Іван Церцель, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Скрыншот з відэа

Іван Церцель, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Скрыншот з відэа

На гэтым тыдні чытачы «Нашай Нівы» паведамлялі пра хвалі затрыманняў у Брэсце і Брэсцкай вобласці.

У прыватнасці, масава затрымлівалі кіроўцаў-дальнабойнікаў. Затрымлівалі таксама людзей, якіх судзілі па артыкуле 23.34 у 2020 годзе. Працягваюць затрымліваць і рандомна: у пошуках беларускай і ўкраінскай сімволікі, перапостаў з незалежных рэсурсаў, кантактаў з незалежнымі структурамі.

Ëсць і іншая лінія затрыманняў. Па інфармацыі «Нашай Нівы», Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў Брэсце лепіць аналаг справы «Белага легіёна» — спрабуе даказаць, што мясцовыя гурткі па навучанні стральбе рыхтавалі людзей да паўстання супраць дыктатуры.

Нагадаем, што справа «Белага легіёна» ў 2017 годзе была шытая белымі ніткамі і развалілася. Імаверна, яна была прыдуманая, каб застрашыць народ падчас пратэстаў «недармаедаў».

Наша інфармацыя пра логіку затрыманняў на Берасцейшчыне пакуль фрагментарная.

У прыватнасці, як стала вядома «Нашай Ніве», камеры Івацэвіцкага РАУС, прызначаныя для ўтрымання людзей, затрыманых за адміністрацыйныя справы, перапоўненыя. Ізалятар «забіты, ажно сядзець не было дзе», — расказвае чалавек.

Калі вы маеце больш інфармацыі пра колькасць і логіку затрыманняў, напішыце нам у @nasa_niva_bot ці на [email protected]. Альбо асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

Усяго ў Беларусі з 2020 года заведзена да 12 тысяч палітычна матываваных крымінальных спраў, іх фігурантамі сталі дзясяткі тысяч людзей. Не менш за 50 тысяч чалавек прайшлі праз адміністрацыйныя затрыманні. Дакладныя лічбы невядомыя. З прапаганды, якой суправаджаюцца рэпрэсіі, вынікае, што лукашэнкаўцы помсцяць за 2020 год і хочуць дабіцца, каб беларусы больш ніколі не патрабавалі свабодных выбараў і права народа самому выбіраць уладу. Такіх масавых рэпрэсій за апошнія паўстагоддзя не ведала ніводная краіна Еўропы.

Клас
10
Панылы сорам
7
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
85