Батальён «Тэрор» на подступах да Херсона, 11 лістапада 2022 года. Фота: Telegram / Terrorbel

Батальён «Тэрор» на подступах да Херсона, 11 лістапада 2022 года. Фота: Telegram / Terrorbel

Батальён «Тэрор» уваходзіць у склад УСУ. Колькасць людзей у падраздзяленні не выдаецца. Нагадаем, полк Каліноўскага 19 жніўня паведаміў, што пастановай камандавання вайсковай часці Узброеных сіл Украіны камандзір батальёна «Тэрор» з пазыўным «Вараг» быў звольнены з УСУ, а значыць, і з палка. Байцы «Тэрору» не пагадзіліся з гэтым рашэннем і выйшлі з палка, захаваўшы найменне свайго батальёна.

«Алесь» у цяперашні момант знаходзіцца ў тыле. Ён смяецца, што прапускаў трэніроўкі, але потым сур'ёзна тлумачыць: на баявыя заданні ў батальёне выходзяць толькі тыя байцы, якія падрыхтаваныя на ўсе сто адсоткаў.

— Пры наступе адбываецца так: спачатку ідуць малыя групы, і ўжо потым заходзяць асноўныя войскі. Батальён «Тэрор» таксама працуе як малая група, мы адпрацоўваем тэрыторыю, а потым ужо падцягваюцца іншыя сілы.

Батальён «Тэрор» у Херсонскай вобласці, 11 лістапада 2022 года. Фота: Telegram / Terrorbel

Батальён «Тэрор» у Херсонскай вобласці, 11 лістапада 2022 года. Фота: Telegram / Terrorbel

— Што адбываецца цяпер на тэрыторыі вызваленай Херсоншчыны?

— Многія дамы разбураныя. З таго, што бачыў асабіста я: людзі сустракаюць, радуюцца, махаюць рукамі. Мне, напрыклад, было вельмі прыемна, калі я спыніўся ў сельскай краме, каб купіць каву. Прадавец сказала, што плаціць не трэба. Абдымала, плакала і ў выніку плату за каву так і не ўзяла. Такое стаўленне вельмі кранае, бо зразумела, што грошай у мясцовых вельмі мала, ім давялося многае перажыць, — распавядае беларус. — Зноў жа, расейцы кажуць, што яны вывезлі тэхніку, але я сам бачыў, як наш буксір цягне танкі з характэрным «мангалам» — металічнай канструкцыяй, якую вешаюць на баявыя машыны расійскія вайскоўцы.

«Алесь» распавядае, што прасоўванне беларускіх добраахвотнікаў у бок Херсона пачалося яшчэ ў пачатку сакавіка, калі беларусаў пасля баёў пад Кіевам і адбіцця нападаў расійскіх войскаў у Ірпені, Бучы і Гостомелі накіравалі на выкананне іншых задач на паўднёвы кірунак.

Першым з беларусаў разам з украінскімі вайскоўцамі ў бок Мікалаева адправіўся Павел «Волат», які камандаваў ротай, што выконвае разведвальна-штурмавыя задачы.

— Па сутнасці, з правільнай выведкі, у якую ўнеслі свой уклад і беларусы, а таксама планамернага знішчэння ворага, і пачалося тое, што скончылася 11 лістапада ў Херсоне, — кажа «Алесь».

Наталля ўдакладняе, што галоўнай задачай «Волата» была выведка і вызначэнне кірунку, на якім будуць працаваць беларусы. Але былі і іншыя заданні.

— Павел быў па прафесіі дыверсантам-разведчыкам. На той момант у раёне Мікалаева былі ўкраінскія вайскоўцы і Інтэрнацыянальны легіён. І першае, чым ён разам з іншымі займаўся, — гэта была разведка і вывад байцоў УСУ і замежных добраахвотнікаў з паўкатлоў. Таксама яны праводзілі разведку ў раёне Кінбурнскай касы. На той момант Павел казаў, што штурмавыя дзеянні немагчымыя, таму што там было сканцэнтравана досыць шмат войскаў праціўніка, — распавядае Наталля. — Потым яго справы ўжо і працягнуў батальён «Тэрор», які прыбыў сюды ў канцы вясны.

Акрамя выведкі гэта беларускае падраздзяленне займалася карэкціроўкай агню ўкраінскай артылерыі на некалькіх участках і стрымліваннем расійскіх войскаў.

— А таксама знішчэннем жывой сілы, тэхнікі, складоў з боепрыпасамі і штурмам пазіцый, — пералічвае «Алесь».

— На якіх яшчэ кірунках цяпер працуюць беларусы?

— На цяперашні момант мы не можам казаць, на якім кірунку мы працуем, а таксама дзе дакладна знаходзяцца нашы байцы. Аператыўная інфармацыя не выдаецца. Нам не дакладваюць, у якіх населеных пунктах цяпер знаходзяцца вайскоўцы, але праца ёсць, хоць Херсон і вызвалены. Усе кажуць, што расійскія войскі адышлі, але трэба разумець, што яны проста ўцяклі адтуль. Не трэба думаць, што гэта быў вясёлы шпацыр. Маўляў, УСУ і беларусы проста ўвайшлі ў апусцелы горад. Вызваленне Херсона пачалося неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. І ўклад нашых добраахвотнікаў нельга ні ў якім выпадку змяншаць. Менавіта на гэтым кірунку загінулі трое беларусаў: Павел «Волат», стралок-парамедык Міхаіл «Юнгер» Шавельскі і механік-кіроўца падраздзялення, імя якога пакуль назваць не можам. А яшчэ засталася і Кінбурнская каса, з выведкі якой і пачыналі беларусы. З вызваленнем яе своеасаблівы, нават сімвалічны круг замкнецца, — кажа «Алесь».

Клас
95
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
7