Падзеі фільма адбываюцца ў 1925 годзе. Паводле раённых журналістаў, «гэты складаны час для Беларусі адлюстраваны на прыкладзе канкрэтнай сям’і, няпростых узаемаадносін у ёй. Праблема выбару, псіхалогія чалавека ў складаных умовах, прыняцце жыццёвых рашэнняў — усё гэта выходзіць на першы план».

Праца над сцэнарыем вялася дастаткова доўга, некаторыя часткі, як сцвярджаецца, перапісваліся па некалькі разоў. Адзначаецца, што аўтары імкнуліся паказаць сітуацыю максімальна набліжанай да рэчаіснасці, таму працавалі з архіўнымі дакументамі, звярталіся па дапамогу да гісторыкаў. Гістарычныя кансультанты нібыта дапамагалі з выбарам касцюмаў для герояў і лакацый для здымак.

Дзеянне фільма ахоплівае два населеныя пункты — Стоўбцы і Рубяжэвічы, аднак знайсці адпаведныя пабудовы там аказалася складана. Мясцовыя будынкі, якія адпавядаюць таму часу, вельмі змяніліся, былі пафарбаваныя або адрэстаўраваныя, а некаторыя актыўна выкарыстоўваюцца пад розныя мэты. Гальшаны ж сталі ідэальным варыянтам для замены, бо архітэктура мястэчка яшчэ захоўвае сваю самабытнасць.

Цэнтр мястэчка і вуліца Замкавая не раз і раней з’яўляліся месцам для здымак дакументальных фільмаў і мастацкіх карцін. У другой палове шасцідзясятых гадоў у Гальшанах здымалася мастацкая стужка «Вайна пад стрэхамі». Пазней Гальшаны прывабілі рэжысёра Дзмітрыя Зайцава, які выбраў цэнтр былога мястэчка для здымкаў фільма «Паміж жыццём і смерцю». А некалькі гадоў таму ў мясцовым касцёле Святога Яна Хрысціцеля адбываліся здымкі гісторыка-прыгодніцкага фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега».

У здымках фільма «Мы едины» бяруць удзел каля трыццаці беларускіх і расійскіх акцёраў, адну з галоўных роляў выконвае расіянка Антаніна Дзівіна. Масоўку складаюць мясцовыя жыхары.

Вырашаць пытанні з падборам масоўкі, устаноўкай дэкарацый, дастаўкай інвентару і іншым актыўна дапамагаюць мясцовыя вертыкальшчыкі і сілавікі.

Завяршыць здымачны працэс і прыступіць да мантажу карціны плануюць да канца каляндарнага года, выхад фільма на вялікія экраны чакаецца вясной наступнага года.

Клас
2
Панылы сорам
20
Ха-ха
9
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
9