Фота: Facebook / WoW — Wolski o Wojnie

Фота: Facebook / WoW — Wolski o Wojnie

Польскае Radio Zet паведамляе, што ў сяле Пшэводаў (Пераводаў) паблізу ўкраінскай мяжы ўпалі дзве ракеты і трапілі ў зернесушылкі. Паведамляецца нават пра гібель двух чалавек. На месца здарэння прыбылі прадстаўнікі паліцыі, пракуратуры і войска.

У той жа час Radio Lublin паведаміла іншую версію. Інцыдэнт у Пшэводаве, маўляў, адбыўся каля 15:40 на перагрузачных вагах, куды заязджаюць трактары з грузамі. Гэтую інфармацыю радыёстанцыі пацвердзілі ў мясцовай паліцыі. Паводле папярэдніх высноў, трактар, які заехаў на вагі, раптам выбухнуў. Радыё таксама паведамляе пра гібель двух чалавек.

Пшэводаў (у беларускай і ўкраінскай традыцыі — Пераводаў) знаходзіцца прыкладна за 6 км ад польска-ўкраінскай мяжы.

У Варшаве склікана тэрміновае пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны.

Калі інфармацыя пра расійскі ракетны ўдар пацвердзіцца, гэта можа мець сур'ёзныя наступствы. Паведамляюць, што польскія ВПС паднялі ў паветра знішчальнікі з аэрадрома Тамашаў-Любельскі.

Сёння Расія выпусціла па ўкраінскіх гарадах 85 ракет, яны былі накіраваныя ў аб'екты грамадзянскай інфраструктуры. Паводле маніторынгавай групы «Беларускі гаюн», з тэрыторыі Беларусі запускаў ракет гэтым разам не фіксавалася.

Афіцыйнай інфармацыі пра тое, што здарылася, няма. Выбухі маглі быць вынікам падзення як саміх ракет, так і іх рэштак, збітых украінскай супрацьпаветранай абаронай.

Клас
11
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
42
Сумна
16
Абуральна
77