На нарадзе Аляксандр Лукашэнка падакараў айцішнікаў за 2020 год, «той мяцеж, які быў навязаны нашаму народу».

«Супрацоўнікі Парка высокіх тэхналогій праявілі сябе, мякка кажучы, не з найлепшага боку. <…> Мы бачылі і атрымлівалі звесткі напярэдадні гэтага мяцяжу, што будуць задзейнічаныя супрацоўнікі ПВТ як рухаючая сіла. І зноў жа, прызнаюся, што ні я, ні спецслужбы не надалі гэтаму належнай увагі. Мы проста адмахнуліся ад гэтага.

Я думаў, ну не можа ж быць, каб твае дзеці пачалі супраць цябе вайну. За гэта і паплаціліся. Аказваецца, што і такія дзеці могуць ваяваць супраць бацькоў, калі ім добра плацяць.

Гэта значыць, нашы людзі (гэта таксама трэба адкрыта прызнаць), якія працуюць у Парку высокіх тэхналогій, атрымліваюць прыстойныя даходы ў параўнанні з сярэдняй зарплатай у Беларусі, аддалі перавагу вялікім грашам і выконвалі каманды сваіх замежных гаспадароў, часцей за ўсё заакіянскіх», — сказаў ён.

Пасля гэтага, паводле Лукашэнкі, у грамадстве «прысутнічае нейкая насцярожанасць» у дачыненні да Парка высокіх тэхналогій, таму «прыйшоў час зняць нейкія непатрэбныя нам нюансы з функцыянаваннем ПВТ».

Пытанне вырашылася станоўча.

«Рэжым функцыянавання Парка высокіх тэхналогій застаецца ранейшым». Пра гэта паведаміў журналістам намеснік дырэктара Адміністрацыі ПВТ Кірыл Залескі па выніках нарады.

«Мы зыходзім з таго, што адкрываем новае дыханне для парка. За апошнія два гады наш IT-сектар, айцішнікі пабывалі ў розных сітуацыях. Большасць шматтысячнай арміі айцішнікаў працавала на эканамічны дабрабыт нашай краіны.

Вядома, былі і тыя, хто праявіў сябе не з самага добрага боку, унёс свой уклад у разбурэнне, у дэструктыўныя працэсы. Сёння мы зыходзім з таго, што гэту старонку перагортваем і працягваем працаваць на стварэнне, на ўмацаванне эканамічнай моцы нашай дзяржавы», — паведаміў ён.

Залескі нічога не сказаў наконт адтоку з ПВТ замежных кампаній і спецыялістаў. Ён сказаў, што зараз сферы ва ўсім свеце цяжка.

«Так здарылася, што IT-галіна ўсяго свету трапіла ў ідэальны шторм. Сёння ўсе глабальныя сусветныя карпарацыі скарачаюць супрацоўнікаў дзясяткамі тысяч чалавек. Па нашых ацэнках, гэты адток не такі вялікі. Мы разумеем, што ёсць абʼектыўныя і субʼектыўныя прычыны. Але ўсё ж мы прыхільнікі стрыманага аптымізму. Думаю, што ў выніку ўсё будзе добра», — выказаў ён аптымізм.

Парк высокіх тэхналогій ужо не раз хавалі ў некаторых СМІ, давалі яму змрочныя прагнозы. Але ён працуе, нягледзячы ні на што, і яшчэ парадуе краіну і здзівіць свет. Упэўненасць у гэтым выказаў журналістам дырэктар Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі.

Паводле яго, галоўны пасыл Лукашэнкі ў адносінах да ПВТ і ІТ-галіны застаецца, па вялікім рахунку, такім жа, якім ён быў на працягу многіх гадоў.

«Прэзідэнт базісна аднойчы вызначыў сваё стаўленне да IT-галіны, лічбавай галіны, да ПВТ (а ён яго вызначыў, калі ствараў парк), так яно і захоўвалася і захоўваецца. Можам сказаць, што кіраўнік дзяржавы яшчэ раз пацвердзіў дакладную, простую і непарушную пазіцыю: Беларусь і кіраўнік дзяржавы заўсёды падтрымлівалі высокія тэхналогіі, IT, ПВТ, і гэта захоўваецца.

Галоўны пасыл — сёння абавязкова трэба глядзець у будучыню, каб маглі спакойна і праграмісты, і кампаніі працаваць, ствараць, тварыць, ісці наперад», — сказаў Янчэўскі.

«Парк, створаны прэзідэнтам, быў гонарам краіны, і ён ім застанецца. І яшчэ парадуе краіну і здзівіць свет», — выказаў упэўненасць ён.

І сама нарада, і выступы пасля яе вылучаліся выключнай ліслівасцю і ўгодлівасцю да Лукашэнкі.

Віцэ-прэмʼер Мікалай Снапкоў, напрыклад, сказаў, што Парк высокіх тэхналогій быў створаны і атрымаў развіццё дзякуючы «кіраўніку дзяржавы». Ён звярнуў увагу на выбуховы рост эканамічных паказчыкаў ПВТ за апошнія 5 год і на абʼём экспарту парка, які фактычна адпавядае экспарту калійнай галіны краіны. І адбылося гэта, паводле Снапкова, дзякуючы Лукашэнку.

«Гэта сурʼёзны ўклад у экспарт і сальда [знешнегандлёвае], што для нас важна вельмі. І гэты выбуховы рост апошнія 5 гадоў — дзякуй вам», — звяртаючыся да Лукашэнкі, сказаў Мікалай Снапкоў. Ён адзначыў, што «ПВТ стаў прыкладам новага напрамку ў эканоміцы, створанага ў Беларусі пры непасрэдным удзеле і садзейнічанні прэзідэнта», піша БелТА.

Насамрэч роля Лукашэнкі ў стварэнні Парка была толькі ў тым, што ён даў згоду на яго — чаго не патрабавалася б у дэмакратычнай краіне. 

Клас
0
Панылы сорам
23
Ха-ха
47
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
13