Таццяна Зарэцкая. Фота: DR

Таццяна Зарэцкая. Фота: DR

Чаму ў прынцыпе важна гэта абмяркоўваць

Ёсць вялікая розніца паміж тым, на якім «агульным» змяняецца ўлада і зносіцца рэжым, і на якім «агульным» пасля гэтага будуецца новае. Для таго, каб знесці ўладу, дастаткова аднаго «агульнага» — непрыняцця рэжыму і разумення, што так — не. Для таго, каб будаваць новае, гэтага ўжо зусім не дастаткова, важна разумець, а як — так. І для таго, каб пабудаваць нешта якасна новае і, самае галоўнае, жыццяздольнае, надзвычай важна, каб у розных груп грамадства, як можна большай колькасці людзей, была згода па ключавых каштоўнасцях і канцэптах.

Вялікай памылкай, на мой погляд, з'яўляецца меркаванне аб тым, што мы ўсё гэта вырашым «потым», а цяпер галоўнае знесці рэжым. Не, усё гэта — фарміраванне таго, што называюць «новай Беларуссю». І яно адбываецца цяпер. У кожнай нашай рэакцыі і кожным нашым асэнсаванні.

Таму я буду казаць пра ўрокі для грамадства (не здымаючы першаснай адказнасці з Кабінета).

Кацярына Дэйкала. Фота Аляксандра Ружачкі

Кацярына Дэйкала. Фота Аляксандра Ружачкі

1. Хлусня і маніпуляцыі фактамі як самадастаткова і безумоўна недапушчальная рэч. Адсутнасць хлусні і маніпуляцый як самакаштоўнасць

Адбылася відавочная і адназначная рэч: хлусня і маніпуляцыя фактамі пра сябе і свой бізнэс. Хлусня і маніпуляцыі ад публічнага, дарослага чалавека, якая добраахвотна, у цвярозым розуме ўзяла на сябе адказнасць у адной з палітычных сфер, прыйшоўшы ў палітычную структуру на пэўную пасаду.

Нават калі апусціць інфармацыю з ананімнага незразумелага сайта, пра які піша «Наша Ніва», астатніх фактаў, прадстаўленых у абодвух матэрыялах («Нашай Нівы» і «Зеркала») і іх супастаўлення — цалкам дастаткова, каб убачыць маніпуляцыі. Пагадзіцца займаць пэўную пасаду, не маючы для яе прафесійнай кампетэнцыі — таксама частка маніпуляцый.

І да пытання пра цвярозае ўсведамленне сябе. Людзі, якія хлусяць, маніпулююць, выдаюць сябе за таго, кім не з'яўляюцца і гатовыя браць на сябе задачы, не маючы праф кампетэнцыі для іх вырашэння — будуць заўсёды. Гэта не сюрпрыз.

Пытанне ў тым, што рэакцыя грамадства на гэта павінна быць адпаведнай і не двухзначнай. Сам гэты факт падлягае асуджэнню. Безумоўна, пры гэтым трэба і важна абмяркоўваць дэталі, але сам гэты факт падлягае асуджэнню.

Зыходзячы з выказванняў некаторых вядомых прадстаўнікоў бізнэсу, якія з'яўляюцца і лідарамі меркаванняў, і не толькі бізнэсу (выказванняў як публічных, так і кулуарных), а таксама з каментароў, якія падтрымліваюць такія пазіцыі, калі ўсё рэзюмаваць, нам прапануецца такая канструкцыя: так, яна зрабіла шэраг недапушчальных рэчаў для палітыка, неразборлівая, так, яна не разбіраецца ў беларускай эканоміцы, але доказаў махлярства няма, гэта нармальна. «Калі апусціць мішуру», яна была ўзятая для прыцягнення грошай, гэта таксама свайго роду стартап, у сферы стартапаў, «пытанне крэдытаў і інвестыцый — гэта пытанне даверу, таму важна ўмець пускаць пыл у вочы», і наогул «яна адцяняла класічную беларускую апазіцыю маладосцю і яркасцю».

Ну, па-першае, дзіўна бачыць словы «давер» і «пускаць пыл у вочы» ў адной лагічнай звязцы.

Па-другое, нам прапануецца лічыць нармальным браць відавочна некваліфікаванага чалавека, да якога «ёсць пытанні», для прыцягнення грошай, таму што «яна стварыла стартап і ўмее прыцягваць фінансаванне». У той жа час у гэтага стартапа, па сцвярджэнні самога ж гэтага бізнэсмэна, «няма акупнасці і выніку для інвестараў». Дык што яна ўмее прыцягваць?

Па-трэцяе, не вельмі зразумела, навошта ў прынцыпе кідаць цень на ўсю сферу стартапаў, і людзей, з ёй звязаных, тэзісам «у гэтай сферы ўсе так робяць». Я разумею, што стартапы — гэта сфера рызык, і разумею чаму. Я не разбіраюся ў стартапах, але нешта з глыбіні маёй свядомасці падказвае, тым не менш, што сфера бізнэс-рызык і адкрытае наеб@лава — крыху розныя рэчы. Калі гэта не так — скажыце мне.

Па-чацвёртае, ёсць усё ж некаторая розніца паміж «усе так робяць» і «гэта лічыцца стандартам чаканых паводзін у прыстойнай супольнасці».

І, па-пятае, пра махлярства. Ну вядома тут няма махлярства як крымінальнага злачынства. У кожным разе, наяўнасць яго можа вызначыць толькі суд, а да гэтага дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці.

Але гаворка не пра злачынства, а пра інстытут рэпутацыі. І для яго фарміравання ў грамадстве жыццёва неабходна публічна і недвухзначна асуджаць хлусню і маніпуляцыі з боку публічных людзей без залежнасці ад таго, ці здзейснілі яны пры гэтым крымінальнае злачынства.

2. Чаму дзяржава — не стартап

У дзяржавы і стартапа — розныя мэты і розная адказнасць перад грамадствам. Пры ўсім тым, што ў палітычным плане цяпер ідуць протапрацэсы, і ўсе структуры — гэта протаструктуры, тым не менш — гэта тое, што ёсць сёння, гэта тое, што сёння частка палітычнага працэсу, гэта тое, што функцыянуе, гэта тое, з чым сёння трэба працаваць. Гэта тое, што сёння складае свайго роду «палітычны трэнажор» для грамадства і для саміх палітыкаў, для нашага палітычнага сталення і фарміравання палітычных элітаў. Гэта ўсё да таго ж пытанні рацыянальнага vs. ірацыянальнага ўспрымання дзяржавы і палітыкаў.

Усе гэтыя аргументы пра маладую, амбіцыйную і г.д. — гэта таксама прыклад ірацыянальнага ўспрымання чалавека, які ўзяў на сябе палітычную адказнасць. Калі змешваецца сам чалавек і яго ўчынкі і роля.

Калі чалавек прыходзіць у палітычны працэс — ён бярэ на сябе зусім пэўную ролю. У грамадзянскай супольнасці — адна роля, у СМІ — свая, у бізнэсу — іншая, у палітыкаў — свая. Рацыянальнае ўспрыманне дзяржавы, калі ты выразна разумееш, хто ў якой ролі што павінен рабіць безадносна саміх персаналій.

Прыходзячы ў палітычны працэс, чалавек уступае ў грамадскую дамову з намі, і быць з намі сумленным (як мінімум выдаваць сябе за таго, кім ты ёсць на самай справе, а не вось гэта вось усё) — частка гэтай дамовы. І таму ніякіх аргументаў «яна вам нічога не павінна» быць не можа. Павінна, і нашмат больш, чым ёй.

Не хацелася б, каб у працэсе руху да новай Беларусі мы забыліся пра такі прынцып, як good governance (частка якога — падсправаздачнасць палітыкаў грамадству) толькі таму, што нехта малады, амбіцыйны і гэтак далей. Не задавальняе такі расклад — пераходзь у іншую ролю.

У 2020-м на маршах адным з папулярных лозунгаў быў «мы тут улада». Дык вось пажадана, каб мы не пакінулі гэта на вуліцах Мінска-2020 і выкарыстоўвалі гэта не толькі ў дачыненні да лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, але і ў дачыненні да любога, хто хоча ўступіць у палітычны працэс.

3. Рэакцыя як элемент культуры

Працуючы з тэмай бізнэсу і правоў чалавека, вельмі цікава назіраць, якая розніца ў рэакцыях на абвінавачванні ў парушэннях правоў чалавека (той жа дыскрымінацыйны маркетынг) у некаторых нашых бізнэсаў і буйных міжнародных карпарацый. І гэта таксама пра інстытут рэпутацыі. Там, дзе ён працуе, паміж рэакцыяй «сам дурань» і/або «не ваша справа, ідзіце ў дупу» і «прабачце, наш касяк, мы не хацелі нікога закрануць», часцей за ўсё выбіраюць апошнюю. З людзьмі дакладна гэтак жа сама.

Вядома, як уласніца бізнэсу яна мае юрыдычнае права не паказваць ніякія дакументы і забараніць публікаваць тое, што яна нагаварыла.

Але ёсць розніца паміж тым, калі ў цябе патрабуюць, як Панікоўскі ў Карэйкі «пакажы свой мільён», і калі да цябе як да чалавека з палітычнага поля паўсталі пытанні і важна абараніць сваё сумленнае імя. Ну і, зноў такі, не забываемся пра падсправаздачнасць грамадству.

І нават калі нейкія журналісты ў пагоні за гучнымі загалоўкамі назвалі цябе «мільянеркай», а ты ёю не з'яўляешся, адэкватная рэакцыя — звярнуцца да іх і сказаць: не трэба мяне так называць, таму што я — не мільянерка. Ну а калі гэта адбываецца з тваёй падачы — гэта не што іншае, як хлусня і ўвядзенне ў зман тых жа журналістаў.

4. Крытэрый гендарнай роўнасці не можа пераважаць над крытэрыем прафесійных кампетэнцый і сумленнасці

Балючая і важная тэма. Пры рэальна глыбокай праблеме гендарных стэрэатыпаў у нашым грамадстве важна больш выразна разумець стандарт дыскрымінацыі. Ніводнае палажэнне стандарту не кажа нам пра тое, што меркаванні гендарнай роўнасці могуць і павінны пераважаць над меркаваннямі прафесіяналізму і кампетэнтнасці або, тым больш, празрыстасці і добрасумленнасці.

Гендарная дыскрымінацыя — гэта не любое няроўнае абыходжанне па прыкмеце полу, а заснаванае на неразумных падставах (асабістых перавагах, напрыклад), г.зн. неабгрунтаваная няроўнасць.

Таму, перш чым уключаць аргумент гендарнай дыскрымінацыі або гендарнага балансу, важна пашукаць, а ці ёсць разумная падстава для прыёму/звальнення, у тым ліку звязаная з прафесійнай кампетэнцыяй і іншымі характарыстыкамі, якім павінен адпавядаць чалавек на гэтай пасадзе. А Кабінету гэта ўрок у тым, што важны разумны баланс паміж адказам на запыт грамадства і меркаваннямі прафесіяналізму.

Вынік

Калі спытаць у каго заўгодна — ці добра падманваць, пераважная большасць скажа — вядома, не. Ці павінен палітык быць падсправаздачным грамадству, пераважная большасць скажа — вядома, так. Але як толькі з'яўляюцца нюансы — з'яўляецца «ўсё не так адназначна». Гэта значыць, дзеля канкрэтнай мэты можна праглынуць і некаторую неахайнасць, неразборлівасць і непрафесійнасць чалавека, бо ён можа быць карысны.

Можна не асудзіць падман і маніпуляцыі, таму што «ўсе так робяць», ці таму што чалавек — стартапер, ці таму, што ён ахвяра пагроз, ці таму, што «ну і што, бо не здзейснена ніякага злачынства», ці таму, што імпануе сам чалавек: яркі, прывабны, малады, амбіцыйны і наогул жанчына, бо гендарная роўнасць такая важная, і г.д., і гэта можа аднолькава тычыцца як жанчын, так і мужчын.

Таму што гэта не пра Зарэцкую, гэта пытанні падыходу.

Чытайце таксама:

Паспяховая стартаперка ці баранэса Мюнхгаўзен? Як Таццяна Зарэцкая трапіла ў Аб'яднаны кабінет і чаму яна яго пакінула

«Чырвоных сцяжкоў больш, чым на камуністычным мітынгу». Фінансавы аналітык Адаскевіч пра стартап Зарэцкай

Зарэцкая: Хацелася б нагадаць прадстаўнікам медыя, што ў Беларусі ўсё яшчэ сядзяць палітычныя зняволеныя

Ціханоўская: Нашай памылкай было тое, як мы рэагавалі і камунікавалі падчас сітуацыі з Зарэцкай

Клас
83
Панылы сорам
8
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
4
Абуральна
7