Яня Пятроўская — з каманды філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча, асуджанага да пяці гадоў калоніі за нібыта «стварэнне экстрэмісцкага фармавання».

Яна мяркуе, што тое, з чым беларусы цяпер жывуць, не страх, а моцны стрэс і выкліканыя ім праблемы. Беларусы, як і іншыя еўрапейскія народы, нечага баяцца, але адначасова здольныя думаць і ацэньваць рацыянальна сітуацыю, у якой знаходзяцца.

«Беларусы моўчкі разважаюць, думаюць, церпяць і пачынаюць дзейнічаць толькі тады, калі зрабілі выбар, які гарантуе станоўчы для іх вынік. Яны не кідаюцца адразу на амбразуру. Беларусы — разумная і стрыманая нацыя, здольная прагназаваць рызыкі, бачыць не толькі сябе, але і акружэнне, іншых», — даводзіць свой погляд суразмоўніца.

У 2020 годзе беларусы сутыкнуліся і працягваюць сутыкацца з агрэсіяй, усёдазволенасцю асобнай групы людзей. У сітуацыі бяспраўя адзіным з існуючых спосабаў абароны становяцца ўцёкі ад гвалту, кажа Яня Пятроўская.

«Таму мы маем вялікі наплыў міграцыі.

Але людзі бягуць не праз страх, — лічыць педагог. — Беларусы бягуць таму, што могуць зрабіць прагноз. Калі не працуе права, закон, то любы чалавек можа зазнаць гвалт. Няма інструментаў абароны. Ні суд, ні тыя хто вакол, не могуць абараніць. На ўзроўні здаровага сэнсу, прагназуючы наступствы, кожны робіць выбар персанальна для сябе».

«Беларусы не могуць дамовіцца, як разам перамагчы»

Яня Пятроўская лічыць, што цяпер у камунікацыях між беларусамі пераважаюць эмацыйныя ўсплёскі і пачуццёвае стаўленне да рэчаіснасці. Яны не навучаныя нармальна гаварыць і абмяркоўваць праблемы.

«Таму беларусы не могуць дамовіцца, як разам перамагчы ў складанай сітуацыі. Няма агульнай стратэгіі перамогі. Мы мусім шукаць цяпер ключавыя рэчы, якія нас аб’яднаюць, і ад гэтага адштурхоўвацца», — разважае педагог.

Беларусы хваляцца, што яны гасцінныя і талерантныя. Але, на думку Пятроўскай, калі беларусы сутыкаюцца, напрыклад, з развагамі пра вайну, то хутчэй выяўляюць нецярплівасць да іншадумства і няздольнасць разумець высновы і логіку апанентаў.

Паводле яе, задача інтэлектуалаў, лідараў думак, аналітыкаў — абмяркоўваць складаныя пытанні і прапаноўваць шляхі вырашэння, каб эмоцыі не дамінавалі.

«Сацыяльныя праблемы не вырашаюцца працаю з кожным чалавекам паасобку. Неабходна распрацоўваць новыя нормы калектыўных дзеянняў, якія дапамогуць адказаць на пытанне, што можам супрацьпаставіць сітуацыі, якая ёсць».

Яна лічыць, што стрэс можна пераадолець, калі не баяцца шукаць праўду, размаўляць адно з адным, спрачацца, у тым ліку і з ворагамі. Яшчэ вучыцца і пазбаўляцца старых штампаў, не баяцца жыць і любіць.

«Палітзняволеныя — прыклад стойкасці»

Варта адыходзіць ад культывавання страхаў і чакання, што нехта за нас павінен усё зрабіць, лічыць Пятроўская.

«Напрыклад, Украіна нас выратуе ад рэжыму або не выратуе. Офіс Ціханоўскай вырашыць сітуацыю з уладаю або не вырашыць. Але дзе Я асабіста і Мы разам у гэтым усім — так мае гучаць пытанне».

«Палітзняволеныя — прыклад асабістай стойкасці і мужнасці. Магчыма, яны закладнікі ў раскладзе палітычнай гульні, але ў плане грамадзянскай пазіцыі яны дэманструюць не страх, а прыхільнасць каштоўнасцям свабоды і дэмакратыі. Яны заклікаюць грамадства, беларусаў, каб іх вызвалілі. Яны цяпер — цэнтр грамадзянскай супольнасці», — заяўляе педагог.

Палітвязень Уладзімір Мацкевіч

Палітвязень Уладзімір Мацкевіч

Таму, кажа Пятроўская, наша задача перайсці ад ахвярнасці да ўпэўненасці: нас болей, і за намі праўда.

«Мы мусім знаходзіць пункты судакранання ў мысленні і пераходзіць ад эмацыйнай канфліктнасці да вырашэння праблем, дасягнення мэтаў для кіравання сваёй дзяржавай».

«Лукашэнка эксплуатуе тэму страху»

Рэжым Лукашэнкі, безумоўна, эксплуатуе тэму страху ў інфармацыйнай вайне, маніпулюючы нашай свядомасцю, адзначае Яня Пятроўская. Ён разлічвае, што яго будуць баяцца, таму запалохвае і чакае адпаведнай псіхічнай рэакцыі. Калі будзе спалох, мяркуе Лукашэнка, то чалавек ніколі не будзе супраціўляцца. «Падзяляй і пануй!» — асноўны метад рэжыму.

«Усё гэта разлічана на жывёльны страх. Але на тыя ж міліцэйскія відэа беларусы цалкам адэкватна рэагуюць. Яны іх не палохаюць».

Мы бачым у гэтых відэа, што чалавека прымусілі гаварыць тое, чаго ён не хоча. Але відаць, што ён не баіцца, — мяркуе суразмоўніца. — Чалавек зазнае пакуты, яго катуюць, але пры гэтым ён дэманструе сілу духу. А сіла духу зыходзіць не ад псіхікі, а ад перакананняў, светапогляду, мыслення, ад грамадзянскай пазіцыі чалавека».

Паводле педагога, Лукашэнка таксама не баіцца, бо страх звычайна блакуе дзеянне, а ён дзейнічае ўпэўнена, шукае выйсце са складаных для сябе сітуацый і знаходзіць іх. Ён зрабіў даўно свой маральны выбар і разлічваць на тое, што ён сам сыдзе, было памылкай.

Сілавікі гэтак жа не баяцца таго, што чыняць, і разумеюць, што робяць кепскае. Яны ўцягнутыя ў сістэму і не ведаюць, як з яе вырвацца, не бачаць моцнай альтэрнатывы, мяркуе педагог.

«Хіба яны не разумеюць, хто такі Лукашэнка? Яны зрабілі выбар, але чалавек заўсёды свабодны ў сваім выбары. Пайсці шляхам ілжы ці праўды».

Гэтую старонку немагчыма перагарнуць. Жорсткія ФОТЫ затрыманняў на пратэстах

Калегі палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча запусцілі сайт з яго працамі

У Вільні праходзіць канферэнцыя «Новая Беларусь», Латушка і Пракоп'еў патрабуюць стварэння ўрада АНЛАЙН

Клас
64
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
6