Фота: Mary Long / shutterstock.com

Фота: Mary Long / shutterstock.com

Давайце дамо азначэнне паняццю «самаацэнка», перш чым абмяркоўваць, як яе павысіць. Самаацэнка адносіцца да таго, як мы ўспрымаем і наколькі паважаем сябе. Яна заснаваная на нашых поглядах і перакананнях пра сябе, і змяніць іх можа быць няпроста. Самаацэнка — гэта і пра ўпэўненасць у сабе. Ад яе ўзроўню можа залежаць, ці падабаецеся вы сабе і ці шануеце сябе як асобу.

Ваш жыццёвы досвед, пачынаючы з ранніх гадоў, уплывае на тое, як вы сябе бачыце. На самаацэнку ўплываюць перажытыя траўмы, значныя жыццёвыя змены і ваша асяроддзе. Праўда ў тым, што ваша пачуццё ўласнай годнасці магло растварыцца ў выніку таго, як да вас ставіліся ў мінулым, і меркаванняў пра ваша жыццё і рашэнні цяпер.

Але важна ведаць, што вы можаце павысіць самаацэнку, бо маеце кантроль над сабой. Вы можаце рабіць простыя, але рэгулярныя дзеянні, якія дапамогуць вам пачувацца лепш.

1. Свядома клапаціцеся пра сябе і рабіце гэта рэгулярна

Клопат пра сябе — гэта свядомы выбар, зроблены чалавекам, патрэба сачыць за сваім здароўем, як ментальным, так і фізічным. Гэта першы крок у развіцці пачуцця ўласнай годнасці.

Фізічныя практыкаванні, правільнае харчаванне, дастатковы сон, чытанне, выкарыстанне праграм медытацыі, сустрэчы з сябрамі, паходы да псіхолага і малітвы — гэта спосабы дасягнення гэтай мэты. Ваша здольнасць любіць розныя часткі сябе расце па меры таго, як вы паказваеце сабе самому, як шануеце сябе і сваё здароўе.

Нават калі спачатку гэта цяжка, то пасля ўвойдзе ў звычку. Тады ваша самаадчуванне будзе паляпшацца «на аўтамаце».

2. Перастаньце параўноўваць сябе з іншымі

Ваша самаацэнка не можа вызначацца іншымі людзьмі. Заўсёды знойдуцца людзі, якія здаюцца больш дасведчанымі або таленавітымі, чым вы, у любой сферы жыцця, але гэта не азначае, што вы недастаткова кампетэнтныя ці добрыя ў сваёй галіне.

Замест таго, каб параўноўваць сваё жыццё з жыццём іншых, вам варта думаць пра сябе найперш.

Тое, што лепш для вас, можа не пасаваць іншым, і наадварот. Прызнавайце сваю ўнікальнасць ў параўнанні з іншымі, але не забывайцеся, што ваш поспех ад іх зусім не залежыць.

3. Звяртайце ўвагу на ўласныя перамогі

Людзі з нізкай самаацэнкай часта спісваюць свае дасягненні на раптоўную ўдачу або выпадковасць. Замест таго каб падкрэсліць, як далёка яны прасунуліся, яны могуць, напрыклад, засяродзіцца на тым, наколькі яшчэ недасканалыя.

Вы павінны прызнаваць і святкаваць усе перамогі. Вы навучыліся размаўляць з сабой канструктыўна? Вы пазбавіліся ад нейкага страху або прыдбалі карысную звычку? Вывучылі нешта новае і паспрабавалі гэта на практыцы або вырашылі няпростую працоўную задачу? Гэта крута, вы малайчына!

Прымайце і смакуйце гэтае адчуванне ўпэўненасці і гонару. Вы ўбачыце, што развіццё пачуцця ўласнай годнасці дапамагае вам ставіцца да сябе прасцей, і гэта дапаможа вашай упэўненасці ў сабе.

4. Вызначце тое, што перашкаджае вам жыць (трыгеры), і адмяжуйцеся ад гэтага

Калі вы хочаце павялічыць колькасць пазітыву ў сваім жыцці, вам трэба спачатку ўсвядоміць, якія людзі, месцы і рэчы спрыяюць развіццю негатыўнага мыслення. Прагляд балансу вашага банкаўскага рахунка, ваша стужка ў сацыяльных сетках або сварлівы калега — усё гэта можа дрэнна ўплываць на вас.

Вельмі важна зразумець, як паставіць межы вакол гэтых трыгераў, як толькі вы іх вызначылі, каб не даваць ім падрываць вашу самаацэнку. Практыкуючы асертыўнасць (калі чалавек здольны сам уплываць на свае эмоцыі незалежна ад знешніх абставінаў — НН) і пазначаючы межы, вы не дадзіце людзям і абставінам кантраляваць або выкарыстоўваць вас.

Абазначэнне межаў на працы адрозніваецца ад таго, як гэта робіцца ў асабістым жыцці. Калі працоўны дзень заканчваецца, вы можаце папярэдзіць начальніка, што будзеце недаступным, і заглушыць паведамленні, каб захаваць баланс паміж працай і асабістым жыццём. Але, калі вы не ўмееце быць цвёрдым, вы не зможаце пазбегнуць зносінаў з сябрамі і прыяцелямі, з якімі не хочацца кантактаваць, і гэта будзе праблемай.

5. Не цыкліцеся на сваіх памылках, але рабіце з іх высновы

Спакойнае ўспрыманне сваіх памылак, якое дазваляе вам ясна бачыць сябе, развівае спачуванне да сябе і ўстойлівасць. Калі вы прымаеце рашэнне стварыць больш здаровую сувязь з сабой, вы закладаеце трывалы падмурак. Будзьце заўсёды найлепшай версіяй сябе, але прызнайце, што дасканаласць — гэта недасяжная мэта.

Прапануем вам практыкаванне: падумайце, якія тры высновы вы маглі б атрымаць з апошняй вашай памылкі. Толькі не вінавацьце сябе — будзьце канструктыўным, як калі б вы бесстаронна ацэньвалі іншага чалавека.

Вам будзе цяжка, калі вы будзеце спрабаваць павысіць сваю самаацэнку. Будуць моманты, калі вы будзеце адчуваць сябе прыгнечаным нізкай самаацэнкай. Паспачувайце сабе. Акрамя таго, што прагрэс не заўсёды ідзе ўгару, ён патрабуе часу.

Але вы можаце адчуць больш гонару за сябе і свае дасягненні па меры таго, як будзеце супрацьстаяць сваім негатыўным ідэям і пунктам гледжання. Вы будзеце задаволены сваім прагрэсам і адчуеце сябе гатовым вырашаць новыя задачы.

Святкуйце маленькія перамогі. Калі вы знойдзеце ўсяго адну стратэгію, якая палепшыць ваша самаадчуванне, — гэта ўжо дасягненне.

Клас
93
Панылы сорам
5
Ха-ха
6
Ого
10
Сумна
22
Абуральна
28