У клініцы працуюць 9 дасведчаных ветэрынараў і 6 ветэрынарных фельчараў.

У прыёмным пакоі сваёй чаргі чакаюць уладальнікі дзвюх жывёлін. Ганна прывяла ёркшырскага тэр’ера, каб зрабіць прышчэпку. У чаканні выкліку яна дзелавіта расшпільвае на ўлюбёнцу камбінезончык, адначасова супакойваючы ўсхваляванага гадавалага сабачку.

— Гэтую клініку мне параілі сябры, — распавядае ўладальніца ёрка. — Сеня ўжо меў негатыўны досвед наведвання іншай, калі былі праблемы з зубамі. Таму вырашыла зрабіць прышчэпку тут, каб не нагадваць сабаку аб нядаўнім стрэсе.

Ветэрынарны фельчар Павел Рэкстэн праводзіць неабходныя маніпуляцыі і дае некалькі парад па ўтрыманні сабакі.

Адначасова на прыём да доктара прыйшла сям’я — бацька з дзвюма дочкамі прынёс буйнога аднагадовага кацяру Боню.

— У яго на шыі з’явілася зацвярдзенне, — дзеліцца старэйшая з сясцёр Лера. — Таму мы і вырашылі паказаць Боню доктару. Спадзяёмся, што зможам хутка яго вылечыць.

Сяргей Перуноў праводзіць агляд пушыстага пацыента, ставіць дыягназ, прызначае прэпараты і расказвае бацьку сямейства, як лячыць улюбёнца сям’і, каб той хутчэй паправіўся.

Побач на працэдурным століку ляжыць пад кропельніцай каток «дваровай» пароды Бублік.

— Так яго назвала дзіця, калі знайшло на вуліцы. Уручаючы бабулі, сказала: «Трымай, гэта Бублік!» У нас усе любяць жывёл: у маіх бацькоў, у сястры і ў мяне дома шмат сабак і катоў, прычым амаль усе — падабраныя на вуліцы, — расказвае Кацярына. — Бубліку, які жыве ў маёй мамы ў вёсцы, стала дрэнна, і мы хуценька прыехалі сюды, у клініку. Тут працуюць вопытныя дактары. Мы часта звяртаемся да іх, бо нашым гадаванцам неабходна праводзіць планавыя агляды і рабіць прышчэпкі. Бубліку паставілі дыягназ «вірусная інфекцыя», і цяпер ён лечыцца…

У кабінеце Алены Калінінай з’яўляюцца новыя пацыенты. Юлія і Дзмітрый прывялі на прыём пушыстага сабаку Чарлі. У двухгадовага чау-чау з’явілася алергія на корм, і доктар параіў уладальнікам сабакі высветліць, які менавіта кампанент выклікаў такую рэакцыю, а таксама патлумачыў, што праблема будзе ліквідаваная пасля замены корму. У канцы прапісвае курс лячэння для зняцця болю ў сабакі.

А вось чорнаму сабаку Ніке пашанцавала менш. Яе ўладальнікі Алег і Яна распавядаюць, што ў Нікі з’явіліся праблемы з заднімі лапамі — яна часта стамляецца, пасля прагулкі доўга скуголіць ад болю, не хоча ўставаць.

Доктар Дзмітрый Огнеў пераконваецца, што ў сабакі лішняя вага і артрыт задніх лап. Ён цікавіцца, ці пакладзена ва ўладальнікаў жывёлы дома на падлозе плітка. На яго думку, гэта не самым лепшым чынам адбіваецца на здароўі сабакі:

— Па-першае, падлога ў такім выпадку слізкая, што стварае дадатковую нагрузку на суставы, а па-другое, доўгае ляжанне на халодным пакрыцці — прычына хвароб мочапалавой сістэмы.

У кароткія перапынкі паміж прыёмам пацыентаў задаю пытанні Дзмітрыю Генадзьевічу:

— З якімі захворваннямі жывёл часцей за ўсё звяртаюцца іх уладальнікі і якія меры неабходна прыняць, каб пазбегнуць або мінімізаваць іх наступствы?

— Ёсць група захворванняў, якія маюць пэўную сезоннасць. Напрыклад, цяпер, як і вясной, актывізаваліся іксодавыя кляшчы, якія з’яўляюцца пераносчыкамі небяспечных захворванняў. Таму асабліва ўважлівымі трэба быць уладальнікам сабак. Не забываць апрацоўваць гадаванцаў ад насякомых-крывасмокаў, прычым якаснымі прэпаратамі. Яны даражэйшыя, але абараняюць лепш, чым танныя сродкі ці ашыйнікі.

— Да якіх захворванняў схільныя коткі, на што іх уладальнікам варта звярнуць увагу? — цікаўлюся ў ветурача.

— Кошкі ў большасці выпадкаў трапляюць да нас з цыстытам або мочакаменнай хваробай. У першым выпадку — халодныя падлогі і скразнякі. А вось у другім — вінаватыя самі ўладальнікі. Коткам лепш не даваць танны сухі корм, а таксама рыбныя і малочныя прадукты, пра што людзі часам забываюць. Не ўсё, што неабходна чалавеку, карысна жывёлам.

— У практыцы клінікі былі выпадкі аказання дапамогі дзікім жывёлам або птушкам? — не супакойваюся я.

— Так, нядаўна да нас на прыём прывезлі лебедзя, якому сабака ледзь не перагрыз горла. Своечасова паспелі вызваліць птушку з палону. Яна выжыла. Быў выпадак, калі мне давялося лячыць ядавітую рэптылію: у яе назіраліся праблемы з вачамі. Выконваючы меры засцярогі, дапамогу аказалі ў поўным аб’ёме. У ліку нашых «падапечных» — і жыхары кантактнага заапарка.

— Якіх экзатычных гадаванцаў прыносяць на прыём гамяльчане?

— Апроч звычайных кошак, сабак, трусоў і папугаяў розных парод, часам просяць палячыць лісаў, міні-пігаў і рэптылій. Плітка, выкладзеная на падлозе дома, не самым лепшым чынам адбіваецца на здароўі сабак.

— Што б вы параілі ўладальнікам жывёл?

— Любіць і клапаціцца аб іх здароўі, прытрымлівацца рэжыму харчавання і забяспечваць камфортныя ўмовы ўтрымання. І пры самым нязначным недамаганні не зацягваць паход да ветэрынара — хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.

Дзмітрый Огнеў звяртае ўвагу на тое, што прыём у клініцы вядзецца кругласутачна.

— Ёсць магчымасць замовіць выезд доктара на дом для аказання экстраннай дапамогі альбо планавага лячэння, напрыклад, пастаноўкі кропельніцы або правядзення вакцынацыі маленькім кацянятам і шчанятам. У самой клініцы мы аказваем шырокі спектр ветэрынарных паслуг, які ўключае УГД і рэнтген, лабараторныя даследаванні і многія іншыя паслугі.

Не магла не пацікавіцца грашовым бокам пытання: адна справа — планавыя працэдуры, а іншая — экстранная дапамога, якая можа абысціся гаспадару «ў капейчыну». 

Пытанне аплаты вырашаецца ў індывідуальным парадку і так, каб улічыць інтарэсы ўладальнікаў жывёл, — запэўнівае мяне Дзмітрый Генадзьевіч.

Клас
39
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
1