэбранага Х'юга» на міжнародным фэсце фільмаў у Чыкага. І гэта ўжо не першы трыумф стужкі «Жывы эфір»: напачатку восені фільм быў уганараваны спецыяльным прызам на фестывалі ігравога кіно ў Гдыні — самым буйным польскім конкурсе. 

Паказальна, што інтэрнацыянальнае прызнанне атрымаў 15-хвілінны аповед пра Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову: іх стрым з «Плошчы перамен» і наступствы вернасці журналістскай этыцы ляглі ў аснову стужкі.

Пры гэтым гісторыя атрымала мастацкае асэнсаванне з боку Тамковіч, а не проста дакументальна фіксавалася — хай сабе ў фільме хапае хранікальных кадраў. 

Як адзначала рэжысёрка, «Жывы эфір» для яе — гэта спроба перакласці навіны на мову эмоцый і перажывання канкрэтнай чалавечай гісторыі. Праца ж журналісткай у мінулым дапамагла Тамковіч зрабіць гэты «пераклад» мастацкім, але без скажэнняў сутнасці. Мара вучылася ў Варшаўскай кінашколе, а пасля ў школе Анджэя Вайды — і з 2015 года (пачатку самастойнай працы) зняла ўжо тры стужкі. Кожны раз Мара выступала і аўтарам сцэнарыяў, і рэжысёрам.

Дзяўчына спецыялізуецца на кароткаметражках.

«Крышталь» Дар'і Жук

Фільм «Крышталь» прайшоў па экранах найбуйнейшых фестываляў (напрыклад, у Лондане ды Карлавых Варах), а таксама атрымаў шэраг узнагарод. Самым жа буйным прызнаннем стаў разгляд твора як дэлегата на «Оскар» ад Беларусі — праўда, з лонг-ліста «Крышталь» у выніку не выбраўся.

Тым не менш, рэфлексіўная гісторыя дыджэя Вэлі, якая марыла з'ехаць з Мінска ў Чыкага на радзіму ўлюбёнага музычнага стылю, знайшла водгук і ў тых, хто жыў у 90-я ў Беларусі, і ў тых, хто гэты перыяд не заспеў, але праз экран эмпатычна адчуў усю боль постсавецкага беспарадку.

У аснове сцэнара ляжыць сапраўдная гісторыя, якую Жук пачула ад сяброўкі, калі толькі пачынала вучыцца ў Штатах. У сінопсіс ідэю «запакавала» сцэнарыстка Хельга Ландаўэр, пасля чаго дзяўчаты даслалі сцэнар на «Беларусьфільм». Там ён нерухома праляжаў паўтара года, пасля чаго рэжысёрка самастойна стала шукаць грошы на здымкі.

У выніку «Крышталь» падтрымалі фінансамі ажно чатыры краіны: Германія, ЗША, Расія і Беларусь. «Беларусьфільм», дарэчы, далучыўся толькі на апошніх этапах вытворчасці — і даў рэквізіт з абсталяваннем у абмен на працэнт з прыбытку. Жук на гэта пагадзілася, бо верыла ў сваю стужку. І, як паказаў час, на сто адсоткаў мела рацыю.

Дарэчы, зняць добрае кіно можна было б і пра лёс самой Дар'і. Творца ў маладым узросце пераехала ў ЗША, з адзнакай скончыла Гарвард, пасля шэсць гадоў працавала прадзюсарам на HBO (тым самым, што даў жыццё «Гульні тронаў», напрыклад), а рэжысёрскія скілы ўдасканаліла на курсах Калумбійскага ўніверсітэта.

Яна спрабавала сябе ў кароткаметражках, прадзюсіравала дакументалкі, рэалізоўвала задумы ў серыялах. І ў выніку прыйшла да запатрабаванасці з боку «Нэтфлікса»: рэжысёрку пабачылі ідэальным кандыдатам для здымак расійскага крымінальнага трылера «ЗАТО». Праўда, пуцінскае ўварванне ва Украіну прымусіла спыніць здымкі, тады як сэрвіс увогуле сышоў з тамтэйшага рынку.

«Два» Улады Сяньковай

У 2020-м Улада зрабіла фільм «Два», які канчаткова сцвердзіў яе сур'ёзным еўрапейскім рэжысёрам новай хвалі. Найбуйнейшы скандынаўскі фестываль у Гётэборгу, ухвальныя рэцэнзіі французскіх выданняў, кінафестываль ў Бруселі, асобная згадка журы на Варшаўскім кінафестывалі — незвычайная гісторыя беларускіх школьнікаў прыйшлася даспадобы ўсяму Старому Свету. Бо праблемы, якія закранае Сянькова, актуальныя незалежна ад краіны паказу: булінг, агрэсія, цяжкасці з камунікацыяй між людзьмі…

Праз гісторыю трох маладзёнаў Сянькова паказвае недасканаласць беларускага грамадства ў пытаннях сэксуальнай асветы, пабудове сістэмы выхавання, адносін унутры піраміды адукацыі. І гэта адклікаецца ў гледачоў, бо ў Беларусі постсаветскія рудыменты ў гэтых галінах усё яшчэ застаюцца. 

Цікава, што менавіта з Сяньковай пачалося тое самае новае беларускае кіно, якое найбольш адпавядае крытэрыям сучаснасці. Камп'ютарны лінгвіст-перакладчык вырашыла не абмяжоўвацца акадэмічнай адукацыяй — і пайшла зусім нетрадыцыйным для 2010-х шляхам.

Пасля заканчэння прыватнай школы Андрэя Палупанава дзяўчына на свае грошы зняла фільм «Граф у апельсінах», хай сабе поўны метр пацягнуў на чатыры тысячы даляраў. Выдаткі сябе апраўдалі, бо стужку заўважылі не толькі ў Беларусі ды Расіі, але і ў замежжы — напрыклад, па выніках фестывалю ў нямецкім Котбусе твору адышла «Discovery Award».

Далей жа Сянькова ўдасканальвалася і як тэарэтык, і як практык. У 2019-м яна скончыла школу Анджэя Вайды, хаця на два гады раней зняла магутную драму на 17 хвілін «З велізарнай вышыні» — пра вайну, стаўленне юнакоў да яе і да службы ў арміі. А крыху пазней са сцэнара веб-серыяла на 12 серый нечакана зрабіла поўны метр пра 20-30-гадовую моладзь, якая шукае месца ў жыцці — «Пражэкцёры» ўжо цягнулі на самае што ні на ёсць «дарослае» кіно.

Таму не дзіва, што ў сваім прагрэсе Улада прыйшла да стужкі «Два» як да самага цэльнага палатна. І тое, што фільм зразумелі ды з прыязню прынялі не толькі ў рускамоўным асяроддзі, але і на Захадзе, толькі пацвярджае яго выбітнасць.

«Дэбют» Настассі Мірашнічэнка

Мірашнічэнка — адна з нешматлікіх асоб, хто і цяпер працуе ў Беларусі. Яна не толькі займаецца профільнай справай, але і дзеліцца ведамі, бо выкладае рэжысуру дакументальнага кіно ў студыі Андрэя Палупанава.

І ёй насамрэч ёсць пра што распавесці: ужо дэбютная стужка Настассі «Перакрыжаванне» атрымала прыз глядацкіх сімпатый Варшаўскага фестывалю, а пасля патрапіла не толькі ў шэраг конкурсных еўрапейскіх праграм (форум у італьянскім Трыесце альбо фэст «Crossing Europe» ў аўстрыйскім Лінцы), але і ў нацыянальны эфір. Стужку пра бяздомнага мастака з Гомеля Валерыя Ляшкевіча прадэманстраваў шведскі канал SVT.

І хай сабе частотнасцю новых фільмаў Мірашнічэнка гледачоў не песціла, аднак кожная яе праца была з'явай у дакументалістыцы. Так, фільм «Дэбют» распавёў гісторыю тэатра ў жаночай калоніі — і параллельна паказаў быт таго боку жыцця, які звычайна ў Беларусі застаецца закрытым. Рэжысёрская праца аказалася настолькі выбітнай, што стужку высунулі на «Оскар» ад Беларусі адразу ў дзвюх намінацыях: «Найлепшы фільм на замежнай мове» і «Найлепшы дакументальны фільм года». Нягледзячы на тое, што Настасся засталася без амерыканскай узнагароды, цэлы шэраг еўрапейскіх статуэтак — ад Галандыі да Польшчы — пацвердзіў высокі ўзровень яе працы.

Яшчэ адзін моцны фільм Мірашнічэнка — «Цемра звонку» — з'явіўся на свет два гады таму. Ён распавядае пра два тыдні з жыцця футбольнай зборнай Беларусі сярод невідушчых: іх падрыхтоўку да адбору на чэмпіянат Еўропы, быт, сацыялізацыю — і боль, што атачае падчас змагання за правы на нармальнае жыццё. Можа, спартыўная тэматыка і звузіла кола людзей, якія звярнулі на фільм увагу. Але па сваёй насычанасці эмоцыямі, «шчыльнасці» ды рэжысёрскай працы ён нічым не саступае больш вядомым работам Настассі.

«Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы

Праект Куцілы, які перш за ўсё звяртае на сябе ўвагу, датаваны мінулым годам. У стужцы «Калі кветкі не маўчаць» беларус распавядае пра падзеі жніўня 2020-га праз гісторыі звычайных сем'яў. Аднак фокус у фільме — на партрэтах жанчын — тых, якія перажывалі гвалт сілавікоў (як, дарэчы і сястра рэжысёра), ладзілі пратэсты, заклікалі да міру і жылі насуперак усяму, хаця траўмы пакідалі шнары не толькі на іх целах, але і душах.

Дарэчы, цягам усёй кар'еры Куціла бліскуча працуе над адлюстраваннем людзей у тых прасторы ды часе, што ім выпадаюць. Гэта адначасова і летапіс, і споведзь, і наратыў, якія пераплятаюцца ў сапраўдныя палотны. Пры гэтым да 2020-га Андрэй тэму палітыкі ў творчасці пераважна імкнуўся абыходзіць, хаця ў 2010-х стварыў стужку «Даволі. Да волі».

Аднак падзеі 9 жніўня 2020-га зноўку вярнулі яго ў рэаліі «лукашэнкаўскай» Беларусі: спачатку падштурхнулі зафіксаваць рэчаіснасць у фільме-назіранні «Муры», а пасля — у стужцы «Калі кветкі не маўчаць».

Што непасрэдна да ўзнагарод, то тут варта прыгадаць 2018 год, калі выхадзец з Баранавіч перамог на фестывалі ІDFА ў Нідэрландах, які называюць «Канамі дакументальнага кіно». Праца SUMMA распавядала пра сяброўства беларускай дзяўчыны ды старога польскага мастака, аднак цікавая яна не столькі сюжэтам, колькі атмасферай навокал герояў і лакацый ды — асабліва — партрэтамі. Тымі, што ў працы 2021 года стануць візітоўкай рэжысёра. 

За апошняе дзесяцігоддзе рэжысёры новай хвалі разбурылі стэрэатып: маўляў, нашае кіно — выключна ваенныя стужкі, знятыя на «Беларусьфільме». Сёння гэты куды больш разнастайны і па стылі, і па кантэнце творчы кірунак. І калі ўжо «Нэтфлікс» звяртаецца да беларусаў па супрацу, прызнаючы іх узровень, то і «Оскар» для Беларусі — усяго толькі пытанне часу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
>< / Адказаць
07.11.2022
Cikava.
2
Кінолаг / Адказаць
07.11.2022
Асабіста я гляджу толькі ўкраінскае, і не шкадую. Дарэчы, якая пазіцыя ў гэтых рэжысёрак адносна вайны?
0
даведка / Адказаць
07.11.2022
А вот лучший, по мнению ОНТ, белорусский режиссёр старой школы. )) https://i.ibb.co/GcXyZcF/041122.png
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру