«Першы раз мяне затрымалі яшчэ на пачатку ліпеня. Я тады прыйшоў да аднаго вядомага апазіцыйнага актывіста дадому, бо ведаў, што ў яго ёсць інфармацыя пра Васю. Забыўся, які дакладна пад’езд, таму сеў на лавачку. Адразу выязджае з-за вугла сіні бус, адбываюцца «маскі-шоу», усё вельмі хутка. Мяне ў кайданках вязуць у Першамайскае РУУС. Там сталі лазіць па тэлефоне, спыталі пра брата, паспачувалі. Было ўражанне, што яны стаміліся ад усяго гэтага. Сказалі: «Мы ўсё разумеем, што брат загінуў, але пасядзець трэба».

Сяргей сказаў, што ў прыватных перапісках яны знайшлі паведамленне, дзе ён пісаў, што ў выпадку мабілізацыі здасца ў палон украінцам. Нарабілі скрыншотаў, першапачаткова пратакол склалі за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», а потым перакваліфікавалі ў «дробнае хуліганства». Асудзілі на 15 сутак.

Бандарэнка кажа, што давялося сядзець у камеры для палітычных, дзе на чатыры спальныя месцы быў дваццаць адзін чалавек. Па сканчэнні адміністрацыйнага арышту яго выпусцілі на волю. Адразу ж звольнілі з працы на «Белпошце», пасля Сяргей зарабляў на жыццё выпадковымі падпрацоўкамі.

Другое затрыманне адбылося ўжо 28 кастрычніка ў Заслаўі. Там Сяргей Бандарэнка адзначаў на лецішчы юбілей бацькі. Праз бытавую сітуацыю на лецішча выклікалі міліцыю, і калі яна там была, то ў Бандарэнкі на тэлефоне зайграла ўкраінская патрыятычная песня.

«Міліцыі хапіла гэтага для праверкі тэлефона, а ў мяне на застаўцы трызуб, шмат песняў украінскіх, Tor Band, шмат чаго яшчэ. Павезлі ў пастарунак. Знайшлі фільм «Белсата» пра майго брата Васіля. Я кажу, што гэта мой брат. Старлей адразу стаў кудысьці тэлефанаваць, я думаў, што ў КДБ. Гадзіны праз дзве-тры прыехалі людзі ў цывільным, якія павезлі мяне на ператрус у Мінск».

Спадар Бандарэнка расказвае, што дома знайшлі бела-чырвоную коўдру, але потым расчараваліся, што яна вырабленая ў Індыі.

«Мяне паставілі на калені, накрылі гэтай коўдрай. Але ніякага пагрому дома не было, усё вельмі культурна, дзеля справядлівасці. На халадзільніку вісела фотка, дзе я ў Адэсе ў майцы «Мы — браты, мы — разам» з беларускім і ўкраінскім сцягамі. Забралі той здымак з сабой. Дома не білі. Калі заехалі на тэрыторыю ГУБАЗіКа, то там пачалося «мордай у падлогу», на паўсагнутых пагналі ў кабінет. Там паставілі на калені, сталі шукаць тэлеграм у тэлефоне. Шукалі інфармацыю ў вайберы, у фэйсбуку. Украінцаў яны называюць «хахлама». Кажы пароль, загадваюць. Адказваю, што не ведаю — адразу б’юць нагой па спіне і рэбрах. Па твары не білі. У іх дурныя жарты былі, адзін дастаў шаблю драўляную: «Бачыш, якая доўгая? Ведаеш, што мы можам зрабіць?» Адразу холад па целе. На сценах вісяць расійскія сцягі — гэта так дзіка».

Сяргей кажа, што пагадзіўся на «пакаяльнае» відэа, бо сам Васіль Парфянкоў прасіў сваякоў казаць усё што заўгодна, абы іх не білі. Раней затрымлівалі маці і сястру Васіля.

Васіль Парфянкоў і Сяргей Бандарэнка ў Кіеве

Васіль Парфянкоў і Сяргей Бандарэнка ў Кіеве

«Па дарозе назад у Заслаўе кажуць: «Ты ж нікому не кажы, што цябе білі, а то нам крыўдна будзе, бо каб мы білі, то ты б да канца жыцця еў бы праз трубачку». Каб яны якую Пагоню знайшлі ці сцяг, то мне былі б кранты. Я думаў, што мне прыпішуць распальванне варажнечы. Па дарозе ў пастарунак прымушалі спяваць гімн дзяржаўны, а я яго не ведаю, калі б гэта было па дарозе ў Мінск, то мяне за гэта яўна б збілі. Для іх чырвоныя анучы — абраза Лукашэнкі, няведанне гімна і патрыятычныя татуіроўкі. Потым сказалі: «Мы паліцыя, а вось перадаём цябе нармальнай міліцыі». У Заслаўі ў міліцыі да мяне ставіліся добра».

Сяргей сцвярджае, што яго хацелі судзіць за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», нарабілі з тэлефона скрыншотаў. У Заслаўі самі міліцыянты, калі пабачылі наступствы збіцця, выклікалі хуткую. Рэнтген паказаў падазрэнне на пералом рэбраў, таму Сяргея шпіталізавалі. Ужо з бальніцы ён уцёк, а потым змог пры дапамозе BySol перабрацца ў Польшчу. Цяпер ён у Белай Падляскай.

«Я думаў, яны будуць здзекавацца з памяці Васіля, што вось «здох — так і трэба». Але гэтага не было. Цікавіліся толькі, колькі ён зарабляў, калі вайна скончыцца, казалі, што Украіна развязала вайну. Мы з Васілём былі ў вельмі блізкіх адносінах», — кажа Сяргей.

Васіль Парфянкоў (пазыўны «Сябро») загінуў напрыканцы чэрвеня ў Лісічанску Луганскай вобласці. Цела беларуса ўсё яшчэ не аддалі ягонай жонцы-ўкраінцы.

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
12
Абуральна
83